Тэкст абзорнай экскурсіі “Баруны на працягу стагоддзяў”

Баруны – дробная мясціна,

Але ў гісторыю сваю

Падзеяў розных шмат змясціла.

Старую ліру дастаю,

Каб скласці песню пра Баруны.

Ты, цётка-муза, падскажы

На лад які мне строіць струны,

Каб песня выйшла без ілжы.

На месцы сённяшняе вёскі,

Легенда кажа, бор шумеў,

Дык бор, Баруны – словы цёзкі,

Ад бору кут імя займеў

Шчыра вітаем і запрашаем узгадаць таямніцы і цуды барунскай зямлі, прыўзняць заслону яе славутай гісторыі, традыцый, даведацца пра знакамітых людзей, якіх яна ўзгадавала. Рады бачываць вас у гісторыка-этнаграфічным музеі “Спадчына” Барунскага вучэбна-педагагічнага комплекса.

Пачаткі пасялення губляюцца ў вяках. У канцы ХІІ – першай палове ХІІІ ст. на скрыжаванні шляхоў, адзін з якіх ідзе са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні ў напрамку Мінска, Смаленска і Масквы, а другі злучае гарады-крэпасці Нясвіж, Мір, Навагрудак, Ліду, Гальшаны і Крэва, узнікла паселішча Баруны.

Назва Баруны, па меркаваннях Пятра Бітэля, наводзіць на думку, што пасяленне было закладзена ў лясной глушы, бо вядома, што ў той час большасць тэрыторыі нашага краю знаходзілася пад лясным покрывам. Ёсць думка, што вёска была закладзена на ўзбярэжжы баравога лесу і таму атрымала назву Баруны.

Дакументальных звестак аб пачатку Барунаў няма. Гэты недахоп запоўніла народная фантазія, стварыўшы нямала легенд, адна з якіх звязвае ўзнікненне вёскі з цудоўным з’яўленнем у бары іконы Багародзіцы, манахамі, кляштарам. Аднак вядома, што і касцёл і кляштар з’явіліся не на пустым месцы, а ў пасёлку.

Вось адна з легенд аб паходжанні назвы вёскі Баруны.

Жыў некалі ў нашым краі адзін заможны селянін. Звалі яго Барун. Дрэнны быў чалавек, сквапны, задзірысты. Кожную хвіліну думаў пра тое, каб больш грошай назбіраць: дзе недаесць, дзе ўкрадзе. Так і праходзіла яго жыццё.

Недалёка ў маёнтку жыў пан Слібада. Быў ён не скупы, любіў балі, розныя гулі, забавы. Часта браў пан Слібада пазыкі ў банку. Возьме грошы – і адразу іх прагуляе.

Але не магло так цягнуцца бясконца. З’явіліся аднойчы крэдыторы і прыгразілі пану, што калі не разлічыццца з даўгамі праз месяц, то пасадзяць яго ў турму, а маёнтак пойдзе з малатка. Слібада вельмі спалохаўся, ды не за сябе, а за дачку Анэтку – прыгожую, разумніцу, якой нядаўна споўнілася 19 гадоў. Ходзіць пан сам не свой, а выйсця з гэтага становішча не бачыць.

Выпадкова дачуўшыся пра беды Слібады, Барун прапанаваў пану: “Аддай за мяне сваю дачку, а я за цябе даўгі заплачу”. Выслухаў пан Слібада прапанову, і не адразу даў згоду, бо ведаў сквапнага і жорсткага Баруна. Шкада было яму адзіную дачку, а тэрмін плацяжу набліжаўся. Анэтка сама прыйшла да бацькі і аб’явіла сваё рашэнне: “Я выйду замуж за Баруна, ні аб чым не хвалюйся”. Дзяўчына, ахвяруючы сваім шчасцем, хацела выратаваць бацьку ад турмы.

Вось і вяселле адбылося. Пераехаў Барун са сваёй вёскі ў маёнтак. Зрабіўся гаспадаром, а праз месяц атруціў пана Слібаду, падсыпаўшы яд у кубак з гарбатай.

Да сялян вельмі жорстка адносіўся новы пан. Сек іх бізунамі, прымушаў працаваць на полі ад цямна да цямна без палудня, патрабаваў называць яго пан Барун. Але найгорш было Анэтцы. Барун кожны дзень біў яе і цягаў за валасы. А аднойчы забіў бедную кабету да смерці. Гэта стала апошняй кропляй. Сяляне згаварыліся тады падпільнаваць Баруна і правучыць яго. Калі той вяртаўся вечарам з шынка, мужыкі напалі на яго і забілі. Затым выкапалі магілу і пахавалі яго тут, ля дарогі. “Сабаку – сабачая смерць”, - гаварылі людзі. А вясной на месцы пахавання Баруна выраслі аранжавыя кветкі з вельмі непрыемным пахам. Назвалі іх людзі барунамі, а мястэчка – Баруны.

Паводля даследавання Васіля Грыня, назва Баруны мае цюркскае паходжанне. У перакладзе з цюркскіх моў “барун” азначае “вершнік”. У Вялікім Княстве Літаўскім быў таксама шляхецкі род татарскага пахаджання Барунскія. Больш таго, вядома, што наваколлі Крэва і Барун гістарычна з’яўляюцца рэгіёнамі татарскіх асадаў з часоў Вітаўта. Недалёка ёсць вёска Ардашы, назва якой мае цюркскае паходжанне, а ў самім Крэва нават дагэтуль жывуць патомкі татар і вызнаюць іслам.

На сучасным этапе развіцця гістарычнай навукі вувучэннем уніяцкай царквы на Беларусі займаецца доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святлана Валянцінаўна Марозава. Святлана Уладзіміраўна з’яўляецца аўтарам выступлення на навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі на тэму “Барунская базыльянская школа і яе выхаванцы”.

Менавіта ў яе працы мы знаходзім звесткі, што ў ХVII - першай трэці ХІХ ст. мястэчка Баруны было адным з цэнтраў уніяцтва на Беларусі. У канцы ХVІ ці першай палове ХVІІ ст. тут узводзілася невялікая драўляная царква, аднак, яшчэ незавершаная, згарэла. У 1692 г. прыхільны уніі Мікалай Песляк заклаў тут уніяцкую царкву і прызначыў да яе 7 манахаў-базыльян, якім аддаў ва ўтрыманне мястэчка Баруны з жыхарамі, будынкамі, зямельнымі участкамі. Фундатар завяшчаў устанавіць у царкве вялікі алтар, праводзіць у ёй "рымскае і грэчаскае набажэнствы" са спевамі і музыкай, а ў дні рэлігійных святаў, калі ў мястэчка прыязджае шмат людзей, арганізоўваць у ім кірмашы. Сябе ён завяшчаў пахаваць ў гэтай царкве, запрасіўшы ўніяцкага і каталіцкага святароў. Свайму нашчадку наказаў пабудаваць у Барунах каменную царкву.

Базыльяне, якім у 1702 г. са згоды ўрада Баруны з усімі жыхарамі і ўгоддзямі былі перададзены ва ўласнасць, прывезлі з сабой ікону Маці Божай, якая лічылася цудадзейнай.

Цудадзейны абраз забяспечыў багатыя ахвяраванні, і ў хуткім часе ( г.) на месцы драўлянай была ўзведзена і забяспечана ўсім неабходным мураваная царква. Але ў 1707 г. мястэчка амаль цалкам знішчыў вялікі пажар. Згарэў драўляны будынак манастыра, а ад царквы засталіся толькі сцены. Царкву адбудаваў у 1715 г. уніяцкі мітрапаліт Леў Кішка. У г. быў пабудаваны сённяшні будынак барунскага касцёла паводле праекта манаха Барунскага манастыра архітэктара Аляксея Асікевіча (дабудавана ў гг.). У г. пабудавалі двухпавярховы мураваны манастырскі корпус. Манастыр валодаў тады больш за 300 дзесяцін зямлі, не лічачы выпасаў, лугоў, лесу. Усе жыхары мястэчка былі манастырскімі прыгоннымі.

Да канца ХVIII ст. Барунскі базыльянскі манастыр быў адным з буйнейшых кнігапісных цэнтраў Беларусі. Калі друкарні выпускалі кнігі масавага попыту шматтысячнымі накладамі, то скрыпторыі выраблялі асабліва шыкоўныя заказныя або адсутныя на рынку «дэфіцытныя» кнігі. Вядомы імёны шэрагу барунскіх кнігапісцаў ХVІІІ ст.: Паісій Сахоўскі з Барун, Антон Завадскі.

Шырокую вядомасць набылі ў свой час Баруны як значны адукацыйны асяродак.

Да нашага часу дайшлі звесткі, што каля 1617 года ў Полацку, Жыровіцах і ў Барунах была адчынена базыльянамі пачат­ковая школа для манахаў і святароў.

Гэта была тыповая базыльянская навучальная ўстанова. Паводле звестак Пятра Бітэля, спачатку гэта была 3-гадовая установа свецкага напрамку, у 1700 г. пераведзеная сюды разам з маёмасцю і настаўнікамі з мястэчка Вішнева (Ашмянскі павет). У 1740 г. па патрабаванню клерыкалаў яна змяніла сваю праграму і стала рыхтаваць кандыдатаў у духоўнае званне. У 1780 г. зноў стала свецкай і пераўтварылася ў 6-гадовую школу з прэфектам на чале і існавала да 1833 г. Сучасныя энцыклапедыі і даведнікі памылкова называюць датай заснавання ў Барунах публічнай 6-класнай школы базыльян верасень 1793 г.

Гэта навучальная установа закрытага тыпу, дзе спачатку ў школе выкладалі выключна вучоныя манахі, аднак у ХІХ ст. з'яўляюцца і свецкія выкладчыкі. Навучанне першапачаткова вялося на польскай мове. Педагагічны калектыў складаўся з шасці прафесараў (выкладчыкаў): лацінскай мовы, арыфметыкі, красамоўства, гісторыі, фізікі і матэматыкі, якія штодня па чарзе выкладаліся свае прадметы ва ўсіх класах. Сярод школьных настаўнікаў вядомы базыльяне Ф. Бялдоўскі, М. Лебель, Б. Ляўковіч, Г. Лебель, Б. Гамалінскі, С. Катовіч, С. Ушацкі. Пры школе быў манах, які валодаў лекарскім майстэрствам, і патрэбны набор лекаў.

Вучылі тут таксама геаграфіі, батаніцы, праву, эканоміцы, гісторыі святога пісання, сельскай гаспадарцы, французскай, нямецкай, а з 1800 г. - расійскай мове. Візітатар Барунскай школы ў 1804 г. раіў яе настаўнікам больш часу адводзіць грунтоўнаму вывучэнню польскай і лацінскай моў.

