ЗВЯЗДА
24.11.2011 № 000

24 лiстапада 2011 года
№
Пытання выбару не стаяла
Мы прывыклі чытаць у газетах пра жанчын, якія выгадавалі, вывучылі за сваё жыццё сваіх дзяцей. Вывелі іх у людзі, як кажуць. І гэта і правільна, і важна. Аднак ёсць і тыя, для каго мацярынства яшчэ зусім новае, хто толькі-толькі нарадзіў немаўлятка. І ўсе адчуванні для іх вельмі незвычайныя. Яшчэ нядаўна яны самі былі бесклапотнымі дзяўчатамі і ні пра што не дбалі. А сёння яны ўжо маладыя мамы. Я сустрэлася з маладой мамай — студэнткай архітэктурнага факультэта БНТУ Вольгай Трабянок — і распытала яе пра студэнцтва і мацярынства.
|
Маладая мама і студэнтка архітэктурнага факультэта Вольга Трабянок. |
— Воля, кім ты зараз сябе больш адчуваеш, студэнткай ці маладой мамай?
— Складанае пытанне, каб усё было так проста, усе студэнты адразу б нараджалі дзяцей і вучыліся на дзённым аддзяленні.
(Гэтае пытанне вельмі ўзрушыла Волю, і яна яшчэ не раз падчас нашай размовы будзе спрабаваць даць мне адказ на яго).
— Раскажы тады з практычнага боку, як сумяшчаеш вучобу на дзённым і догляд дзіцяці?
— Я паступала ў БНТУ пасля тэхнікума, і некалькі першых гадоў у нас быў скарочаны курс, таму я мела вольны час. І ў нас было свабоднае наведванне пар. А зараз дзейнічае праграма, якая называецца прыкладна так: "Мы зацвярджаем вольнае наведванне". Я пішу даты і пары, якія магу наведаць, а выкладчыкі іх зацвярджаюць. Сэнс у тым, што ты ходзіш ва ўніверсітэт, калі маеш магчымасць.
— А зараз хто з тваім дзіцем?
— Сыну ўжо два гады, і я ваджу Мішу ў дзіцячы садок.
— А да гэтага, калі ён быў яшчэ зусім маленькім, з кім ты яго пакідала, калі ішла на пары?
— У некаторыя дні была магчымасць пакідаць яго з бацькамі мужа. Мой свёкар — ваенны пенсіянер, таму меў час пабыць з унукам.
— Атрымліваецца, ты была на трэцім курсе, калі даведалася, што чакаеш дзіця. Якімі былі твае першыя адчуванні?
— Шчасце. Пытанне выбару не стаяла. Маючы вольнае наведванне, можна сумяшчаць гадаванне дзіцяці і вучобу. Магчыма, на іншых спецыяльнасцях — юрыдычнай, медыцынскай, — гэта было б складана.
— Муж цябе падтрымлівае, дапамагае з дзіцем?
— Пакуль дзіця было зусім малое, ён падтрымліваў мяне хутчэй маральна — усё роўна ўсе клопаты на маме. Але калі сын стаў больш свядомым, ён стаў з ім гуляць, знаходзіць розныя рухомыя заняткі. І кніжкі яму пастаянна чытае, і тлумачыць усё. Дарэчы, тлумачыць малому муж пачаў, калі яму і месяца не было. І зараз, у два годзікі, Міша разумее, як працуе кандыцыянер, і самалёт, што пралятае, можа паказаць.
— Ці змянілася тваё кола стасункаў пасля таго, як з'явілася дзіця? Ці не разышліся інтарэсы з незамужнімі сяброўкамі?
— Ва ўніверсітэце аднагрупнікі на некалькі гадоў маладзейшыя за мяне, таму што я пасля каледжа. Аднак усе мае блізкія сяброўкі замужнія, маюць ці чакаюць дзяцей. Ды і на факультэце на пятым курсе ўжо шмат жанатых, таму ўсе адзін аднаго добра разумеюць. Мы і час нармальна бавім. Калі Міша быў зусім маленькім і была магчымасць яго пакінуць з бацькамі мужа, ездзілі на горных лыжах катацца. А як стаў старэйшым — з ім разам едзем, і на рэчку катацца, і проста так. Дзіця не абмяжоўвае бацькоў, калі яны самі сабе не паставяць такія планкі. Можна разам адпачываць, але без фанатызму. Я ведаю адну матулю, якая са сваім дзіцем у Індыю ездзіла. Аднак гэта ўжо занадта. Усё залежыць ад жадання і ўнутранай свабоды. Больш складана з практычнага боку, калі дзіця не высыпаецца і не ведаеш, колькі штаноў яму з сабой браць...
Вольга сама вырашыла вярнуцца да майго першага пытання і ўсё ж даць на яго адказ:
— Час ідзе. Па выхадзе з універсітэта мне будзе 25. Пакуль уладкуюся на працу — яшчэ нейкі час. І што, адразу ісці ў дэкрэтны водпуск? Многія так і робяць. Але хочацца і папрацаваць. Дарэчы, у радзільні ніяк не магла прывыкнуць, што мяне называлі "жанчына". Зразумела, хоць табе і 16, але ты ляжыш у радзільні — значыць, ты жанчына. Алё ўсё роўна было нязвыкла, што ляжыш на ложку, даносіцца зварот "жанчына" і пасля ты разумееш, што гэта да цябе.
Наконт таго, як сумяшчаць студэнцтва і мацярынства, — ёсць свае складанасці, каб аддаць дастаткова часу і дзіцяці, і вучобе...
— А мужу?
— Яму штаны не трэба мяняць па 4-5 разоў. Добрыя адносіны — гэта сумесны клопат пра дзіця. Калі не адна маці ўсё робіць. Разам праводзіць час са сваім дзіцем — гэта зусім іншае адчуванне.
Напрыканцы я заўважыла, што на маім патоку чацвёртага курса факультэта журналістыкі, у адрозненне ад іх архітэктурнага, толькі тры замужнія студэнткі, з якіх адна нядаўна зацяжарала. На гэта Вольга заўважыла, што журналісты іншыя людзі, яны вельмі мэтанакіраваныя, бачаць перад сабой канкрэтную праблему. А архітэктары — больш творчыя асобы. Яны атрымліваюць асалоду ад назірання, ад сваіх ідэй і задумак, ад кахання, ад сям'і. Яны рамантыкі. Вельмі цікава мець свой праект спачатку толькі ў сваёй галаве, а пасля бачыць, як ім ужо карыстаюцца людзі... Зноў заўважу, гэта сказала маладая мама...
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ



