З архiтэктурнай спадчыны Расоншчыны
Эвалюцыя беларускага дойлiдства, самабытнасць якога вызначалася канфлiктным рэлiгiйным процiстаяннем, мэтанакiраваным уплывам заходнееўрапейскай i рускай будаўнiчых культур, толькi фрагментарна адлюстравана ў нешматлiкiх помнiках архiтэктурнай старадаўнасцi Расоншчыны, што збераглiся, i знаёмства з якiмi дазваляе прасачыць гiсторыю краю, мастацкiя пошукi i творчыя калiзii.
Беларуская зямля, якая на працягу стагоддзяў з'яўлялася плацдармам жорсткix бiтваў, была ўсеяна крэпасцямi i замкамi. Найстаражытнейшы вядомы гicторыка-архiтэктурны комплекс краю, помнiкi яго манументальнага ваеннаабарончага дойлiдства - крэпасць Сокал, ад якой захавалася толькi ўзвышаная трохвугольная пляцоўка за 1,5 кiламетра ад в. Кульнева. Крэпасць была збудавана на высокiм узвышшы ў стратэгiчна i фартыфiкацыйна адпаведнай мясцовасцi пры злучэннi рэк Нiшча i Дрыса, якiя прыкрывалi цытадэль з двух бакоў; з трэцяга яе абараняў вал працягласцю 200 м i вышынёй да 10 м. Паводле плaнipoўкi фартыфiкацыйнае ўмацаванне можна аднесцi да цытадэлi-замка. Гэта быў еўрапейскi тып рыцарскага замка, прынесены на Беларусь з Нямеччыны i скандынаўскiх краiн, якi ўзводзiўся у цяжкадаступных мясцiнах, звычайна на прамавугольнай пляцоўцы. Крэпасць Сокал была абкружана магутнай сцяной з вуглавымi i франтальнымi абарончымi гранёнымi вежамi, завершанымi спiчастымi шатрамi, узнятымi на магутныя канiчныя п'едэсталы. У ix архiтэктуры прасочвалiся элементы рэнесансу. У цэнтры прамалiнейнай франтальнай сцяны буйным чатырохгранным аб'ёмам выступала арачная ўязная брама. Унутры крэпасць была шчыльна забудавана драўлянымi жылымi дамамi, над якiмi высока ўздымалася царква. У час Лiвонскай вайны аблога крэпасцi скончылася яе разбурэннем войскамi Рэчы Паспалiтай у 1579 г.
Да канца 17 ст. крапасное будаўнiцтва спынiлася ў сувязi з развiццём разбуральнай гарматнай зброi, якая рабiла замкi прыступнымi. На змену абарончым феадальным рэзiдэнцыям прыйшлi рэпрэзентацыйныя палацава-сядзiбныя комплексы, будаўнiцтва якiх было пашырана на Беларусi ў другой палавiне 18-19 ст. У сваiх вотчынах землеўладальнiкi стваралi самыя разнастайныя па памерах i мастацкiх якасцях архiтэктурна-паркавыя рэзiдэнцыi - ад невялiкiх дамоў дробнапамесных шляхцiцаў да буйных палацаў заможных магнатаў.
Сядзiба памешчыка Гласка ў Расонах была ўзведзена ў 1900 г. на беразе аднайменнага возера, у акружэннi парка са стаўком. Будынак у выглядзе гатычнага палаца вылучаецца маляўнiчасцю, шматпланавасцю архiтэктурнай кампазiцыi i разнастайнасцю яе вiзуальных успрыняццяў. Для стварэння сярэдневяковай вобразнасцi шырока прыцягваюцца неагатычныя формы: гранёныя вежачкi з машыкулямi, перспентыўныя стральча тыя вокны, контрфорсы, спiчастыя i зубчастыя франтоны i шчыты, струны крапаваных лапатак, вуглавы руст. Расонскi палац узняты на магутны бутавы падмурак; план будынка складанай канфiгурацыi за выгiнамi калiдораў, патаемнымi лесвiчкамi, разнастайнымi заламi i iнтымнымi пакойчыкамi. У адпаведнасцi з планам яго прасторавая кампазiцыя набывае актыўна дынамiчную асiметрычную трактоўку з надзвычайнай навiзной рытмаў, ярусным, ступеньчатым нарастаннем аб'ёмаў па дыяганалi: паўднёвая частка аднапавярховая, цэнтральная двухпавярховая, паўночная - трох'ярусная чатырохгранная вежа з шатровым пакрыццём (не захавалася). Цэнтральная частка фланкiравана трохграннымi эркерамi i завершана на галоўным фасадзе ступеньчатым шчытом. Шматпланавасць кампазiцыi ўзмацняе полiфанiчна разнастайная пластыка фасадаў: ступеньчатыя шчыпцы, аркатурныя паясы, розныя па памерах аконныя праёмы. Манументальны будынак вызначаецца насычаным каларыстычным вырашэннем, у якiм спалучаецца палiхромiя бутавай муроўкi цокаля, чырвоны колер высакаякаснай цаглянай муроўкi фасадаў, белiзна атынкаваных элементаў дэкору. Мэта дойлiда - стварыць уражальны знешнi эфект - была тут дасягнута.