Уяўленне аб характары вывучаемых дысцыплін дае факт набыцця Барунскай школай ў 1820-я гады ў Вільні, у прыватных друкарнях і кнігарнях Юзафа Завадскага і Францішка Морыца, польскай, лацінскай, французскай і нямецкай граматыкі, «Выпісаў расійскіх», рускага слоўніка, катэхізіса, біблейскай гісторыі, а таксама падручнікаў батанікі, заалогіі (Станіслава Юндзіла), арыфметыкі, геаметрыі, трыганаметрыі, мінералогіі, геаграфіі, гісторыі, фізікі, хіміі, агародніцтва і іншых падручнікаў.

У пачатку ХІХ ст. Баруны ўяўлялі сабой звычайную вёску, жыхары якой займаліся сельскагаспадарчай працай. Мястэчкам яна звалася таму, што мела прыгожую мураваную уніяцкую царкву і двухпавярховы базыльянскі манастыр. Царква і манастыр, разам з рынкавай плошчай, на якой стаяла так званая студэнцкая капліца, утваралі цэнтр мястэчка. Ад яго ў розныя бакі адыходзілі тры вуліцы (у тым ліку Мінская і Віленская) з выбоінамі і каляінамі, забалочаныя пасля дажджу. Вуліцы былі забудаваны 25-30 простымі драўлянымі дамамі, сярод якіх былі школа, 4 карчмы. Пратакол генеральнай візіты Барунскай школы, праведзенай у 1804 годзе, зафіксаваў, што школьны будынак уяўляў сабой асобны дом з памяшканнямі для правядзення ўрокаў. У ім была бібліятэка, якая складалася з 285 кніг, меліся матэматычныя інструменты для практыкі.

У розныя часы ў школе займаліся ад 140 да 200 юнакоў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў, найперш сыноў шляхты з з Ашмянскага і суседніх паветаў. У 1783 г. школа мела 180 вучняў, у 1803 г, у 1804 г, у другім дзесяцігоддзі XIX ст. - каля 200. Найбольш здольныя да навукі выпускнікі працягвалі вучобу ў Віленскім універсітэце. Раз у год візітатар, назначаны саветам гэтага ўніверсітэта, інспеціраваў школу.

У XIX ст. школа праславілася сваімі выхаванцамі, якія пакінулі след у навуцы, культуры, грамадска-палітычным жыцці Беларусі, Літвы і Польшчы.

На чале школы стаяў прэфект, які быў, па словах Адынца, "калі не дыктатарам, то па меншай меры консулам гэтай студэнцкай Рэчы Паспалітай". Усім манастыром кіраваў суперыёр. Ён займаўся, галоўным чынам, царкоўнымі і маянтковымі справамі і непасрэдна ў студэнцкія справы не ўмешваўся Два першыя класы зваліся ніжэйшымі. Іx вучні пагардліва зваліся мінімусамі і не смелі ўздыхаць аб роўнасці, якая панавала сярод вучняў чатырох наступных - вышэйшых класаў. У гэтым вясковым, малым, ціхім закутку, як піша Антон Адынец, аднак жа верна адбіўся, як сонца ў кроплі, характар і звычаі "літоўскіх" школ і студэнцкага жыцця ў ix моладзі.

НЕ нашли? Не то? Что вы ищете?

Вучні жылі ў дамах мяшчан вакол рынку. Ім звычайна адводзіліся два пакоі, у якіх жыло столькі чалавек, колькі ложкаў можна было паставіць уздоўж сцяны. Да жыхароў абодвух пакояў або кожнага паасобку быў прыстаўлены гувернёр - звычайна выпускнік гэтай жа школы, званы пенсіянерам. Гувернёры складалі школьны патрыцыят, які непасрэдна сутыкаўся ca школьнымі ўладамі - прэфектам i прафесарамі.

Парадак школьнага жыцця быў наступны. У 6.30 раніцы - студэнцкая імша, у час якой аднаму з прафесараў дапамагалі добраахвотнікі, а гувернёры i шасцікласнікі, седзячы на лавах, спявалі на лаціне літанію да Маці Божай. У 7 гадзін - сняданак, з 8 да 10 і з 12 д 14 гадзін - урокі. Заняткі па мовах працягваліся да 17 гадзін. Рэшта дня служыла для навучання дома, a пасля гэтага - для забаў. Раніцай, з 7.30 да 8.00, на школьным двары стаяў шум i pyx. Тут уголас адбывалася навуковая споведзь адных перад другімі - дэкламаванне ўрокаў.

Прафесары, не маючы часу штодня правяраць урокі ў кожнага вучня, выбіралі для гэтага абавязку найбольш здольных i старанных вучняў - аўдытараў, якія павінны былі рэгулярна напярэдадні заняткаў выслухаць давераных яму калегаў (найбольш-6 чалавек) i паведаміць сваю думку аб ix ведах прафесару. Адказы ацэньваліся па шасці ўзроўнях у спецыяльным спісе - "эраце": "умее", "сумняваецца", "памыляўся ў адказах", "умее не добра", "не дэкламаваў", "не ўмее". На уроках прафесары правяралі справядлівасць выстаўленых адзнак, апытваючы тых ці іншых вучняў. Бяда тады аўдытарам, якія робячы камусьці паблажкі або з-за ўласнай ляноты складалі фальшывыя сведчанні.

Самым высокім саноўнікам у класе быў імператар. На гэту пасаду па чарзе прызначаліся самыя лепшыя вучніда 8 гадзін раніцы імператар сядзеў за прафесарскім сталом i ўпісваў у эрату думкі аўдытараў аб іншых i сваю - аб аўдытарах. Утрыманне i запаўненне гэтага спіса было галоўным атрыбутам улады імператара Такая годнасць забяспечвала яму павагу вучняў i прывілеі - ён ніколі ўжо не меў над сабой аўдытара. Гэты парадак меў месца ў першых трох класах, у наступных разлічвалі ўжо на сталы розум i стараннасць саміх вучняў.

Вось у такіх умовах i ў такіх іерархічных стасунках з году ў год у Барунах развівалася каля двух соцень юнакоў. У ix ліку ў першай чвэрці XIX ст. аказаўся Ігнат Ходзька () - ураджэнец вёскі Заблошчына Вілейскага павета Віленскага ваяводства, які потым скончыў са ступенню кандыдата філасофіі Віленскі універсітэт, з'яўляўся членам таварыства шубраўцаў i масонскай ложы ў Мінску, стаў вядомым пісьменнікам, найперш як аўтар шматтомных твораў "Літоўскія малюнкі" і "Літоўскія паданні", створаных пераважна на беларускім матэрыяле. Уладзіслаў Сыракомля прысвяціў яму нарыс "Жыццё і творы Ігната Ходзькі".

Выхаванец Барунскай школы Леанард Ходзька (), выхадзец з вёскі Аборкі Ашмянскага павета Віленскай губерні, у далейшым - студэнт Віленскага універсітэта, член таварыства філарэтаў, сакратар М. К. Агінскага, актыўны дзеяч эміграцыі ў Парыжы (з 1826 г.), гісторык, публіцыст, збіральнік i выдавец матэрыялаў па гісторыі Беларусі i Польшчы, член многіх навуковых таварыстваў.

Антон Эдвард Адынец () - таксама ураджэнец Ашмянскага павета, які стаў знакамітым паэтам, перакладчыкам, публіцыстам, мемуарыстам, сябрам Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ігната Дамейкі; філарэтам, адбываўшым у г. заключэнне, рэдактарам "Віленскага весніка" у г.

Барунскі выхаванец Юльян Корсак () са Слонімскага павета - паэт, перакладчык на польскую мову Гарацыя, Шылера, Байрана, Шэкспіра i іншых класікаў сусветнай літаратуры, прыяцель юнацтва I. Ходзькі, сябар А. Міцкевіча. Усе яны - ураджэнцы нашага краю, выхадцы са шляхты, дзеячы беларускай польскамоўнай культуры. Усе ў 1800-я -1810-я гг. пачыналі ўзыходжанне на вяршыні еўрапейскай навукі i культуры ў Барунскай базыльянскай школе. Іx усіх перажыў Антон Адынец, адзін з апошніх засталых у жывых філарэтаў. 60 год яго цяжкай творчай працы склалі цэлую эпоху ў жыцці некалькіх пакаленняў, якія вучыліся жыць i кахаць па творах Адынца.

Паводле Iгната Ходзькі, жыццё ў Барунах у цэлым не было надта вясёлым: жыццё ў аддаленні ад родных, сум, нудная i прымусовая праца, безагаворачная паслухмянасць, кара, часта незаслужаная, - усе гэта давала дзецям пакаштаваць першыя горычы самастойнага жыцця. Канікулы, праведзеныя дома, успрымаліся выхаванцамі як рай. Зусім розныя, супрацьлеглыя пачуцці i ўспаміны пакідалі ў студэнтаў царква i школа. Яны былі як неба i зямля, як рай i пекла. Калі дзеці ў царкве, успамінае пісьменнік, школа закрытая i чакае, каб ix зноў прыгнятаць. "У царкве гімны і песні, паўтараемыя гучным хорам, мілыя сэрцу i вуху студэнта, ... ў школе штодзённы плач i архіплач кожную суботу".

У студэнцкай капліцы, паводле мемуараў Iгната Ходзькі, захоўвалася школьная харугва. На ёй з аднаго боку была выява школьнай заступніцы Маці Божай, вышытая на белым атласе, на другім баку - каласісты сноп збожжа - эмблема плёну навукі, якую вучні растлумачвалі па-свойму: "Вучыся, асёл, добра - будзеш мець хлеб".

Найлепшыя ўспаміны пісьменніка пакінуў "ксёндз фізік". Паводле даных Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Пецярбургу, прафесарам фізікі "во всенародном Борунском училище" у г. быў Юльян Іванавіч Спірыдовіч, выхадзец з беларускай шляхты.

У рукапісным аддзеле бібліятэкі Віленскага універсітэта намі выяўлены штомесячныя рапарты дырэктараў (гувернёраў) Барунскай школы за г. з характарыстыкай стараннасці, паслухмянасці, паспяховасці і паводзін вучняў. У ix спісе - Антон Адынец i Леанард Ходзька, якія мелі ў гэтым журнале найлепшыя характарыстыкі. Згодна з рапартам за студзень 1817 г., Антон Адынец - гэта вучань IV класа, які меў 13 гадоў, жыў на кватэры, рэгулярна наведваў школу, вучыў урокі, быў старанны, добры характарам, паслухмяны.

