1. КАСТРОПАЛЬ
( з “Крымскіх нататкаў”)
Кастропаль…Гэта невялікі пасёлак, што прытуліўся на беразе Чорнага мора каля Фароса—самай “паўднёвай кропкі” Крымскага паўвострава. Ад трасы Ялта—Севастопаль туды вядзе невялікая дарога-серпанцін, паабапал якой растуць стройныя кіпарысы і туі. Аздабляюць асяроддзе сваёй незвычайнай зелянінай і прыгожыя сосны—шаты іх, як кіпень, сям-там дзіўнымі зеленаватымі аблокамі падымаюцца ўгару. А сакрэт гэтай пышнасці ў тоненькіх і вельмі доўгіх іголках, якія і ствараюць такое мудрагелістае ўражанне, калі здалёк паглядзець на хвою…
Увогуле ўвесь Крым звычайна падзяляюць на стэпавы, горны і паўднёвы. І калі першы з іх вельмі сціплы на расліны, то другі і асабліва апошні амаль поўнасцю патануў у зеляніне. Сваёй формай Крымскі паўвостраў нагадвае птушку, якая нібы ляціць з поўначы на поўдзень, лунаючы над Чорным морам. Нездарма вядомы чылійскі паэт Пабла Неруда назваў Крым “самым вядомым медалём на грудзях Зямлі”. А яшчэ, акрамя самога Чорнага мора, бадай галоўнай
асаблівасцю паўднёвага Крыма з’яўляюцца горы. Горны ланцуг—Ай-Петрынская, а потым Ялцінская яйла—апаясаў амаль усю паўднёвую частку паўвострава—з захаду на ўсход. А самыя знакамітыя вершаліны Крыма на слыху любога з нас. Ай-Петры, Аю-Даг( Мядзведзь-гара ). І калі апошняя нагадвае мядзведзя, які нахіліўся папіць вады ды і застыў на стагоддзі, то першая—гэта велічная зубчастая сцяна. Пільнае чалавечае вока можа адразу ўявіць сярэдневяковы замак на самым версе, куды, дарэчы, вядзе вялікая канатная дарога. А яшчэ гэтая горныя вяршыні, думаю,--мара любога альпініста. Знаходзячыся ля падножжа Ай-Петры, што цягнецца на многія кіламетры, уяўляеш сябе малюсенечуім стварэннем прыроды ў параўнанні з такім гігантам. Упершыню прыходзіць у галаву вельмі незвычайнае азначэнне—“ружовыя горы”. І гэта сапраўды так. Падсвечаныя паўднёвым крымскім сонцам, яны сапраўды пераліваюцца рознымі колерамі—ад цёмна-сіняга да ружовага…
Такім чынам, калі з’ехаць з шашы Ялта—Севастопаль пасля адпаведнага дарожнага ўказальніка, то, спусціўшыся па серпанціне ўніз, амаль да самага мора, можна трапіць у Кастропаль ( на карце Берагавое ). Тут ты раптам адчуваеш, што амаль поўнасцю ізаляваны ад цывілізаванага свету; што ўвесь цяжар—праца, іншыя жыццёвыя клопаты—больш не давіць на плечы; што ты ўрэшце рэшт зараз свабодны ад усяго і знаходзішся не толькі ў іншай дзяржаве, а і, здаецца, у іншым свеце…Насельніцтва пасёлка невялікае—у ім жывуць 360 чалавек (разам з дзецьмі). Ніякай інфраструктуры, акрамя магазінчыка, пошты і некалькіх маленькіх бараў, што знаходзяцца каля мора. Кастропаль знайшоў прытулак на шматлікіх тэрасах—ад трасы і да самага мора—і таму яго з упэўненасцю можна назваць “шматпавярховым”, хаця сапраўды шматпавярховы ( чатыры паверхі ) дом у пасёлку толькі адзін. Усё той жа серпанцін—цяпер ужо ў выглядзе бетонных лесвіц—прывядзе нас праз парк, у якім растуць ужо вядомыя кіпарысы і хвоі і дзе паветра насычана такім густым прывабным пахам, які, здаецца, можна зачэрпваць прыгаршчамі ці лыжкаю і піць, як жыватворны нектар, піць і ніколі не насычацца…Можна толькі ўяўляць, як выглядалі гэтыя сцежкі-дарожкі парку ў далёкія 60—70-я гады: да нашага часу захаваліся толькі бетонныя лесвіцы, рэшткі збудаванняў—сімвалаў савецкага часу, а таксама баракі—прафілакторыі, якія знаходзяцца зараз на балансе не Масквы, а “самостийной Украины”, а гэта таксама знайшло савё адлюстраванне ў знешнім выглядзе былых савецкіх здраўніц—паўсюль запусценне, былая веліч бачна толькі на набярэжнай. Стары пірс, іржавы, як стары, што ўспамінае сваю маладосць, пачціва схіліўся перад морам—сапраўдна вечнай стыхіяй, парад якой скараюцца стагоддзі і людскія лёсы. Гэты пірс быццам падзяляе бераг на дзве часткі: левая, што падзелена хвалярэзамі на тры часткі і дзе звычайна загараюць людзі; і правая, дзе набярэжная амаль поўнасцю ўсеяна каменнем рознага памеру—ад невялікіх булыжнікаў да агромністых скал, што захаваліся яшчэ з сівой старажытнасці і сваёй веліччу ў наш час надаюць усяму берагу нейкі вычварны выгляд…