Сядзiба памешчыка Лефера сфармiравалася ў гг. на ўзгоркавай паўночна-ўсходняй ycкpaiнe в. Горкi. Дом мае асiметрычную дынамiчную аб'ёмна-прасторавую кампазiцыю, вертыкальнай дамiнантай якой з'яўляецца магутная чатырохвугольная трох'ярусная вежа з шатровым пакрыццём. Яе мураваныя гранi «разыграны» вузкiмi, пазбаўленымi раскошы палацавых лiштваў вокнамi-байнiцамi, верхнiм поясам стральчатых арачных нiш па падабенству з белаpycкiмi абарончымi царквамi сярэдневякоўя. Шматпланавасць i маляўнiчая сiлуэтнасць будынка падкрэслены рознымi па канфiгурацыi драўлянымi прыбудовамi прамавугольнага бакавога крыла, дваровай веранды з паўкруглай тэрасай (пашкоджаны пажарам у 1970-я гады). Крапасную суровасць надае дому спалучэнне плоскаснай гладзi сцен, прарэзаных геаметрычнымi стральчатымi, прамавугольнымi i лучковымi вокнамi, з магутнай муроўкай з буйных бутавых камянёў высокага падмурка. Сцены гаспадарчых будынкаў, якiя забяспечвалi жыццёвыя патрэбы ўладальнiкаў, таксама выкладзены з мясцовага каменю (валуноў). Апусцелыя рэшткi палаца ўражваюць сваёй таямнiчасцю i загадкавасцю; рамантычную афарбоўку «рыцарскаму замку» надае маляўнiчае паркавае акружэнне.
Ад сядзiбы двор Чарэпiта, якая належала памешчыку Гласку, захаваўся толькi пейзажны парк - абавязковы элемент рэпрэзентацыйнай загараднай рэзiдэнцыi. Ен быў высаджаны вакол дома ўладальнiка ў пачатку 20 ст. i разам з каскадам штучных стаўкоў паўкальцом ахоплiваў яго. Для надання парку буйнамаштабнасцi, ландшафтнай разнастайнасцi выкарыстана эфектнае i, што было немалаважна ў той прагматычны час, эканамiчнае яго спалучэнне з навакольным лесам. Вылучыць паркавую зону можна толькi па акультураных пасадках лiпы, бэзу, дубу, елкi.
Падобны па натуралiстычна-пейзажнай арганiзацыi прысядзiбны парк памешчыка Гуцэвiча захаваўся на ўскраiне вёскi Казiмiрова. Яго ландшафтная кампазiцыя i планiроўка створаны вакол прамавугольнага стаўка са штучным востравам сярод воднага люстэрка.
Дробнапамесная сядзiба Шнiтаўка больш нагадвае звычайнае сялянскае жыллё. Яе драўляны дом узведзены на бутавым падмурку на мяжы 19-20 стагоддзяў.