Леанард Ходзька быў старэйшым, з'яўляўся сваяком Антона Адынца i не раз наведваў яго дом як бліжэйшы да Барун. Ix адносіны насілі характар сардэчнай прывязанасці, якая з гадамі перарасла ў сяброўства. Леанард аказаў вялікі літаратурны ўплыў на Антона, перапісваючы для сябе i даючы сябру чытаць розныя вершы. Менавіта такім чынам А. Адынец упершыню, будучы ў школе, пазнаёміўся з творамі Шылера. Чытанне Шылера ў польскім перакладзе падштурхнула да самастойнага вывучэння нямецкай мовы, якая, у адрозненне ад моў расійскай i французскай, не ўваходзіла ў абавязковую праграму навучання.

Школьнае дзяцінства Антона Адынца пачалоcя ў верасні 1813 г. Няпростымі былі яго першыя крокі ў навукі. Аддаленне ад бацькоўскага дома (недзе на мілю), выключна хлапечае таварыства абудзілі ў ім спачатку такі сум, што адзінай палёгкай было глядзець з-пад званіцы на ўзгорку на дах і дрэвы роднай хаты і плакаць. Аднойчы, не вытрымаўшы і нікому не сказаўшы, пайшоў дамоў. У пагоню прыскакаў конны пасланец ад яго гувернёра Брадоўскага. Энергічны і здольны чалавек, удзельнік вайны 1812 г, таксама барунскі выхаванец, Баніфацый Брадоўскі меў рэпутацыю найлепшага школьнага педагога. Пазней, закончыўшы Віленскі універсітэт, ён стаў настаўнікам, a потым і дырэктарам гімназіі ў Вільні.

Бацька Антона сам адвёз уцекача ў Баруны. Пазбегнуць пакарання дапамагла паэзія - школьны прэфект, прыяцель бацькі А. Адынца, неяк хваліў вершы Антона. Ф. Брадоўскі ж устроіў тады сапраўдную педагагічную камедыю.

3 тых часоў Антон Адынец стаў адным з самых паслухмяных і старанных вучняў, дзякуючы чаму меў прыхільнасць і ласку з боку педагогаў, якая ўвесь час узрастала і была відавочнай для школьных калег, даўшых яму мянушку "Любімчык". Антон і на самай справе аказаўся ў шэрагу самых лепшых вучняў - вучоба яму давалася лёгка, без вялікіх намаганняў. 3 першых жа тыдняў знаходжання ў школе ён удастоіўся гонару стаць аўдытарам, a ў другім квартале ужо быў прызначаны імператарам

Каб пасароміць старэйшых узростам і рослых невукаў, быўшых, як пра ix гаварылі, "пад вусам", Антона як маладзейшага і найменшага ростам прызначылі аўдытарам менавіта над імі. Калі прыходзіў час "дэкламавання ўрокаў" (праверкі заданняў), гэтыя паны, расказвае ў сваіх успамінах А. Адынец, каб улагодзіць мяне, завялі звычай катаць мяне на плячах па школьным двары, адказваючы пры гэтым урокі. Язда так падабалася, што ў знак падзякі ён запісваў у эраце лепшыя адзнакі, чым таго заслугоўвалі яго падапечныя. Гэтым ён нярэдка даваў повад для ўласнага пакарання - часта пакутаваў сярод класа на каленях. Але гэта не шкодзіла рэпутацыі пачынаючага аўдытара сярод прафесараў, якія не толькі не папракалі яго, але нават і ўпаўнаважвалі на гэту язду "на аслах", жартуючы нават тады, калі з прычыны яе загадвалі караць Антона. Усе гэта замацоўвала за ім прозвішча Любімчыка. У асобе ж сваіх падапечных ён меў заўзятых абаронцаў у час патасовак і боек.

Тры гады па ўсіх прадметах імператарская карона па чарзе пераходзіла ад Антона да яго аднакласніка Гераніма Умястоўскага, старэйшага на 2 гады, стараннага, акуратнага, разумнага, але зусім непадобнага да Антона. Геранім меў практычны розум, творчасці ж яму не хапала - гаварыў толькі пра тое, што бачыў i рабіў. Натуры хлопцаў адрозніваліся настолькі, што яны не маглі стаць сябрамі.

Антон Адынец не ўспамінае ў мемуарах, каб у першых двух класах ён пісаў вершы. Школьныя навукі пра ix не ўпаміналі, а штуршка збоку не было. Аднак чытанне літаратурных твораў з'яўлялася яго любімым заняткам. Яно развівала ўяўленне, давала магчымасць марыць. У трэцім класе пачалася размова аб лацінскай і польскай паэзіі і літаратуры. Вучылі на памяць вершы на абедзвюх мовах, а для практыкаванняў тлумачылі лацінскі тэкст па-польску. Шмат увагі ўдзялялі тлумачэнню старажытнарымскіх аўтараў Гарацыя, Плінія, Цыцэрона, Няпота, Вергілія. Аўтарытэт А. Адынца сярод калегаў стаў узрастаць, бо вершаваныя практыкаванні 11-гадовага хлопца былі найлепшымі.

Агульная цікавасць да чытання звязала Антона з Каролем Ласковічам, Юрыем і Сікстам Ясевічамі і Янам Турчынскім - усе яны равеснікі, шляхецкія сыны. На глебе цікавасці да чытання і паэзіі ўзнікла сяброўства са старэйшым на 4 гады вучнем V класа Антоніем Фрэйентам - слаўным школьным паэтам, імя якога і нават абрыс характару ўвекавечаны ў паэзіі Адама Міцкевіча. Фрэйента, вясёлага, жывога, жартаўлівага, нават прынялі ў свае таварыства гувернёры-пенсіянеры, любілі прафесары. Фрэйент вельмі падабаўся Адынцу ўжо ў І-ІІ класе, але той не звяртаў на яго як на мінімуса ніякай увагі. Далучыўшыся да сяброўскай групы, Фрэйент ажывіў яе сваёй весялосцю. Закончыўшы Барунскую школу, ён паступіў у Віленскі універсітэт і там таксама стаў улюбёнцам калегаў, прыяцелем усіх вершаскладальнікаў, з якімі А. Адынца першы і знаёміў.

Кнігі сябры бралі з асабістых бібліятэк суседніх паноў Заблоцкага і Закрэўскага, чыталі ix па чарзе, а потым разам абмяркоўвалі. Гэта была для ix больш цікавая забава, чым гульні на рынку ў мяч ці ў снежкі, што рабілі астатнія вучні. У коле Г. Умястоўскага ў той жа час абмяркоўвалі знаёмых жыхароў павету.

У III класе сябры пазнаёміліся з "Энеідай" і "Іліядай" Гамера. "Мая галава запалала як Троя,"-успамінае Антон. Пасля гэтага вучні падзяліліся на траянцаў і грэкаў. Рынкавая плошча, якая для іншых была звычайным месцам бегатні і гульняў, стала для ix полем бітваў пад Трояй. Цэлыя 2 гады гулялі ў гэтую гульню. Часамі, назіраючы за ёй, спачувалі таму ці іншаму боку гувернёры і нават прафесары.

Усе выхадцы з гэтай сяброўскай трупы, як піша А. Адынец, занялі ў жыцці больш-менш выдатныя месцы - кожны ў сваёй сферы дзейнасці - і пакінулі пасля сябе след і годную памяць. У той час, як ніхто з рэалістаў групы Г. Умястоўскага, хоць і добра вучыліся ў школе, не перасягнуў магчымасці свайго стану і не распаўсюдзіў сваю дзейнасці і ўплыву далей межаў сваёй "парафіі".

Сікст Ясевіч, для якога на першым плане заўсёды былі гераізм і рэлігійны аскетызм, вучыўся потым у Віленскім універсітэце. У 1828 г. пакінуў яго і пайшоў на руска-турэцкую вайну, дзе вылучыўся ў баях. Па вяртанні быў абраны начальнікам земскай паліцыі Вілкамірскага павету. Слава пра яго як пра абаронцу пакрыўджаных, ахоўніка грамадскага парадку і гразу ўсякага роду злачынцаў разышлася ў краі, і ён быў абраны членам апеляцыйнага суда ў Коўне. Але пасля смерці жонкі ім авалодалі думы аб вечным. Ён парваў са светам, хацеў стаць манахам ордэна капуцынаў, чаму, адна, перашкодзілі фармальнасці. Сікст стаў весці жыццё пустэльніка. У амаль 50-гадовым узросце паступіў у Віленскую епархіяльную семінарыю, потым быў прызначаны яе інспектарам.

Чыноўнікам міністэрства асветы стаў Кароль Ласковіч.

У школьным жыцці А. Адынца пакінуў добры след яго гувернёр, выпускнік Барунскай школы Ігнат Ясюковіч - чалавек здольны і працавіты, чаму і абавязаны сваёй далейшай кар'ерай: атрымаў у Вільні ступень магістра, займаў пасаду ў міністэрстве юстыцыі ў Пецярбургу, быў старшынёй апеляцыйнага суда ў Коўне. Ён не пераставаў даваць сваім падапечным добразычлівыя парады i перасцярогі. Ясюковіч хацеў адвярнуць Антона ад пісання вершаў i пагоні за літаратурнай славай, павярнуць да нечага больш практычнага, хацеў умясціць яго думкі ў вузкія рамкі навукі, чым нямала пашкодзіў маладому паэту. Але сваёй мэты не дасягнуў. Антон жа застаўся абавязаным яму многім добрым як у школе, так i ва ўніверсітэце.

Будучы ў IV класе, А. Адынец ездзіў у Вільню, дзе разам са сваімі сябрамі, тады ўжо студэнтамі універсітэта Фрэйентам і Людвікам Шпіцнагелем, сынам вядомага прафесара медыцыны-уладальніка вёскі Загор'е ля Барун, удзельнічаў у студэнцкай маёўцы. Тады і адбылося знаёмства з Тамашам Занам, Янам Чачотам, Ігнатам Дамейкам ды іншымі філаматамі. Па просьбе Чачота Антон дэкламаваў на маёўцы вершы. Калі ж закончыў, Т. Зан пацалаваў яго. "Гэта было для мяне нібы першае памазанне," - піша Адынец. На наступны год на гэткай жа самай маёўцы яго пазнаёмілі з Адамам Міцкевічам. 3 усіх гэтых знаёмстваў потым на дзесяцігоддзі вырасла шчырае ўзаемнае сяброўства.