Наша часовае прыстанішча—гэта пабудова над гаражом, трапіць у якую можна толькі падняўшыся па крутой чырвонай металічнай лесвіцы. Гэта невялічкі пакой, на другім баку якога ( супрацьлеглым ад уваходу ) выхад на балкончык. З яго адкрываецца цудоўны від на мора, што звычаўна афарбавана ў розныя часы па-рознаму: металічна-шэрае ўранку ці ў дождж, цёмна-блакітнае ўдзень і чорнае з серабрыстым бляскам ад Месяца ўначы. Справа і ззаду, ад самага Фароса, паўстае вялізны горны ланцуг, часткова пакрыты зелянінай. А ля самай бухты, знаходзіцца самая знакамітая ў гэтай мясцовасці гара Іфігенія, якая на фоне астатніх вяршынь здаецца не такой велічнай, хаця ўтварае мыс вышынёй 100 метраў над узроўнем мора. Затое яна мае сваю гісторыю, таму што яе назва звязана з імем дачкі гамераўскага героя Агамемнана, удзельніка Траянскай вайны. Паслухайце ж і вы яе…
…Шматлікае грэчаскае войска сабралася ў паход на Трою. Але вось ужо некалькі дзён караблі стаялі ля берага і не маглі адплысці: не было папутнага ветру. Вецер дзьмуў зусім у другі бок—яго паслала багіня Артэміда, якая раззлавалася на грэчаскага цара Агамемнана за тое, што той забіў яе свяшчэнную лань. Дарэмна чакалі грэкі—вецер не слабеў, дзьмуў у тым жа накірунку. У краіне пачаліся хваробы, сярод ваяўнікоў падняўся гоман. Нарэшце прарок Калхас абвясціў:”Толькі тады зміласцівіцца багіня Артэміда, калі прынясуць ёй у ахвяру прыгожую дачку Агамемнана Іфігенію.”Смутак, адчай запаланіў душу грэчаскага цара. Няўжо наканавана лёсам застацца яму без любай дачкі? Прыгожая і гордая Іфігенія прайшла прамеж несканчоных радоў воінаў, спынілася каля ахвярніка і стала побач з ім. Заплакаў Агамемнан, убачыўшы сваю юную дачку, і, каб не бачыць яе смерці, закрыў твар шырокім плашчом. Спакойна стаяла каля ахвярніка Іфігенія. Усе захоўвалі глыбокае маўчанне. Прарок Калхас узяў ахвярны нож і паклаў яго ў залаты кошык. На галаву дзяўчыны ён паклаў вянок. Выйшаў з радоў воінаў Ахіл. Ён узяў сасуд са свяшчэннай вадой і ахвярную муку з соллю, акрапіў вадой Іфігенію і ахвярнік і звярнуўся да Артэміды з наступнымі словамі:”Усемагутная багіня Артэміда! Зрабі плаванне нашага войска да траянскіх берагоў шчаслівым і дай нашым воінам перамогу над ворагам!” З гэтымі словамі ўзяў Калхас у руку ахвярны нож і занёс яго над Іфігеніяй. Але не ўпала з перадсмяротным стонам дзяўчына. Замест яе ля алтара, акрапляючы яго крывёю, білася ў перадсмяротных сударгах лань. Гэта быў вялікі цуд: багіня Артэміда пашкадавала Іфігенію і захавала ёй жыццё—паслала на ахвярнік лань. Уражаныя цудам, як адзін чалавек, ускрыкнулі усе воіны, пачуўся голас здзіўленага Калхаса:”Вось тая ахвяра, якую патрабавала вялікая Артэміда—дачка грамавержца Зеўса! Радуйцеся, грэкі, прадказвае багіня нам шчаслівае плаванне і перамогу над Трояй!”І сапраўды, не спалілі яшчэ на ахвярніку лань, як падзьмуў папутны вецер. Не трацячы часу, грэкі пачалі рыхтавацца да адплыцця. Багіня Артэміда, выкраўшы ля ахвярніка Іфігенію, перанесла яе на бераг Эўксінскага Понта ў далёкую Таўрыду. Там Іфігенія стала жрыцай у храме багіні Артэміды.
