05.07.2013 Команда РУП ЖКХ стала победителем районного туристического слета

Кожны год у чэрвені прывітальныя зыкі турысцка-спартыўнага злёту збіраюць аматараў здаровага ладу жыцця на беразе возера Медзазол ля вёскі Бірулі. За прызавыя месцы ў гэтым сезоне змагалася восем каманд працоўных калектываў раёна. У саставе кожнай было больш моладзі. Арганізатарам выступіў аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і РК ГА “БРСМ”. Двухдзённую спартыўную падзею прысвяцілі Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У асноўным усе каманды – бывалыя: РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, РВЭС, ПМК № 52, РЭС, “Хлебазавод” і РАА. Яны з радасцю прымалі ў сваё турыстычнае “брацтва” навічкоў – каманды ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця злёту начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Кашчэеў асобна адрасаваў словы павагі новым камандам. Усім жадаў добрага настрою, поспехаў у спаборніцтвах, выдатнага надвор’я і прыемнага адпачынку. Традыцыйнае ўзняцце Дзяржаўнага сцяга і гімн Беларусі надалі падзеі сур’ёзнасці і ўсялілі дух перамогі.

У праграму мерапрыемства ўваходзіла 6 турысцка-спартыўных відаў. Спартсмены выкладваліся напоўніцу. Не змаўкалі воклічы балельшчыкаў. Са строгай перыядычнасцю ў выніковы пратакол упісваліся балы, што яшчэ мацней за гарачае сонца распальвалі саперніцкі запал.

Каб доўга не таміць нашых чытачоў, адразу назавём пераможцаў:

НЕ нашли? Не то? Что вы ищете?

Першае месца – у каманды РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік. Другое – заняла каманда раённага аддзела адукацыі райвыканкама. На трэцяй пазіцыі – сувязісты.

“Если мы едины – мы непобедимы”

Такі дэвіз быў у каманды камунгаса. Ён быў цалкам пацверджаны. У РУП ЖКГ даўно склалася моцная турысцка-спартыўная група. За ўсю гісторыю раённага турзлёту яна ніколі не апусцілася ніжэй за другую прыступку на п’едэстале. Перамогу ў каманды апошні час маглі “вырваць” толькі РВЭСаўцы. Аднак у гэтым годзе РУП ЖКГ трыумфальны факел утрымала.

У сёлетнім турзлёце камунгасаўцы занялі прызавыя – другія – месцы ў пяці іспытах. Вялікі ўклад у перамогу ўнёс турзлётавец з вялікім стажам Ігар Галінскі. Ён, як звычайна, выступаў у горна-турыстычнай эстафеце. За другое месца ў паліатлоне каманда абавязана Ігару Вайцяховічу, Андрэю Жалняровічу і Вользе Яблакавай. Дарэчы, Вольга ў прадпрыемстве – малады спецыяліст. Яна адразу далучылася да спартыўных актывістаў штата і ўжо другі год на турзлёце дабаўляе калегам у турнірную табліцу пераможныя балы. Мастацкую самадзейнасць “выцягнулі”, дзякуючы музыкальным і вакальным здольнасцям Дзмітрыя Марковіча. Пад акампанемент яго баяна выдатна гучалі патрыятычная “Дзень Пабеды” і жартоўная, перакладзеная на турыстычную тэматыку, “Пусть бегут неуклюже”. Не было б перамогі без валейбалістаў, а таксама без мастакоў, якія малявалі турыстычную газету “Будні злёту”.

– Шмат значыць падтрымка кіраўніцтва прадпрыемства, – гаворыць прадстаўнік каманды-пераможцы Аляксандр Чарапачэвіч, – а яшчэ – згуртаванасць калектыву і настроенасць яго толькі на перамогу. У гэтым годзе быў вялікі інтарэс спаборнічаць, бо сапернікаў прыбавілася, – адзначыў ён.

Зараз каманда РУП ЖКГ рыхтуецца да абласной галіновай спартакіяды. Яе састаў будзе большым за 30 чалавек.

“Нельга не праводзіць”

Каманда раённага аддзела адукацыі райвыканкама ў прызёрах таксама ходзіць не першы раз. У яе саставе ёсць спартсмены, турзлётаўскі стаж якіх лічыцца дзясяткамі гадоў, – гэта Геннадзій Шульга, Юрый Шылавіч, Аксана Палачаніна, Таццяна Адзінцова. Да іх далучылася і моцная маладая змена – Міхаіл Савіцкі, Вікторыя Лямец, Сяргей Шчалкуноў, Аляксандр Самохін і іншыя. Касцяк каманды РАА складаюць настаўнікі Парплішчанскай школы. Сёлета работнікі адукацыі былі самымі моцнымі ў валейболе і горна-турыстычнай эстафеце. З камандай камунгаса падзялілі другое месца ў конкурсе мастацкай самадзейнасці. Прызавыя балы за вядзенне быту таксама наблізілі іх да другога каманднага месца.

– Турыстычны злёт нельга не праводзіць! – заявіла дырэктар Парплішчанскай школы Аксана Эдуардаўна Палачаніна. – Ёсць людзі, а іх у нашай камандзе большасць, якія чакаюць гэтай падзеі, сур’-ёзна рыхтуюцца да яе.

У гэтым годзе сувязісты выступалі аб’яднанай камандай работнікаў пошты і “Белтэлекама”. Спартсменаў РВЭСа заўсёды лічаць моцнымі сапернікамі, бо некалькі год запар яны ўпэўнена трымалі лідарства на раённых турыстычных злётах.

– Зараз саступілі з вышэйшай прыступкі п’едэстала, таму што ў саставе з’явіліся навічкі? – пытаемся ў прадстаўніка каманды Віктара Шаўцова.

– Абсалютна не так! – як быццам пакрыўдзіўся ён. – Наадварот, мы вельмі задаволены дастойнаму прыбаўленню ў камандзе. Проста, сапернікі былі моцнымі, – шчыра адказаў Віктар.

У скарбонцы сёлетніх здабыткаў каманды на злёце – першае месца ў конкурсе мастацкай самадзейнасці, два другіх – у конкурсах турыстычнай газеты і быту. Трэцяе – у горна-турыстычнай эстафеце. Агульным вынікам каманда задаволена.

Заявілі пра сябе

Не пайшла комам першая турзлётаўская спроба ў каманд-навічкоў. Напрыклад, зборная ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне стала пераможцай у конкурсе турыстычнай газеты, а таксама была ўзорнай у вядзенні быту. Трэцяе месца заваявала ў паліатлоне, усяго адну прыступку да прызёрства саступіла ў мастацкай самадзейнасці – і ў выніку заняла чацвёртае каманднае месца.

Моладзевая каманда ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання годна выступіла ў горна-турыстычнай эстафеце, заняла чацвёртае месца.

– Абсалютна не шкадуем, што прынялі ўдзел у турзлёце, – гаварылі юнакі і дзяўчаты сельскагаспадарчай каманды, – мы павучыліся ў іншых арганізацыі і згуртаванасці. У наступным годзе будзем самі прэтэндаваць на перамогу, – усміхаліся маладыя людзі. – Да гэтага часу мы адзін з адным нават не былі знаёмыя. А ў наступны раз ужо па праве назавёмся камандай!

Дастойныя вынікі паказалі каманды ПМК № 52, хлебазавода і РЭСа, у кожнай з іх ёсць свае прызавыя месцы ў асобных відах спаборніцтваў.

Пераможцы і прызёры атрымалі граматы і памятныя падарункі.

Аж да наступнага сезона ўдзельнікам турзлёту хопіць уражанняў ад прыемнага баўлення часу ў акружэнні аднадумцаў... і ціхага трэску вячэрняга кастра, і рамантычных гукаў гітарнай струны, і смаку духмянай юшкі ў калысцы самой прыроды...

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Варанковіча.