Доля добрая – дык і жыцце добрае
Кожнаму чалавеку, як толькі ён з’явіцца на белы свет, даецца доля. Каму якая трапіць доля, такое ў яго і будзе шчасце. I што ты ні рабі, як ні выжыльвайся, а нічога не парадзіш, як выпала благая доля. А калі яна спрыяе, дык хоць на печы ляжы і грэйся ад раніцы да вечара, а табе ўсё добрае само так і сыплецца, быццам збожжа ў млыне.
Вось расказваюць старыя людзі, што ў адным краі жылі сабе чалавек з жанчынаю. Пабраліся яны яшчэ маладыя, надыходзіць старасць, а дзетак усё няма і няма. Вядома, мужыку не было калі бедаваць. Як пойдзе ў лес на паляванне ці лавіць рыбу, дык цалюткі дзень яго няма. Цягаецца па гушчары ці па балоце, стоміцца да вечара, а як прыпляцецца дамоў, хутчэй падсілкуецца, што Бог дасць, дый заваліцца спаць. А жанчына, кожны ведае, усё каля хаты таўчэцца, няма ёй калі ад гаспадаркі адлучыцца. Дык вось яна пакорміць свіней і астатнюю дробную жыўнасць, сядзе на лаву каля акна, падапрэ рукою голаў і сядзіць засмучаная, бьщцам кагосьці пахавала. Няцяжка здагадацца, якое ў кабеты жыццё, калі ў яе няма дзетак.
Аднаго дня сядзела яна так каля акна, а насупраць хаты спыняецца старэнькі дзядок і просіць даць яму вады напіцца. Жанчьша падала старэнькаму конаўку бярозавага квасу. Напіўся падарожнік, выцер свае сівыя вусы і бараду, а потым пытаецца ў гаспадыні, чаму яна такая засмучаная.
— А чаго ж мне радавацца,— кажа яна,— калі Бог не даў мне ўцехі — дзетак не паслаў...
— Дык на вось, дапі гэты квас,— падаў ёй назад конаўку дзядок,— і будуць у цябе дзеці.
Не паспела кабета і здзівіцца, як падарожнік кудысьці знік. Здагадалася яна, што гэта быў не просты дзядок, а сам Бог, паслухалася і дапіла з конаўкі квас.
Мінула некалькі тыдняў, і адчула тая жанчына, што сапраўды зацяжарала. Радая, быццам нанова на свет нарадзілася. Але вось надыходзіць час і самой нараджаць. Прыгатавала яна пялёнкі, кашулькі і астатняе ўсё, што трэба, чакае не дачакаепда, калі ўжо з’явіцца дзіцятка. I вельмі ёй захацелася наперад ведаць, хто ў яе будзе — хлопчык ці дзяўчынка. Давай радзіцца з бабамі, ці можна даведацца. Тыя падумалі-падумалі і навучылі, што трэба зрабіць, каб прыснілася, якое будзе дзіця — дзяўчынка ці хлопчык. Зрабіла жанчына ўсё, што парадзілі ёй бабы, і легла спаць. Толькі яна прыкархнула, як раптам пакінула сваё цела і зрабілася лёгкая-лёгкая, быццам матылёк. Выйшла спачатку ў садок. А ён увесь цвіце, як мак. I такі ад яго пах ідзе, што словамі не пераказаць. Панюхала жанчына тыя салодкія пахі, і зрабілася ёй так весела, аж давай яна пляскаць у ладкі. Пляснула адзін-другі раз, а ногі раптам аддзяліліея ад зямлі, і паляцела яна над агародчыкам, дзе раслі кветкі, па садку паляцела, ды так хутка, ажно галінкі хвошчуць па твары. Праз якую хвілінку зірнула яна ўніз, а над ёю блішчыць рака, па берагах, нібы трава-мурава, зелянее лес. А навокал так прыгожа, так радасна свеціць сонейка!
Ляцела яна, ляцела і спынілася на высокай гары. Прыгледзелася — аж на поплаве сярод кветак скачуць і качаюцца па траве тры маладыя, вельмі прыгожыя дзяўчыны. Пакупаюцца ў траве, выскачаць на бераг і галюткія, як маці нарадзіла, качаюцца па мураве. Доўга яны так гулялі, нарэшце пачалі плесці вянкі.
Адна спляла вянок з асоту і чартапалоху дый кажа:
— Вось такое будзе жыццё ў таго чалавека, у каго я стану доляй.
Другая спляла вянок з галінак лазовых і калінавых.
— А я,— прамовіла яна,— доля рыбака і паляўнічага.
Трэцяя ж — самая прыгожая дзяўчына — спляла сабе вянок з жытніх і пшанічных каласкоў і ўбрала яго ўсялякімі лугавымі кветкамі.
— А я,— сказала яна,— шчаслівая доля гаспадара.
«Вось каб выпала гэтая доля майму дзіцятку»,— па думала жанчына.
А прыгажуні тым часам надзелі сабе на голаў вянкі, узяліся за рукі і давай гойсаць па поплаве. Гойсалі яны, гойсалі і ўсё бліжэй ды бліжэй да жанчыны падбягаюць. Нарэшце спыніліся каля яе непадалёку і гамоняць паміж сабою:
— Вунь тая жанчына, што сядзіць на горцы, хутка народзіць хлопчыка. Дык хто з нас будзе яму доляю?
Доўга яны спрачаліся: адна кажа —я, другая — я, трэцяя сабе крычыць — я. Ніяк не могуць прыйсці да згоды. Потым згадзіліся зрабіць так, як Бог пашле.
— Я падкіну ўгору кветку,— кажа доля-прыгажуня ў вянку з пшанічных і жытніх каласкоў,— і хто з нас зловіць яе, такую долю і прысудзіць Бог хлопчыку.
Вырвала шчаслівая доля з свайго вянка кветку і шыбанула яе з усёй сілы ўгору. Ды так моцна шыбанула, ажно кветка схавалася за воблакамі. Праз некалькі хвілін ляціць назад. Выцягнулі долі рукі ўгору, каб злавіць кветку, а тут раптам наляцеў віхор — шпурляе кветачку ў бакі, а заадно і саміх долей. Лавілі яны, лавілі — стаміліся, засапліся.
I ўсё-такі шчаслівая доля гаспадара апярэдзіла сваіх сябровак і заткнула яе сабе ў валасы.
I адразу ўсё навокал яшчэ мацней замітусілася. Долі невядома куды зніклі, а жанчына паляцела назад да свайго цела. I толькі яна вярнулася ў хату — схапілі болі, і неўзабаве нарадзіўся ў яе прыгожы хлопчык.
Кажуць, быў ён такі шчаслівы, што мо другога такога шчасліўчыка ва ўсім свеце не было.
Дык вось ад каго доля.