Самай страшнай з'явай і прывідам для вучняў усіх павятовых школ быў візітатар, які штогод па даручэнню Рады Віленскага універсітэта аб'язджаў школы, аглядаў, экзаменаваў, а потым даваў справаздачу пра вынікі інспекцыі на пасяджэнні гэтага ж Савета. Савет прызначаў у візітатары прафесараў універсітэта, найбольш знакамітых i "светлых" абывацеляў (напрыклад, Адама Храптовіча, Яна Ходзьку) ці правінцыялаў базыльянскага ордэну. Візітатар для студэнтаў увасабляўся ў святло і жах каметы, час прышэсця якой клапатліва вылічваўся, а самое з'яўленне віталася з перапудам. Ды й самі прафесары не без пэўнай боязі чакалі, якую ж думку аб ix школе прадставіць універсітэту візітатар. У час адной з такіх інспекцый адбылося знаёмства Адынца з візітатарскім сакратаром, паэтам-сатырыкам Ігнатам Легатовічам, а потым і з самім візітатарам - паэтам, ксяндзом, прафесарам кананічнага права і дэканам юрыдычнага факультэта Віленскага універсітэта Янам Канты Хаданіем.

Вучэбны год, як і ва ўсіх школах, штогод завяршаўся публічным экзаменам. Ён адбываўся ў дзень святога Пятра і Паўла, 29 чэрвеня, ужо не ў класе, а ў царкве. Так было i ў 1820 г., калі заканчваў школу А. Адынец.

Царкву запоўніла публіка: бацькі, бліжэйшыя суседзі, павятовыя чыноўнікі з Ашмян. Але ўсе гэтыя зоркі гаслі пры бляску славы прэлата Віленскай капітулы, візітатара ія, які ў кананічным адзенні і доктарскім берэце сядзеў на крэсле, устаноўленым на памосце, нібы на троне. Па баках ад яго сядзелі ашмянскі павятовы маршалак і суперыёр Барунскага манастыра. Усе класы па чарзе давалі справаздачу перад гэтым трыумвіратам. Але толькі лепшыя вучні мелі права адказваць на пытанні і дэкламаваць вершы, дэманструючы такім чынам дасягненні свайго класа.

Галоўнымі дзеючымі асобамі на такіх урачыстасцях былі выпускнікі. У тым, 1820 годзе, іх было толькі 7 - з больш чым трыццаці вучняў, якія прышлі ў першы клас, але або на палове шляху перарвалі навучанне і пайшлі ў свет з ніжэйшых саслоўяў, або засталіся ззаду за гэтай сямёркай. Плеяду выпускнікоў 1820 г. складалі бліжэйшыя прыяцелі і прыхільнікі Антона Адынца. Усе яны збіраліся далей вучыцца ў Віленскім універсітэце. Але на той год з Ашмянскага павету прыбыў у Вільню толькі адзін Антон. З лагеру рэалістаў закончылі школу толькі сам Геранім Умястоўскі і яго брат Гілярый, але ва універсітэт яны не пайшлі.

Паводле звычаю, экзамен пачынаўся і завяршаўся прамовамі выпускнікоў з трыбуны, устаноўленай пасярод царквы і пакрытай дыванамі. Адынцу выпала выступаць з апошняй прамовай. Ён завяршыў яе такім прачулым і патэтычным пажаданням прафесарам, школе, калегам, што да глыбіні душы закрануў слухаючую публіку, якая шчодра адарыла яго апладысментамі. Пасля публічных экзаменаў старэйшыя вучні ставілі тэатральныя прадстаўленні дзеля забавы тых, хто прыязджаў на гэты выпускны абрад.

Пасля ўсіх урачыстасцяў - гэта ўжо расказваў Ігнацій Ходзька - заслона з царкоўнага алтара ападала і адкрываўся цудадзейны абраз Маці Божай ў абрамленні зорак з дарагіх камянёў і крышталёў. Усе, старыя і маладыя, падалі на калені і пакорліва схілялі да зямлі галовы. Пеў хор чыстых добрых дзіцячых галасоў. Колькі сэрцаў адразу, колькі малітваў у гэты час узносілася да Бога, колькі надзей усялялася ў сэрца. Потым алтар зачыняўся. Гучаў марш. Усе выходзілі з царквы і і раз'язджаліся. Баруны заставаліся пустымі і глухімі».

Мала было тады школ, як адзначаў А. Адынец, якія б славіліся такой колькасцю выпускнікоў, што буйнымі літарамі ўпісалі свае імёны ў гісторыю ХІХ ст., як Барунская. Адны з іх занялі высокія пасады ў органах дзяржаўнай улады, мясцовага кіравання ў сваіх паветах i губернях (напрыклад, губернатар Плоцка, а потым Любліна Станіслаў Мацкевіч), у царкоўнай іерархіі. Імёны некаторых настаўнікаў i выпускнікоў гэтай школы ўзышлі на навуковым гарызонце: Антоні Вырвіч - прафесар матэматыкі Віленскага універсітэта; Вінцэнт Карчэўскі - ад'юнкт прафесара астраноміі ў гэтай жа навучальнай установе, Антон Камінскі - аўтар прац па асновам геаграфіі і матэматыкі. Свой след у еўрапейскай літаратуры пакінулі Леанард i Ігнат Ходзькі, Антон Эдвард Адынец, Юльян Корсак. Менавіта выпускнікі ордэнскіх школ накшталт Барунскай, як піша А. Адынец, прыўносілі ў Віленскі універсітэт той чысты ўзнёслы эстэтычны кірунак i душэўны настрой, які там развіваўся i з якога расцвітала наступная паэзія.

Імператарскім загадам 1828 г. базыльянскія свецкія вучылішчы былі прыгавораны да паступовага знішчэння. На працягу г. закрываюцца для моладзі, якая жадала прысвяціць сябе свецкай кар'еры, Жыровіцкая, Талачынская, Барунская, Вярбілаўская, Беразвецкая, Ляданская і інш. школы разам з самімі манастырамі. Базыльянская сістэма свецкай адукацыі была разбурана. Педагагічная дзейнасць ордэна ўжо не магла служыць алібі пасля паўстання г., якое перакрэсліла гэты пазітыўны аспект яго існавання.

У 1831 г. была прынята пастанова аб скасаванні базыльянскай свецкай школы ў Барунах i стварэнні замест яе духоўнай школы, абавязанай даваць выхаванне 20 сіротам або дзецям беднага духавенства. Паводле іншых звестак, свецкую школу закрылі ў 1835 г.. У 1833 г. Барунскі манастыр і царква былі перададзены ў праваслаўнае ведамства, а пазней (ў 70-80-я г. ХІХ ст.) і зусім перастаў існаваць самастойна - стаў аддзяленнем Віленскага Свята-Духава манастыра. Духоўная школа працавала ў ім да 1845 г. Перад скасаваннем у 1833 г. базыльянскага манастыра абраз Маці Божай Барунскай быў аддадзены Важынскім. Вярнуўся ён у храм амаль праз стагоддзе, у 1922 г. Дарэчы, пра цудадзейны барунскі абраз успамінаў Адам Міцкевіч - у сваіх творах "Анэля" і "Начлег".

У сталым узросце, будучы ўжо знакамітым пісьменнікам, любімцам чытачоў, I. Ходзька наведаў апусцелыя Баруны i ўбачыў паўразваленыя дамы. Па могілках прасоўваўся пануры манах, па вуліцах валачылася абдзёртая галота, на рынку пад капліцай сядзела баба ў лахманах i сярод глухога маўчання мурлыкала вячэрнюю малітву. Стоячы на плошчы перад царквой, ён успомніў, як некалі яна агалашалася вясёлымі галасамі хлапчукоў, што высыпалі пасля заняткаў на вуліцу. I залатыя хвіліны дзяцінства паўсталі перад вачамі пісьменніка...

У 1833 годзе замест школы было адкрыта прыходскае духоўнае вучылішча з 2-х гадовым курсам навучання, затым яно становіцца народным вучылішчам з трыма класамі. З 1884 года пераведзена ў статус царкоўна-прыходскай школы.

У 1919 годзе вядомы беларускі дзеяч і асветнік Сымон Рак-Міхайлоўскі распачаў актыўную работу па адкрыццю беларускай настаўніцкай семінарыі ў нашым мястэчку. Стварэнне такой семінарыі было не выпадковым. Па-першае: у гэты час у Барунах існаваўбеларускі дзіцячы прытулак для сірот вайны, па-другое: Баруны знаходзіліся ў выгадным геаграфічным становішчы.

Беларуская настаўніцкая семінарыя размясцілася ў двухпавярховым мураваным манастырскім будынку, які быў пабудаваны ў 1808 годзе. Семінарыя пачала працаваць у 1920 годзе. Першы набор вучняў склаў 60 чалавек, былі адчынены першыя два класы, увесь курс навукі быў разлічаны на 4 гады. Дырэктарам семінарыі быў настаўнік матэматыкі Сымон Рак-Міхайлоўскі.

Здавалася справа навучання беларускіх дзяцей роднай мове была наладжана, і заставалася чакаць добрых вынікаў, але…

Пасля Рыжскага трактату 1921 года на заходніх землях беларусі распачалася мэтанакіраваная палітыка паланізацыі. У такіх умовах беларуская семінарыя існаваць не магла і 15 чэрвеня 1921 года па загаду дырэктара Дэпартаменту Асветы настаўніцкая семінарыя была зачынена, а затым у гэтых мурах пачала дзейнічаць польская настаўніцкая семінарыя, нягледзячы на шматлікія просьбы і пратэсты жыхароў Барун.

Такім чынам, семінарыя была ліквідавана не зрабіўшы ні аднаго выпуску. Калі вучні даведаліся пра гэта, то сваімі сіламі паставілі “Паўлінку” Янкі Купалы. Сам дырэктар семінарыі Сымон Рак-Міхайлоўскі пакінуў Баруны ў 1922 годзе, пасля таго, як цалкам былі страчаны надзеі працягваць вучобу ў базыльянскіх мурах.

Нягледзячы на такі кароткі і складаны лёс, беларуская настаўніцкая семінарыя ў нашым мястэчку яскрава паказала, што на нашай зямлі ёсць і будуць беларусы, якія імкнуцца да навукі і будуць абараняць сваё роднае і дарагое – мову.

Люблю цябе, мой родны краю

І калі мой апошні час праб’е

Скажу табе без пахвальбы, што паміраю,

Аддаўшы ўсё, што меў найлепшага, табе

Пятро Бітэль

Гэтыя словы напісаў выпускнік Барунскай польскай настаўніцкай семінарыі Пятро Іванавіч Бітэль. На час вучобы бацькі ўладкавалі Пятра жыць да сваіх сваякоў на хутар за паўтара кіламетра да мястэчка. Вось як успамінае гады жыцця і вучобы: “Жыў я там у жудасных умовах - маленькая ў два акенцы хаціна пасярод чыстага поля, без сяней і без падлогі; апроч мяне пяць чалавек сям'і (трое дарослых і двое дзяцей 4 і 6 гадоў) пераносілі тут холад і нястачы. У хаце пад печчу зімавалі куры, за печчу на катуху з бульбай раскладваў я на ноч свой тонкі сяннічок; займацца зададзенымі ўрокамі было немагчыма - у гаспадароў не было лямпы, вечарам гарэў куравы начнічок або лучына. Тут, як ніколі дагэтуль, я пазнаў і сцюжу, і недаяданне і нарэшце апаршывеў струпамі каросты і быў адпраўлены дамоў на некалькі тыдняў на лячэнне. Вярнуўшыся, мусіў даганяць прапушчанае, дык з мізэрнымі адзнакамі закончыў той курс падрыхтоўчы, які па праграме прыраўноўваўся да сёмага класа звычайнай школы. З кандыдата перавялі мяне ў гурт паўнапраўных семінарыстаў, на першы курс. Трэба зазначыць, што ў першы год маёй барунскай вучобы (1925/26 навучальны год) маімі настаўнікамі былі апроч іншых Тамаш і Марыя Багушэвічы - сын і нясестка класіка нашай літаратуры Францішка Багушэвіча. Ён вёў урокі ручной працы і малявання, яна выкладала польскую мову і літаратуру. Дзякуючы ёй я прыахвоціўся да добрых кніжак і пачаў рабіць нясмелыя спробы ўласнага пяра, вядома, па-польску.

Беларуская мова выкладалася ў нас як прадмет, аднак адносіны да яе былі даволі абыякавыя. У Барунах выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры быў настаўнік Дамарадскі.

З пачаткам новага 1926/27 навучальнага года мяне прынялі ў інтарнат, але плаціць па 40 злотых у месяц я не мог, дык атрымаў толькі кватэру, а харчавацца прыходзілася сухім пайком, як тады ў нас называлася, "з куфэрка" (прывезенай з дому скваркай і хлебам). Часам удавалася з'есці міску супу, пакінутага сябрамі ў інтарнацкай сталовай. Стыпендыю атрымаў толькі на другім курсе, і захавалася яна за мной і праз трэці курс.

Барунская семінарыя далей трэцяга курса не развілася, на апошнія два курсы накіроўвалі нас у Віленскую настаўніцкую семінарыю імя Томаша Зана.

Пятро Бітэль (Пётр Іванавіч) - беларускі святар, паэт і перакладчык. Нарадзіўся 19 чэрвеня 1912 года ў мястэчку Радунь Лідскага павету. Скончыў Беларускую Віленскую настаўніцкую семінарыю ў 1931г.,. У 1931-39 настаўнічаў. У 1944годзе быў вывезены ў Германію. Вызвалены ў 1945годзе. Стаў праваслаўным святаром. У 1950 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. У 1956 г. вызвалены. Да 1963 года служыў у царкве. Пятро Іванавіч з’яўляецца аўтарам аповесці “Баруны” і мемуара “Праз церні і завалы”.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Польшы пасля 1921 года на тэрыторыі Ашмяншчыны быў арганізаваны рэвалюцыйны рух супраць новай улады. Актыўнымі дзеячамі нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыі Беларусі былі: камсамолец Счастны Уладзімір Давыдавіч, член Камітэта КПЗБ Арэхва Мікалай Сямёнавіч, відавочнік і ўдзельнік рэвалюцыйных падзей Голяс Міхаіл Вікенцьевіч. Менавіта Гэтыя людзі рызыкуючы сваім жыццём праводзілі гутаркі, лекцыі з мясцовым насельніцтвам, дастаўлялі савецкую літаратуру і перыёдыку, распаўсюджвалі лістоўкі, падтрымлівалі сувязь з савецкай уладай.

І цяпер мы яшчэ раз звернемся да сучаснай гісторыі нашай школы, якая адлічвае свае старонкі жыцця з 1700 года. Яшчэ ў 1933 годзе школа стала сямігадовая, але навучанне вялося на польскай мове, у першыя пасляваенныя гады, а менавіта з 1944 па 1947 год школа была пачатковая, з 1947 па 1955 год – сямігадовая. Статус сярэдняй школа атрымала толькі ў 1955 годзе. Звярнуўшы ўвагу на фотаздымкі вы можаце пазнаёміцца з выглядам школы ў канцы ХХ ст. А ў 2000 годзе школа адзначала 300 гадовы юбілей. Школа атрымала віншаванні ад прадстаўнікоў мясцовай, абласной улады, а таксама ад Міністэрства адукацыі і Старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень Баруны з’яўляюцца аграгарадком, ў школе зроблены капітальны рамонт, працуюць___________ настаўніка, ________ чалавек тэхперсанала, вучацца ______ вучня. Дырэктарам Барунскага вучэбна-педагагічнага комплекса з 1989 года з’яўляецца Франц Вацлававіч Станулевіч.

Падзеі Першай сусветнай вайны не абмінулі барунскую зямлю. Участак фронта ў раёне Смаргонь – Крэва – Баруны быў адным з самых цяжкіх для ваюючых бакоў на ўсім руска-германскім фронце. Менавіта на гэтым участку ўсходняга фронта ўпершыню германская армія выкарыстала хімічную зброю. Гэта адбылося 2 ліпеня 1916 года ў 3 гадзіны 15 хвілін раніцы. У выніку гэтай атакі атруціліся 40 афіцэраў і 2076 салдат, 5 афіцэраў і 429 салдат памерлі. Нават сёння ад Барун да Смаргоні захаваліся рэшткі абарончых збудаванняў. Раз-пораз у лясах натрапляеш на ДОТы, добра бачны абрысы лініі акопаў. З мэтай падняцця баявога духу салдат была стварана “Першая жаночая каманда смерці”, так званы “жаночы батальён смерці”, пад камандаваннем Марыі Бачкаровай, які налічваў каля 200 жанчын. 9 ліпеня 1916 года яны ўпершыню правялі бой пад Крэвам. Пасля Першай сусветнай вайны “жаночы батальён смерці” распусцілі, Сама Марыя Бачкарова ўключылася ў белы рух і па паручэнню адмірала Калчака сфарміравала жаночы санітарны батальён у 200 чалавек. Пасля таго, як Чырвоная Армія захапіла Омск, бальшавікі арыштавалі і прыгаварылі яе да растрэлу. У маі 1920 года Марыя Бачкарова была растраляна. Рускай Жанне д’Арк ішоў 31 год.

25 верасня 1916 года па заданню штаба фронту быў зроблены авіяналёт на штаб 89-й рэзервавай германскай дывізіі, а таксама на артылерыйскія склады і аэрадром у раёне мястэчка Баруны. Раніцай з аэрадрома каля вёскі Мясота падняліся 2 самалёты “Ілля Мурамец” і 13 малых апаратаў “Маран – Парсоль”. На сярэдзіне шляху “Ілля Мурамец” (М-16) паручніка Дз. Дз. Макшэева развярнуўся назад па прычыне непаладак з Крайнім правым рухавіком. Калі атрад выканаўшы заданне вяртаўся на аэрадром у небе з’явіліся нямецкія знішчальнікі. У гэты час да цэлі набліжаўся самалёт паручніка Дз. Макшэева, які вырашыў самастойна правесці бамбардзіроўку. У небе завязаўся бой. “Ілля Мурамец” №16 быў атакаваны адначасова чатырма нямецкімі знішчальнікамі – двума “Альбатросамі С-ІІІ” і двума “Фокерамі”. У баі тры нямецкія аэрапланы былі збіты, але і рускі паветраны карабель быў сур’ёзна пашкоджаны. Самалёт разбіўся, а яго экіпаж – Дз. Макшэеў, ін, Ф. Гаібаў, ў – загінуў. Лётчыкаў пахавалі на так званых нямецкіх могілках у Барунах. Усе лены экіпажа М-16 былі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі св. Георгія 4-й ступені.

У гэтым годзе наша краіна святкавала 65 годдзе са Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта адначасова і радасная і сумная дата. На Беларусі няма ні адной сям’і, якую б не закранула гэтая страшная і жудасная вайна, якая забрала кожнага чацвёртага беларуса, пакінула калекаў і інвалідаў, пакінула маленькіх дзетак без бацькоў.

У Барунах за час вайны было спалена 30 дамоў. На вялікае шчасце кляштар і касцел засталіся. У памяці жыхароў Барун захаваліся падзеі 25 чэрвеня 1941 года. У гэты дзень Аўдзеў Аляксандр Мікалаевіч са сваім таварышам Страленка Пятром Філіпавічам (абое лётчыкі 43-а бліжнебамбардзіровачнага авіяпалка) у раёне дарогі Ашмяны-Валожын накіравалі свой самалёт на нямецкую мотакалону.

Але нарэшце прыйшоў доўгачаканы час вызвалення. Ашмянскі раён быў вызвалены вайскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай наступальнай аперацыі, праведзенай у перыяд з 5 па 20 ліпеня 1944 года, якая ў свайгу чаргу з’яўлялася часткай Беларускай аперацыі, вядомай пад кодавай назвай Баграціён (23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 года).

На зыходзе 6 ліпеня 1944 года нямецкія войскі ў паласе арміі занялі для абароны загадзя ўмацаваны рубеж, пярэдні край якога праходзіў па лініі Жупраны – р. Ашмянка – Куцавічы – Баруны. Абарончыя збудаванні гэтага рубяжа не былі закончаны. Немцы мелі намер пабудаваць тут магутную ўмацаваную сістэму ў якасці асноўнага рубяжа на ўсходзе, таму рубеж і атрымаў назву “Остваль” (“Усходні край”). Рубеж да пачатку баявых дзеянняў быў заняты войскамі, якія правялі неабходныя ўдасканаленні ў абарончых збудаваннях і сістэме агню. Баі за рубеж пачала 11-я гвардзейская армія пад камандаваннем генерала-палкоўніка Галіцкага К. Н. 7 ліпеня 1944 года. Менавіта ў гэты дзень і былі вызвалены Баруны.

Вось і наступілі першыя мірныя пасляваенныя гады. Гаспадарка раёна знаходзілася ў крытычным стане. У даваенны перыяд не да конца была праведзена праца па стварэнню калгасаў і саўгасаў. Не хапала працоўных рук. Кідаецца ў вочы, што асаблівай ахвоты ўступаць у калгасы сяляне раёна і не праяўлялі. Нельга не ўлічваць яшчэ адну акалічнасць – да пачатку 1950-х гадоў вялася жорсткая барацьба паміж прыхільнікамі савецкай улады і рэшткамі былой Арміі Краёвай, і актыўныя калгаснікі іншы раз станавіліся ахвярамі гэтай барацьбы. Вось, напрыклад, загінуў першы старшыня калгаса “17 Верасня” Юльян Антонавіч Пількоўскі. Але калгас быў створаны і згодна з прыказам ад 10 студзеня 1964 года саўгас “Баруны” быў выдзелены з саўгаса “Гальшанскі”. У 70-х гадах пачалося ўзбуйненне, гэта значыць аб’яднанне калгасаў. У 1978 годзе да саўгаса “Баруны” быў далучаны саўгас “Гінеўцы”, а ў 1987 годзе і саўгас “Гарэцкаўшчына”. На сённяшні дзень гэта эксперыментальная база па вырошчванні бульбы.

Вугалок ткачыхі

Ад родных ніў, ад роднай хаты,

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

З сівой даўніны і на працягу доўгіх стагоддзяў ткацкі станок надзейна служыў людзям. З пакалення ў пакалення перадаваліся таямніцы ткацкага майстэрства, і ўрэшце нялёгкая праца ператварылася ў высокае мастацтва. Сведчанне таму – створаныя пад сялянскімі стэхамі і ўпрыгожаныя спрадвечнымі ўзорамі-замовамі абрусы, дываны, ручнікі. А асноўным матэрыялам для беларускай ткачыхі з’яўляўся лён.

Лён у XIXXX стст. адыгрываў важную ролю ў жыцці насельніцтва нашага краю. Таму прадпрымаліся крокі для паляпшэння яго гатункаў і ўраджайнасці. Выкарыстоўваліся ўгнаенні, заводзіўся і рэалізоўваўся сорт ільну-даўгунцу, пачалі выкарыстоўвацца новыя прылады працы для яго апрацоўкі і вырошчвання.

Лён шмат даваў жыхару Беларусі, але ж колькі турбот і працы патрабавалася, каб ільняная нітка лягла ў адзенне ці прыгожы ручнік. Калі сеялі лён, трэба было не толькі добра ўзараць і забаранаваць поле, але яшчэ ўручную разбіць камы, зберагчы поле ад птушак, пустазелля і шкоднікаў. Калі ж лён адцвітаў, трэба было «браць». Бралі лён у жніўні, баяліся, каб не перастаяў.

Ткацтва з’явілася яшчэ ў эпоху неаліту. Для яго выкарыстоўваліся шэрсць, лён, каноплі, крапіва. Адбеленае палатно ў летапісах згадваецца нароўні з каштоўным шоўкам і сукном.

Апрацоўка ільну прадугледжвала працэс аддзялення галовак ад сцяблін. Вядомыя два спосабы: абіванне і абрыванне. У беларусаў найбольш распаўсюджана – абіванне. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі дравяны валік (“пральнік”, “пранік”)драўляны прамавугольны брусок, даўжынёй 25 – 30 см. Пры абрыванні выкарыстоўваліся нажы. Яны нагадвалі цяпку з зуб’ямі.

Наступны этап – атрыманне валакніны. Спачатку ільняную саломку змягчалі. Сцялілі лён на роўнай паверхні, і ён змягчаўся пад уплывам расы, дажджу і сонца. Вылягаць лён мог ад 3 да 6 тыдняў, у залежнасці ад надвор’я. Часта лён мачылі ў вадаёмах. Часта гэта дрэнна ўплывала на рыбу. Падняты лён вязалі ў снапы.

Пасля прасушкі лён мялі. ужо ў X–XIV стст. славянскія народы для апрацоўкі валакна выкарыстоўвалі льнамялкі. Яны маглі быць як ручнымі так і нажнымі, у нашым выпадку гэта ручная

Пасля валакно трапалі, выкарыстоўваючы дзеля гэтага трапло – тонкую дошку, 40–45 см даўжынёй і 6–8 см шырынёй і трапалку. А пасля валакніну шкраблі драўлянымі ці жалезнымі грабянямі. Валакніна, якая атрымлівалася, звалася кужаль. Яго скручвалі або запляталі ў косы, і гэтак захоўвалі да прадзення.

Шэрсць была таксама распаўсюджанай сыравінай для вырабу тканін. Апрацоўка складалася з трох этапаў: стрыжкі авец, мыцця і шкрабцення. Стрыглі спецыяльнымі нажніцамі, якія на Беларусі былі вядомыя ўжо з V ст. Яны ўяўлялі сабою жалезную пласціну, якая была сагнутая пасярэдзіне і нагадвала лацінскую літару γ (гама).

Прадзенне займала адно з важных месцаў у гаспадарцы. Выраб нітак займаў 75% агульнай вытворчасці. Пралі у асноўным на ручным верацяне.

Працэс прадзення наступны. Нітку скручвалі на верацяне. Верацёны рабілі конусавіднымі, даўжынёй 18 – 30 см., з патаўшчэннем пасярэдзіне і надзетым на ніжнюю частку прасліцам, якое выкарыстоўвалася дзеля паскарэння кручэння верацяна падчас прадзення.

Пралі ў асноўным жанчыны. Жанчына трыма пальцамі левай рукі выцягвала валокны з кудзелі, а трыма пальцамі правай рукі круціла верацяно. Калі нітка дасягала даўжыні выцягнутай рукі, яна наматвала нітку на пальцы левай рукі, а потым навявала яе на верацяно і на верхняй, завостранай, частцы замацоўвала пятлёй.

З маленства дзяўчаты навучаліся розным відам рукадзелля, у тым ліку прадзенню, бо інакш нельга было выйсці замуж. Існавала прымаўка: "Не пралля - не жонка". Таму гадоў ужо з 5- 7 іх прывучалі да прадзення. Дагадоў яны плялі, у асноўным, шарсцяныя паясы да свайго вяселля. Прасці пачыналі пасля заканчэння ўсіх уборачных работ, з глыбокай восені, калі наступала сумная пара года з кароткімі днямі і доўгімі начамі. Жанчыны займаліся прадзеннем ва ўсе дні тыдня, за выключэннем свят і нядзелі. Нярэдка для прадзення кудзелі замуж нія жанчыны і дзяўчаты збіраліся ў адну, звычайна найбольш прасторную хату. Пад час вячорак расказвалі казкі, жартавалі, пелі песні.

Пражу змотвалі ў маткі на самаробных драўляных прыстасаваннях — матавілах, якія ў нашых мясцінах называліся крыжы. Потым з маткоў ніткі змотвалі рукамі ў клубкі.

У XX ст. у сялянскім побыце распаўсюджаны быў калаўрот (“самапрадка”). Прасніца для калаўрота выглядае, як невялікая лапатачка, яна ўстаўляецца ў спецыяльную адтуліну ў самапрадцы. Самапрадка складаецца з кола, педалі, прадзільнага апарата. За зіму трэба было на вялікую сям'ю выткаць да 150 метраў тканіны.

Ніткі мылі і фарбавалі. У другой палове XIX ст. выкарыстоўвалі часцей за ўсё фарбы, якія атрымоўвалі з раслін. Нашы старэйшыя зямлячкі ўспамінаюць, што рабілі для афарбоўкі льняной пражы адвар з кары дуба, ясеня, крушыны і інш. Пазней фарбы купляліся ў крамах ці ў вандруючых гандляроў.

Выраблялася тканіна на кроснах. Яшчэ ў эпоху неаліту выкарыстоўвалі спецыяльныя дошчачкі – невялікія квадраты (10 – 15 см.) з дзірачкамі па чатырох кутах. Праз іх прапускаліся ніткі асновы. Дошчачкі круцілі па крузе злева направа, і ў аснове атрымліваўся зеў, куды прапускалася ўточная нітка.

Выкарыстоўвалі берда – прамавугольную раму, у якую ўстаўлялі тонкія (1 мм.) лучынкі (асінавыя або кляновыя). Памер берда залежыў ад якасці будучай тканіны. Дзеля атрымання грубай тканіны берда рабілася шырокім, зуб’е было радзей і бралася меншая колькасць пасмаў (8, 10, 12). Для тонкіх тканін берды браліся больш густыя. У X – XIII стст. сустракаліся берды шырынёй да 1 м.

Таксама былі часткі, якія не ўваходзілі ў канструкцыю стану, але з’яўляліся неабходнымі для ткацтва: чаўнок, цэўкі, сукала і пругі. Цэўка – палачка, даўжынёй 14 – 16 см., часцей за ўсё з бузіны, полая знутры, з невялікімі патаўшчэннямі па канцах. Выкарыстоўвалася для наматвання нітак утоку. Наматвалі з дапамогай сукала – 2 стойкі з замацаваным паміж імі валікам з махавым колам, якое пасіляла кручэнне валіка. На замацаваны з другога боку жалезны сцержань надзявалася цэўка. Цэўка памяшчалася ў чаўнок, які было патрэбна добра адшліфаваць, каб ён лёгка скальзіў паміж ніткамі асновамі. Пругі выкарыстоўваліся для раўнамернага нацягу тканіны. Гэта дзве накрыж скрэпленыя дошчачкі з убітымі па канцах цвікамі. Яны ставіліся на тканіну па цэнтры пад тупым вуглом, цвікі ўколваліся ў краі тканіны, дошчачка разпрамлялася і нацягвала тканіну.

Працэс вырабу тканіны, як бачна, — вялікая і нялёгкая праца жанчыны-сялянкі. Ён вёўся на працягу некалькіх месяцаў. Пры гэтым жанчыне даводзілася працаваць па 10 і больш гадзін у суткі. Адна жанчына, як сведчаць этнаграфічныя крыніцы, магла спрасці і выткаць за зіму да 100 аршын палатна (аршын каля 70 см).

У ткацтве найбольш ярка адлюстравана шматвяковая гісторыя развіцця творчых сіл беларускіх сялянак, іх майстэрства і эстэтычныя густы.

Каб пража і даматканае палатно былі белымі, маткі пражы вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, затым рассцілалі на роснай траве пад сонцам. Такі спосаб бытаваў да сярэдзіны XX ст. Натканае палатно захоўвалі спачатку ў кублах, потым у куфрах, якія ў нашай мясцовасці называюцца сундукамі.

Асноўнымі прадметамі дамашняга вырабу заставаліся ў пачатку XX ст. паясы, ручнікі, абрусы. Абрусы былі паўсядзённымі і абрадавымі. Абрадавыя абрусы выкарыстоўваліся на вяселлі, ішлі на пасаг. Абрадавы абрус браўся ў час памінак на магілы родных. Лепшага ручніка, чым ільняны, не знайсці. Яго палатно, як абрадавая рэч, ішло на набожнікі (ручнікі для чырвонага кута), больш грубыя і доўгія служылі ўціральнікамі, якімі карысталася сям'я.

Ручнік з'яўляецца дэталлю многіх рытуалаў, абрадаў нашай мясцовасці. У час хрэсьбін, вяселля, пахавання ручніку адводзіцца асаблівае месца. Арнаментуюцца ручнікі багата. Ромба-геаметрычныя ўзоры былі пераважаючымі па колькасці на рубяжы XIX — XX стст. Паступова набываў усё большую папулярнасць раслінны арнамент, канцы ручнікоў упрыгожвалі карункамі, плеценымі з нітак, вязанымі на прутках, вышыўкай. Існуе і вышыўка па гатовым узоры.

Хрэстаматыйны прыклад традыцыйнага ткацкага вырабу можна назіраць і на знакамітым партрэце Ф. Скарыны 1517 г. Паколькі ў гэты мастацкі твор уведзены такія прадметы як гарлач, вярэнька з лубу, можна меркаваць, што і ручнік уяўляе сабой тыповы для тагачаснага беларускага побыту прадмет. Ён аздоблены папярочнымі бардзюрамі, і хоць абрысы ўсіх элементаў ясна не прачытваюцца, матыў зігзагу ва ўзоры відавочны.

Беларуская хатка

Сярод відаў матэрыяльнай культуры можна адзначыць жытло і ежу, якія нават у сучаснай вёсцы захавалі рысы традыцыйнасці.

На Беларусі склаўся пэўны характэрны комплекс сельскіх паселішчаў. Асноўныя назвы іх — вёска, сяло, слабада, ваколіца, засценак, мястэчка. Вёска (слова ўзнікла ад старажытнаславянскага “весь”) — асноўны тып вясковага паселішча — гэтак называлася, незалежна ад памераў, кампактнае пасяленне сялян. Зазвычай вёска не мела вялікіх сакральных, адміністрацыйных пабудоў; акрамя сялянскіх сядзіб, у ёй магла размяшчацца, хіба, карчма. Сяло да пачатку ХІХ ст. было досыць пашыранай назвай сельскага паселішча. Ад вёскі яно адрознівалася больш буйнымі памерамі, а таксама наяўнасцю адміністрацыйных устаноў, храмаў, адносна буйных кірмашоў. Разам з тым, пасля далучэння да Расіі сёлы паступова страчвалі свае старажытныя тыпалагічныя прыкметы, і на нашых землях пачала дамінаваць назва вёска. Слабодамі называліся пасяленні, жыхары якіх у ХVІІ—ХVІІІ стст. вызваляліся на пэўны час ад выплаты падаткаў, мелі льготы ў выкананні павіннасцяў з прычыны дрэннай якасці глебы (адсюль, магчыма, этымалогія слова слабада — паслабленні). Пазней слабодамі сталі называцца пасяленні рамеснікаў каля гарадоў, якія адсланіліся ад сельскай гаспадаркі, але не зрабіліся гараджанамі.

Характэранай асаблівацю беларускіх сельскіх паселішчаў з'яўляюцца ваколіцы — невялікія пасяленні дробнай шляхты, зазвычай агароджаныя плотам (там маглі жыць і зямяне, баяры — пераходныя групы паміж шляхтай і сялянамі). Тыпалагічна да ваколіцы быў падобен засценак — пасяленне, узніклае ў выніку “Уставы на валокі” за межамі (“сценамі”) зямлі, адмыслова падзеленай між сялян. Такія дзялкі зазвычай аддаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Ваколіцы і засценкі з цягам часу пераўтварыліся ў вёскі ці зніклі. Памежнае становішча ад гораду да вёскі займала мястэчка — адносна буйное селішча, вядомае на нашых землях з ХV ст. Заснаванае па каралеўскім прывілеі (ці самазвана), мястэчка абавязкова наладжвала таргі, а таксама кірмашы. Почасту яно мела й адміністрацыйныя ды культавыя ўстановы, сядзібу феадала. Насельніцтва мястэчка складалі гандляры, рамеснікі, сяляне.

Істотныя рэгіянальныя адрозненні бачны і ў планіроўцы пасяленняў. Заўважны ўплыў на характар планіроўкі зрабіла валочная рэформа, дзякуючы якой павялічылася колькасць вёсак з вулічнай планіроўкай, дзе сядзібы ішлі ўздоўж адной вялікай вуліцы, а насупраць ставіліся гаспадарчыя збудовы (так было, калі валоку трымаў адзін гаспадар), ці хаты — уздоўж вуліцы насупраць адна адной. На паўночным усходзе і ўсходзе вёскі былі параўнальна невялікімі, а планіроўка — аднарадная — уздоўж берагоў шматлікіх рэк і азёр, а таксама — бессістэмная. Разам з тым, меліся і вёскі з вулічнай планіроўкай.

Тыповы набор гаспадарчых пабудоў таксама вылучаўся рэгіянальнымі і этнаспецыфічнымі характарыстыкамі. У яго ўваходзілі хата, да якой прымыкалі камора ці варыўня, клець (на захадзе называлася свіран), хлявы (хлеў для коней — стайня), павець, адрына ці пуня — збудова для захавання сена, пограб (склеп), гумно з сушылкай (ёўняй, асеццю) ці без яе, лазня, калодзеж (студня); двор быў абгароджаны плотам. У ХVІІ—ХVІІІ стст. меліся і спецыяльныя ямы-сховішчы, у якіх наводдаль ад вёскі, у глухіх месцах, хавалі ежу і прадметы хатняга ўжытку — асабліва падчас ваенных дзеянняў.

За межы сядзібы выносіліся гумно, пуня, калодзеж. Пры гумне — сушыльні.

Лазні былі найбольш вядомы на ўсходзе і ўсходняй поўначы Беларусі. У заходніх раёнах мыліся ў хатніх печах, вялікіх карытах, улетку — у вадаёмах. Для мыцця маглі выкарыстоўваць і ёўню(сушылку — там была печ для сушкі збожжа

Цэнтральнае месца у сядзібе займала хата. Неабходна адзначыць тое, што нашы прашчуры мелі сваю філасофію жылля, якая адлюстроўвалася ў розных абрадах, звычаях, павер’ях.

У народным уяўленні здаўна прасочваецца сувязь паміж пабудовай жытла і будовай сусвету. Хата асэнсоўвалася як частка сусвету і, адначасова, - мадэль сусвету, што можна ўбачыць на дададзеным малюнку:

vera3

Пра сувязь з кірункамі свету не забываліся і тады, калі арыентавалі хату ў прасторы. Тая сцяна, на якой будуюць вокны, павінна была глядзець ці то на ўсход, ці то на поўдзень, але ніяк не на захад ці поўнач. І гэта абумоўлівалася не толькі патрэбамі асвятлення памяшкання. Дыяганаль покуць (“чырвоны” кут) – печ і вызначала арыентацыю хаты ў прасторы сусвету. У народзе бытавала нават такое абрадавае дзейства: маці, сын якой быў у салдатах і ад якога даўно не было весткі, брала лусты першага навагодняга хлеба і клала на ноч у чатырох кутах хаты; калі раніцай усе яны цэлыя, то і сын цэлы і здаровы, а калі ж якая знікае, то і сын забіты ў той старане, на якую паказвае кут.

Столь у хаце сімвалізавала неба. Па ім – доўга трымалася ў народным уяўленні – рухалася сонца. Вышэй столі завоблачны свет, які абмяжоўваўся дахам хаты. Менавіта там, на гарышчы, паводле народных павер’яў, жылі духі памерлых продкаў.

Пераступанне цераз парог як мяжу паміж прасторай хаты і навакольным светам у народным побыце заўсёды суправаджалася рытуальнымі дзеяннямі. Напрыклад, у даўняй Беларусі, калі варочаліся з царквы пасля хрышчэння, бацька клаў немаўлятка на некалькі хвілін на парозе, што звалася “асвятліць дзіця цераз парог”. Так адзначаўся ўваход у хату новага члена сям’і.

Падчас сватання сват, пераступіўшы парог, нізка кланяўся і казаў пахвалёнага, а потым у сваім слове велічаў парог “залатым”. Свацці ж, пакуль не дагаворацца з бацькамі нявесты, не мелі права адысці ад парога.

Пра небяспечнасць парога можна меркаваць і з павер’я, што кінутыя на парозе рэчы нельга падымаць, бо яны могуць быць зачараваны.

Найбольш старадаўняя хата — аднакамерны будынак, да якога потым дадалі сенцы — так утварыўся двухкамерны будынак. Далейшая эвалюцыя хаты адбывалася праз ускладненне планіроўкі. Хутчэй за ўсё, першым трохкамерным будынкам быў у старажытнасці гэткі, што меў планіроўку хата+сенцы+камора.

Трохкамерная планіроўка почасту ўзнікала ў выніку будаўніцтва пераходу з хаты ў клець, як гэта было ў старажытнасці, за конт прыбудовы да сенцаў яшчэ аднаго памяшкання, ці з патрэбы ўтварэння ў сенцах закутка, які рабіўся з цягам часу асобным памяшканнем — каморай, дзе захоўвалі збожжа, харч, каштоўныя рэчы, жорны; а на зімовую пару пераводзілі й жывёлу. Прыбудаванае памяшканне магло мець куды меншыя за хату памеры і ўласны дах. У адносна заможных сялян камора існавала асобна — у выглядзе клеці, свірана.

Саму хату будавалі выключна з дрэва— яліны, хвоі. Цвікі таксама былі драўлянымі. На ніжнія вянцы выкарыстоўвалі дуб. Выкарыстоўвалі камяні-валуны, паміж якіх насыпалася дробнае каменне; іншым разам хату ставілі непасрэдна на зямлю.

Жытло было зрубнай канструкцыі і складалася з гарызантальна ўкладзеных бярвенняў; сцены маглі рабіць і з распілаваных напалам бярвенняў — дыляў, а таксама, зрэдку,— з брусоў. Паміж бярвеннямі дзеля ўцяплення затыкалі мох. Ніжнюю частку сцяны ўсярэдзіне хаты пакрывалі глінай.

У вуглах бярвенні злучаліся, як можна меркаваць, разнастайнымі спосабамі, найчасцей — з астаткам, калі канцы бярвенняў выступаюць за сцены. Страха была пераважна двухскатнаю.