Мінула шмат гадоў. Арэст, брат Іфігеніі, які ўжо ператварыўся ў смелага, мужнага воіна, адправіўся разам са сваім сябрам Піладам у невядомую краіну Таўрыду. Ён павінен быў прывезці адтуль свяшчэнную статую Артэміды. Схаваўшы свой карабель ля прыбярэжных скал, адважныя падарожнікі ступілі на чужую зямлю. Тут іх чакала вялікая небяспека. У таўраў, мясцовых жыхароў, існаваў звычай забіваць чужынцаў і прыносіць іх у ахвяру багіні Артэмідзе. Жрыца, якая не ведала шлюбнага факела, звычайна прыводзіла чужынца да алтара, і той падаў пад ударам яе мяча. Галава ахвяры ўмацоўвалася каля храма на высокім слупе. Арэст, вядома, і падумаць не мог, што гэты сумны абрад праводзіць яго сястра Іфігенія. Адважныя падарожнікі непрыкметна падышлі да храма Артэміды. Гэта быў вялізны будынак, які абапіраўся на шматлікія калоны. Да яго вяла шырокая, у сорак прыступак, мармуровая лесвіца. Каля храма стаялі слупы з чалавечымі галовамі наверсе. Зразумеўшы, што ўдзень статую Партэміды выкрасці не ўдасца, Арэст і Пілад схаваліся і пачалі чакаць ночы. Але здарылася так, што варта заўважыла іх раней. Іх схапілі і, звязаных, адвялі да цара Фаапта. Цар спачатку спытаў у палонных, адкуль яны і навошта прыбылі ў яго краіну, а потым абвясціў, што паводле мясцовых звычаяў, іх прынясуць у ахвяру багіні Артэмідзе. Раніцай звязаных Арэста і Пілада прывялі ў храм, дзе ля алтара, зробленага з беласнежнага мармуру, дзе іх ужо чакала жрыца. Акрапіўшы прышэльцаў вадою, абвязаўшы іх скроні, Іфігенія прамовіла:”Прабачце, юнакі, я не па сваёй волі здзяйсняю гэты жорсткі абрад. Такі звычай ёсць у мясцовага племені. Скажыце мне, хто вы?” Пачуўшы ў адказ, што яны грэкі і абодва з роднага ёй горада, Іфігенія ўсхвалявана сказала:”Няхай адзін з вас будзе ахвяраваны нашай святыні, а другі адвязе вестку ад мяне на радзіму.” Арэст і Пілад заспрачаліся. Пілад, жадаючы выратаваць сябра, стаяў на тым, каб паехаў Арэст. Той жа гаварыў, што менавіта ён павінен памерці на чужбіне. Пакуль юнакі спрачаліся, каму памерці, Іфігенія пісала пісьмо свайму брату, якога пакінула калісьці яшчэ немаўляткам. І толькі калі Іфігенія працягнула Арэсту пісьмо, яны пазналі адзін аднаго. Вельмі ўзрадаваліся ўсе трое такой нечаканай сустрэчы і пачалі думаць пра тое, як ім выратавацца і як выкрасці свяшчэнную статую Артэміды. І рашылася Іфігенія на падман. Яна абвясціла цару таўраў Фаапту, што статуя Артэміды апаганена і што патрэбна абмыць у моры і яе, і ахвяры—двух чужаземцаў. Згадзіўся на гэта Фаапт. У святочнай працэсіі пайшла Іфігэнія з іншымі жрыцамі на бераг мора да таго месца, дзе быў схаваны карабель. Жрыцы неслі статую Артэміды, а воіны цара вялі звязаных Арэста і Пілада. На беразе Іфігенія загадала воінам пакінуць іх, паколькі тыя не павінны былі бачыць таямнічага абраду. Калі воіны пайшлі, сястра кінулася збратам і яго сябрам на карабель. Падазроным падалося таўрскім воінам, што так доўга працягваецца абрад. Яны вярнуліся на бераг, і, на сваё здзіўленне, убачылі за скалою чужы карабель, на якім палонныя і жрыца ўжо хацелі збегчы. Кінуліся воіны на карабель, пачалася бітва. І хаця воінаў было шмат, Арэст і Пілад прымусілі іх павярнуць назад. Не паспеў ганец паведаміць таўрскаму цару Фаапту пра гэта здарэнне, як грабцы селі на вёслы, і грэчаскі карабель выйшаў у адкрытае мора…
… Да вершаліны гары цягнецца пакручастая тропка, шлях па якой займае каля пятнаццаці хвілін. Дайсці да яе вершаліны даволі няпроста, бо схілы Іфігеніі крутыя, а тропка маленькая, цягнецца над абрывам, таму вандроўніку перш за ўсё неабходны запас смеласці. Але той, хто ўзыдзе нарэшце на гару, убачыць на вяршыні крыж—памяць аб наведванні гэтых мясцін паломнікамі. Шмат стагоддзяў узіраецца прыгажуня Іфігенія ўдалеч, туды, дзе далёка-далёка за морам ляжыць краіна міфаў і легенд—Грэцыя, радзіма нашай гераіні.
6.07.2007г.


