17.05.2013 Бригадир с поэтическим именем Александрина живёт в Докшицком районе

У яе рэдкае імя – Александрына. Але яно як нельга лепш адлюстроўвае рамантычную натуру гэтай жанчыны, якая ў 55 год захавала тонкі дзявоцкі стан. Звычайна прадстаўніцы слабага полу, якім у сілу службовага становішча доўгі час даводзіцца кіраваць мужчынамі, пакрысе самі грубеюць, набываюць некаторыя, больш уласцівыя моцнаму полу, звычкі. Александрына Іванаўна Міцько за 34 гады так і не навучылася, напрыклад, крычаць, і для ўпэўненасці суправаджаць свае словы ненарматыўнай лексікай. Бывае, што выкарыстае моцнае слоўца, але гэта ў самым крайнім выпадку, калі ўжо не дапамагаюць ніякія іншыя аргументы. Яна больш прыхільнік палітыкі перніка. Лічыць, што лепш авансам перахваліць, чым загадзя пакрыўдзіць чалавека. Ад пахвалы вырастаюць крылы, а ад незаслужанай абразы апускаюцца рукі. Механізатары, вадзіцелі, а іх большасць сярод падначаленых Міцько, цэняць такія адносіны да сябе і стараюцца дастаўляць як мага менш непрыемнасцяў свайму брыгадзіру. У дзень юбілею сказалі Александрыне Іванаўне шмат прыемных слоў і ўсе хорам прасілі застацца працаваць.

А яна і ўявіць пакуль сябе не можа без свайго поля. І гэта не проста прыгожыя словы. На такіх працаўніках, як Александрына Міцько, без перабольшання, трымаецца сельская гаспадарка. Па мерках сённяшняга дня, вельмі цяжка кожны дзень большую частку года ўставаць у 4 гадзіны раніцы, падаіць тры каровы, прыгатаваць есці, дагледзець хворага мужа і ў 6.00 быць на планёрцы. Адтуль прамым кірункам ехаць на поле і не ў цёплай машыне, а на веласіпедзе, на матацыкле, на скутэры. Дзень кіраваць правядзеннем палявых работ, бо непасрэдна ад брыгадзіра залежыць якасць іх выканання. Дадому вяртацца позна вечарам і ўсё гэта далёка не за самую высокую зарплату (інакш тры каровы трымаць не трэба было б). Пэўна таму большасць сённяшніх маладых уяўляюць сябе толькі ў офісах за камп’ютарамі. Але ж там хлеб не расце, а без яго не толькі працаваць, жыць немагчыма.

НЕ нашли? Не то? Что вы ищете?

Калі ў 1978 годзе Александрына прыехала пасля заканчэння Лужаснянскага сельгастэхнікума працаваць у калгас імя Заслонава, то была ўпэўнена, што толькі на два гады. Любіла сваю Вілейшчыну і ўяўляла сябе толькі там. Але ёй пашанцавала на разумных настаўнікаў у асобе тагачаснага старшыні Васіля Арцёмавіча Ярошчанкі і брыгадзіра Сабіны Іванаўны Галоўчыц. Яны ўважліва сачылі за кожным крокам маладога спецыяліста і вучылі, каб сярод іх было як мага менш памылковых. Сабіна Іванаўна і да сённяшняга дня — самы большы аўтарытэт для брыгадзіра ААТ “Барсучанка” Александрыны Міцько. У маладосці ёй хацелася быць такой, як Галоўчыц, – усё разумеючай, ведаючай, якую любяць і паважаюць людзі. Хто ведае Александрыну Іванаўну, сцвярджаюць, што яна такая і ёсць. А яшчэ вельмі адказная і старанная.

Калі шчыра, то не раз прыходзілі думкі, каб змяніць работу, але поле бярэ ў палон не горш, чым мора. Зараз яна думае, што ўсё ж такі якое гэта шчасце сустракаць кожную раніцу, бачыць усход сонца, чуць чароўнае шчабятанне жаваранка! Толькі марак зразумее пачуццё аграрыя, які любуецца полем спелай збажыны і адчувае лёгкае галавакружэнне ад водару спелага хлеба. У шуме і тлуме гарадскім адна пара года імгненна змяняе другую, у сельскай цішы жыццё запавольваецца ад назірання за тым, як растуць дрэвы, зелянеюць гоні, спеюць суніцы.

Кожная вясна, як яшчэ адна маладосць, дае надзею на нешта добрае наперадзе. Для Александрыны Іванаўны – гэта мець сілы і здароўе на далейшую працу. А яшчэ б хацелася ёй бачыць побач сына. Ён закончыў ветэрынарную акадэмію. Працаваў два гады ў гаспадарцы, а потым з’ехаў у горад, хаця і нявестка, хоць і гарадская, а жыць у сельскай мясцовасці не супраць. Але не так даўно купіў дом у вёсцы. Маці спадзяецца, што гэта толькі першы крок, а потым будзе і другі – самы галоўны. Збярэцца сям’я разам, сын прадоўжыць справу бацькоў, ці ж гэта ні шчасце?

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: брыгадзір ААТ “Барсучанка” А. І. Міцько.

Чарвінскага.