Вокан (невялікіх, без рам, зачыняных засаўкамі, нярэдка — зацягнутых бычыным пузыром) зазвычай было тры ці чатыры. Два параўнальна вялікіх вакны абавязкова сыходзіліся там, дзе ў хаце ўтвараўся кут (кутнія вокны). Над дзвярыма размяшчалася вакенца для выхаду дыму, бо хаты былі без дымаходаў.

Падлога — добра утаптаная земляная ці глінабітная. Хаты зазвычай ставілі бокам да вуліцы (за выключэннем вёсак з вулічнай планіроўкай, вядомай пасля валочнай рэформы).

Да другой паловы ХІХ ст. хата была пераважна курнай, і працэс усталявання комінаў ішоў досыць марудна. У канцы 20-х гг. ХІХ ст. у хатах без коміну ў той час на Палессі жыла нават дробная шляхта. Адтуліна для дыму рабілася над дзвярыма, дым выходзіў таксама праз адтуліну ў столі пасярэдзіне хаты, што закрывалася зверху, і, зразумела,— праз вокны.

Перад хатай была прыступка — калода ці камень. У хату ўваходзілі праз нізкія дзверы, пераступаючы праз парог.

Глінабітная печ, што з'явілася ў хаце пазней, размяшчалася адразу ля уваходу, справа ці злева ад яго. У куту каля печы быў качарыжнік — месца, дзе стаялі качарга, ухват, венік, іншыя прылады. З другога боку ад уваходу размяшчаўся “бабін кут”: стаялі вёдры, была падвешана палічка з посудам. За павернутым у хату вуглом печы станавіўся прыпечны слуп. Наяўнасць гэтага слупа ў старажытнасці досыць верагодная, бо менавіта вакол яго разгортваўся рытуал найбольш даўняга вясельнага абраду — слупавога. Ад печы да бакавой сцяны ішлі спальныя памосты: ніжні — пол, і той, што быў меншым у памеры,— палаці. Побач з імі была падвешана люлька. Ад пачывальных месцаў да куту ўздоўж сцяны стаяла шырокая, нязрушная лава (дубовая ці хваёвая), а да яе, уздоўж бакавой сцяны, падыходзіла яшчэ адна, гэткая ж. На покуці традыцыйна віселі абразы, агорнутыя ручнікамі, і стаяла дзяжа. Бліжэй да куту ставілі стол з невялікай перанасной лаўкай — услонам.

Хата асвятлялася лучынамі, замацоўванымі ў лучніках ці папросту паўтыканымі ў сцяну.

Параўнальна невялікую плошчу хаты, дзе жылі 5—6 чалавек, займалі таксама досыць буйныя працоўныя прыстасаванні — у зімовы час там стаялі кросны, увосень (альбо і ўвесь час) — жорны. Там жа трымалі хатнюю птушку, маю на ўвазе курэй, гусей, індыкоў, узімку цялят, дробных жывёлін.

Хата, жытло чалавека, у народнай аксіялогіі беларусаў сімвал найвялікшай каштоўнасці: "Свая хатка як родная матка".

Своеасаблівай воссю жытла выступае дыяганаль кут - печ, якая адным канцом паказвае на святло, усход, божы бок, а другім - на захад, цемру.

Хаты стараліся не ставіць на месцы, дзе раней пралягала дарога, было папялішча, знойдзены косткі, дзе пралілася кроў. Пад пабудову не бралі дрэвы, паваленія бурай, рыпучыя. Будаваць пачыналі ў пэўныя часы згодна са станам Месяца, у першы дзень клалі толькі адзін вянок, цэлы год не дакрывалі страху ў сенцах. У асобны рытуал разгортвалася і наваселле.

Значную ролю ў семантыцы жыллёвай прасторы і яе элементам грае традыцыйны інтэр'ер сялянскай хаты. Ля ўваходу печ, ля якой знаходзіўся качарэжнік. Супраць печы каля ўваходу размяшчаўся гаспадарчы ("бабін") кут, дзе стаялі вёдры, кадушкі. Па дыяганалі на ўсход віселі абразы, там знаходзілася покуць, пасярод пакоя стаяў стол.

Ахова хаты ад вонкавых негатыўных уздеянняў ажыццяўлялася праз змяшчэнне ля яе межаў самых розных прадметаў-апатрапеяў: калючыя расліны, ад пажару, пад страху торкалі галінкі елкі, ад навальніцы выносілі хлебную лапату.

Благім знакам, што прадказвае розныя няшчасці, лічылася з'яўленне ў хату розных птушак, жывёл, ці насякомых. Прылёт да хаты зязюлі крумкача, савы, улятанне ў акно невялічкай птушкі, паказвалі на хуткую бяду. Нават брэх сабакі ў хаце назаўсёды выганяў з яе анёлаў.

З левай стараны ад курнай хаткі мы можам убачыць серп, прыстасаванне для збору ягад, вілы і іншы сельскагаспадарчы інвентар і прылады працы.

Серп

Прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю, пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы). Да канца 19ст. сярпы рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. На Беларусі паўсюдна бытавалі сярпы паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). Сярпы вырабляліся на заводах, шмат іх прывозілі на Беларусь з Цвярской губерніі. Мясцовыя кавалі таксама рабілі сярпы са старых кос. Перад жнівом сярпы зазубрывалі, тачылі іх рэжучую частку. Звычайна ў гаспадарцы кожная жняя мела свой серп. Захоўвалі іх да пачатку жніва ў сухім месцы, пры гэтым рэжучую частку абкручвалі сухой анучай. Сярпамі жалі яшчэ ў 1х г. У наш час у калгасах і саўгасах збожжавыя культуры ўбіраюць камбайнамі і інш. машынамі; сярпом нажынаюць першы ці апошні сноп (зажынкі, дажынкі).

Вілы

Ручная прылада для падняцця і пераносу снапоў, сена, саломы і г. д. Вядомы вілы драўляныя і металічныя з 2-3 пальцамі (зубамі) даўжынею 40-50 см і круглым гладка адшліфаваным дзержаком даўжыней 1,5-3 м. У трохзубых вілах трэці палец размешчаны насупраць двух як проціпалец. Драўляныя трохзубыя вілы выкарыстоўваліся ў сялянскіх гаспадарках пры сціртаванні снапоў і саломы, стагаванні сена, двухзубыя – для вытрасання саломы ў час малацьбы, прыгатавання трасянкі. У наш час бытуюць вілы з металічнымі пальцамі.

Цэп

Прасцейшая драўляная прылада для малацьбы збожжа. Складаецца з гладка выструганай палкі-цапільна і біча, рухома змацаваных паміж сабой. Звычайна біч быў круглы з патаўшчэннем на канцы. Цапільна рабілі з легкіх парод дрэва (дубу, грабу і інш.). Спосабы мацавання біча да цапільна: гужавы, або гужыкам, з дапамогай адной ці двух капіц, пятліцавы і хамуцікам.

Лапці

Традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага), пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. Лыка для лапцей дралі ў маі-чэрвені, нарыхтоўвалі таксама луцце - тонкія ліпавыя жэрдкі з карой. У залежнасці ад тэхнікі вырабу вылучаліся два тыпы лапцей:прамога і касога пляцення.

Выраб лапцей быў пераважна мужчынскім заняткам. Лапці насілі мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці на працягу ўсяго года. Іх надзявалі на палатняныя анучы, зімой-на суконкі. Дробная шляхта замест ануч ужывала шарсцяныя панчохі.

Збан

Ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання малака і іншых вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай і вушкам-ручкай. Назва збан успамінаецца ў помніках старабел. пісьменнасці. Выраблялі збаны чорна-задымленыя і паліваныя па ўсей Беларусі.

Ложак

Від мэблі, прыназначаны для адпачынку і сну. Вядомы з часоў сярэднявечча ў сядзібна-палацавых інтэр’ерах. У народным сялянскім жыллі набыў пашырэнне з 19 ст., замяніўшы сабой у інтэр’еры хаты пол і палаці, часам бытавалі паралельна. У наш час самаробныя драўляныя ложкі выцясняюцца прамысловымі вырабамі: у 20-50-я г. металічнымі, у наш час-драўлянымі розных форм і відаў; традыцыйна аздабляюцца тканымі вырабамі прамысловай ці хатняй вытворчасці.

Лапата

Прылада, з дапамогай якой саджалі цеста ў печ і даставалі хлеб з печы, падграбалі на таку і перамешвалі збожжа, падграбалі і раўнялі бульбу ў буртах. Рабілі яе з дошкі звычайна лісцевых парод дрэва. Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату хрэнавым, кляновым ці дубовым лісцем, аерам і пасыпала зверху мукой. Захоўвалі хлебную лапату ў варыўні або ў каморы. Лапата для перамешвання збожжа мела неглыбокае авальнае выдзеўбанае дно.

Вілкі

Хатні бытавы (пячны) інвентар. Лакальная назва ўхваты. Паўкруглы жалезны рагач (ухват), насаджаны на доўгае драўлянае цаўё. Служыць для падхвату гаршкоў, чыгункоў, якія ставяць у печ або дастаюць з яе. У інтэр’еры традыцыйнай сялянскай хаты вілкі займаюць месца каля печы ў качарэжніку. Разам з качаргой, чапялой і інш. пячным інвентаром.

Карыта або ночва

Прадаўгаватая пасудзіна, выдзеўбанная з дрэва або збітая з дошак. Выкарыстоўваецца звычайна для кармлення і вадапою жывёлы.

Пранік

Пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі) бялізну пры мыцці, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён, проса.

Корабы з лубу

Ёмістасць для захоўвання і пераносу сыпучых прадуктаў (збожжа, мукі, круп, гароху і інш.), сплеценых з лубу. Круглыя ці авальныя корабы пераважна мелі канфігурацыю збанка, бочкі, гаршка, часта іх рабілі з вечкам; падстаўкай служылі адно ці два саламяныя звёны або лазовы прут. Мелі добрую вентыляцыю, таму ў іх нядрэнна захоўваліся прадукты. Корабы вылучаюцца разнастайнасцю форм, прыроднай прыгажосцю матэрыялу. Пашыраны былі на большай частцы Беларусі.

Вось і скончыўся наш час сустрэчы

Надышоў ужо і развітання час,

Ад шчырага сэрца, шаноўныя госці,

Мы дзякуем вам і чакаем да нас.

На гэтым наша абзорная экскурсія закончана. Рады былі бачыць вас у гісторыка-этнаграфічным музеі “Спадчына”. Дзякуем за ўвагу! Просім Вас аставіць свае ўражанні ў кнізе водгукаў.