У адрозненне ад заходнiх губерняў Беларусi, у якiх распаўсюдзiўся каталiцызм, на Расоншчыне панавала праваслаўнае культавае будаўнiцтва. Шмат дробных цэркваў было раскiдана ў навакольных вёсачках. Сцiплы драўляны храм, названы ў гонар Пятра i Паўла, iснаваў яшчэ ў пачатку 20 ст. у в. Забор'е (час пабудовы невядомы) Узведзеная на падмурку з мясцовага бутавага каменю, ашаляваная дошкамi царква была завершана двума цыбулепадобнымi купалкамi - над шатровымi дахамi асноўнага зруба i званiцы. Мяркуецца, што ў традыцыях народнага драўлянага дойлiдства была ўзведзена i Пакроўская царква ў в. Парэчча, час пабудовы якой даследчыкi не змаглi ўдакладнiць яшчэ ў пачатку 20 ст. Драўляная царква ў в. Галоўчыцы была пабудавана ў 1803 г. У сiлуэце храма вертыкальна панавалi дзве цыбулепадобныя галоўкi над гонтавымi дахамi апсiды i званiцы. Петрапаўлаўская драўляная царква была пастаўлена ў 1826 г. у в. Клясцiцы. Страхавая ацэнка 1910 г. так апiсвае яе: “Драўляная на мураваным фундаменце, унутры i знадворку ашалявана дошкамi i афарбавана алейнай фарбай, пакрыта жалезам, афарбаваным зялёнай алейнай фарбай». Асноўны зруб быў завершаны цыбулепадобным купалам на васьмiгранным барабане i макаўкай над званiцай. Побач з царквой стаялi дом свяшчэннiка, пабудаваны ў 1888 г., i драўляны дом псаломшчыка. Драўляная Iльiнская царква была ўзведзена ў 1846 г. у в. Mypaгi. Зрубы на мураваным падмурку былi завершаны двума купаламi - над цэнтральным аб'ёмам i званiцай. Не захавалася, ужо ў пачатку 20 ст. канстатавалася як трухлявая. У традыцыях сялянскага жыллёвага будаўнiцтва 1888 г. быў пастаўлены побач з царквой i драўляны дом свяшчэннiка.
Паводле свайго характару, драўляныя храмы з'яўлялiся арганiчнай часткай як аркiтэктурнай, так i ландшафтнай панарамы шматлiкiх паселiшчаў Расоншчыны.
Надзвычай шырокiя маштабы праваслаўнае царкоўнае будаўнiцтва набыло ў другой палавiне 19 - пачатку 20 ст. Праз яго рускi царызм iмкнуўся сцвердзiць “спрадвечнасць” правоў рускага самадзяржаўя на тутэйшыя тэрыторыi як «исконно русские земли». У гэтай сувязi ўзнiкла шмат манументальных царкоўных будынкаў, пастаўленых на грошы i рукамi мясцовага праваслаўнага сялянства. Аднак бескампрамiсная барацьба з«опiўмам народа» у савецкi час знiшчыла гэтыя сведкi нядаўняй гiсторыi i будаўнiчай культуры. Уяўленне аб культавай архiтэктурнай спадчыне раёна, якая не захавалася, дазваляюць зрабiць aпicaннi праваслаўных цэркваў у час ix страхавой ацэнкi, якая праводзiлася ў 1910 г. па ўсёй Расiйскай iмперыi i захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным гiстарычным архiве ў Санкт-Пецярбургу.
З архiтэктуры другой палавiны 19 - пачатку 20 ст. шырока рэалiзуецца нацыянальна-рамантычны мастацкi кiрунак, арыентаваны на аднаўленне традыцый i форм старажытнарускага дойлiдства. Прыхiльнасць да «рускага» стылю ў праваслаўным царкоўным будаўнiцтве з яго цыбулепадобнымi купаламi i макаўкамi-свечкамi, спiчастымi шатрамi званiц, закамарамi, дэкаратыўнай узорыстасцю была прадвызначана i афiцыйным на той час агульнарасiйскiм будаўнiчым статутам.
Царква ў г. п. Расоны. |
Шырокамаштабнае царкоўнае будаўнiцтва ў гэтым рэчышчы прадстаўлена мураванай царквой Раства Багародзiцы ў Расонах, узведзенай у 1879 г. з мясцовага бутавага каменю (адносiлася, як i ўсе цэрквы раёна, да 3-й aкpyгi Полацкага благачыння Полацкай eпapxii). Асноўны кубападобны аб'ём храма завершаны пяцiкупаллем (цыбулепадобныя галоўкi ва васьмiгранных шыйках не захавалiся). Па канiчна арыентаванай з захаду на ўсход планiровачнай восi да храма далучаюцца двух'ярусная, завершаная галоўкай званiца з бакавымi прыбудоўкамi панамарскай i пpacвipнi i паўкруглая апсiда. Галоўны ўваход вырашаны цяжкай па прапорцыях, прысадзiстай навiссю-рундуком на дзвюх бочкападобных калонах - характэрны атрыбут маскоўскiх храмаў 17 ст. Царква будавалася «халоднай» (без грубак), была пакрыта па цэнтры бляшаным дахам, завершаным купалам (не захаваўся). З калейдаскапiчнай шматстылёвасцi архiтэктуры таго часу толькi «бутавыя” цэрквы ўяўлялi сабой прыклад мастацкай аскетычнасцi i падкрэсленай прастаты. Яны характарызавалiся амаль поўным адмаўленнем ад пануючага дэкаратывiзму, абавязковых царкоўных атрыбутаў - какошнiкаў, закамар, калонак i iнш. Рэтраспектыўна-рускi стыль мог праiлюстраваць храм-помнiк над прахам героя Айчыннай вайны 1812 г. нева ў вёсцы, названай яго iмем. У афiцыйна-казённым рэтраспектыўна-рускiм стылi былi ўзведзены мураваныя цэрквы Успення ў в. Якубова ў 1879 г. i в. Сакалiшча (час пабудовы невядомы).
Праваслаўная Успенская царква ў традыцыях драўлянай архiтэктуры была пабудавана ў 1884 г. у в. Казiмiрова. Згодна з архiўным вопiсам, гэта быў храм на бутавым падмурку, фасады расчлянёны 10 вялiкiмi i 2 малымi вокнамi. Цыбулепадобныя купалы над званiцамi i асноўным кубападобным зрубам былi пакрыты бляхай. Аналагiчная па apxiтэктурна-стылёвай трактоўцы ў духу «праваслаўнай даўнiны» драўляная царква была ўзведзена ў Расонах у 1836 г. Паводле зацверджанага Св. Сiнодам «нармальнага» праекта
была пастаўлена ў 1873 г. Святаўспенская царква ў в. Горкi. Драўляны халодны храм на мураваным падмурку знадворку i ўнутры быу ашаляваны дошкамi, пакрыты бляшаным дахам непрыкметнай зялёнай афарбоўкi. Сiлуэт яруснага будынка ўзбагачала пластычнае шматкупалле - вялiкi купал над цэнтральным зрубам «падтрымлiваўся» чатырма малымi «апостальскiмi» галоўкамi: адна галоўка вянчала званiцу на галоўным фасадзе партатыўная макаўка ўпрыгожвала апсiду. Ашаляваныя сцены зрубаў былi расчлянёны дзесяццю вялiзнымi вокнамi. Побач з царквой стаяў просты драўляны аднапавярховы на 14 вокнаў, пакрыты гонтавым дахам будынак царкоўнапрыходскай школы.
Барысаглебская царква ў в. Гарбачэва, як i шмат iншых, была ўзведзена на бутавым падмурку з бруса i ашалявана знадворку i ўнутры дошкамi, дах пахрыты бляхай зялёнай афарбоўкi. Габарыты будынка (даўжыня 9, шырыня 71/2, вышыня да верху карнiза 3 сажнi) не выходзiлi за афiцыйна зацверджаныя памеры. Над царквой уздымалiся дзве цыбулепадобныя галоўкi - адна над званiцай, другая над накатым чатырохсхiльным дахам асноўнага зруба. Сцены праразалi 6 вялiкiх i 4 маленькiя акны. У«халодным» інтэр’еры храма яго таямнiчая алтарная прастора аддялялася драўляным трох’ярусным iканастасам, якi разам з храмам ацэньваўся ў 5000 рублёў.
Стваральнiкi шматлiкiх «сiнадальных» цэркваў былi абмежаваны ў сваiх творчых пошуках зацверджанымi «найвысачэйша» канонамi. Але гэта датычылася толькi планiровачнай арганiзацыi, калi трэба было захоўваць адпаведную колькасцi прыхаджан плошчу памяшканняу. Затое ў вырашэннi знешняй архiтэктуры жорсткiх цыркуляраў не iснавала, акрамя адпаведнасцi «старажытнаму вiзантыйскаму дойлiдству». Таму аднолькавых храмаў, за рэдкiм выключэннем, не сустракалася, у кожным з ix была свая асаблiвасць, хоць якая-небудзь адметная форма цi дэталь.
Хутка праходзiць незваротны час, змяняюцца пакаленнi, але створаныя рукамi ix таленавiтых прадстаўнiкоў помнiкi дойлiдства застаюцца на стагоддзi, працягваюць дарыць нам радасць i жыватворнае адчуванне непарыўнай сувязi часоў i спрадвечнай пераемнасцi культур.
iн.


