Партнерка на США и Канаду по недвижимости, выплаты в крипто

  • 30% recurring commission
  • Выплаты в USDT
  • Вывод каждую неделю
  • Комиссия до 5 лет за каждого referral

ВЫРАТАВАЛІ ГРЫБНІКОЎ З ПАЛОНУ ДЗЯТЛАЎСКІХ БАЛОТ

Сапраўдны супрацоўнік міліцыі застаецца такім і ў будні, і ў святы. Ён у любую хвіліну гатовы прыйсці на дапамогу людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Гэта ў чарговы раз даказалі супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.

-- Быў выхадны дзень, нядзеля, -- узгадвае Віталь Панасевіч, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх. -- Я быў адказны дзяжурны па райаддзеле ў складзе сутачнага нарада. Ужо пачаліся прыцемкі, калі нам патэлефанавалі калегі з Ліды. Яны паведамілі, што з Мінска паступіла інфармацыя, быццам у дзятлаўскіх лясах заблукалі двое грыбнікоў. Пацярпелыя яшчэ днём пайшлі з вёскі Збляны, што на Лідчыне, пераплылі Нёман на лодцы і высадзіліся на тэрыторыі нашага раёна. Тут збіліся з дарогі, зайшлі ў балота і не могуць патрапіць дамоў. Пра свае праблемы расказалі родным па мабільным тэлефоне, а тыя ў сваю чаргу звязаліся з МНС і міліцыяй.

Пры арганізацыі пошукаў мы вельмі спадзяваліся на Сяргея Шыкуця, памочніка дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы райаддзела, які таксама быў у складзе дзяжурнай змены. Ведалі: Сяргей -- ураджэнец Нагародавічаў. Яму добра знаёмы мясціны, дзе прапалі людзі, бо сам тут неаднаразова збіраў грыбы і паляваў. Менавіта ён пры размове з пацярпелымі высветліў прыкладнае месца іх знаходжання па арыенцірах -- лініі газаправода і лясных азёрах.

З грыбнікамі мы размаўлялі па мабільным тэлефоне. Прапанавалі ім прыслухоўвацца і патэлефанаваць нам, калі пачуюць гук сірэны. Самі рухаліся на аўтамабілі ўздоўж берага, час ад часу ўключалі яшчэ і мегафон. Званка доўга не было. Машына праехала ўжо даволі вялікую адлегласць. Навокал поўнасцю сцямнела. Нарэшце, заблукаўшыя патэлефанавалі. Але ратавальная аперацыя на гэтым не завяршылася: узнікла новая праблема.

НЕ нашли? Не то? Что вы ищете?

Мы зразумелі, што пацярпелыя зайшлі ў затоку, якую ўтварыла рака, адхіліўшыся ад старога русла. Гэта вельмі забалочаныя мясціны, і дабірацца туды ноччу бывалыя людзі не раілі. Прымушаць спалоханых грыбнікоў чакаць раніцы таксама не хацелася. Адзіным выйсцем было знайсці лодку.

Тут нам на дапамогу прыйшоў Дзмітрый Скварчынскі, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела, у якога лодка была. Менавіта ён уключыўся ў далейшае выратаванне грыбнікоў з палону дзятлаўскіх балот. На лодцы міліцыянеры падплылі да вострава-затокі і забралі людзей. Дома грыбнікі аказаліся а другой гадзіне ночы.

Прафесійныя дзеянні дзятлаўскіх праваахоўнікаў дастойна ацанілі бацькі заблукаўшых. Пасля шчаслівага выратавання на адрас Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прыйшло пісьмо наступнага зместу:

"Паважаны таварыш Міністр, да вас звяртаюцца жыхары Мінска, сям'я Філіпенкаў.

22 верасня наша дачка пайшла ў лес па грыбы з жыхаром вёскі Збляны і заблукала. Пра непрыемнае здарэнне паведаміла нам па мабільным тэлефоне. Цямнела, мы забілі трывогу: патэлефанавалі ў Лідскі райаддзел міліцыі. Паколькі заблукаўшыя аказаліся на тэрыторыі Дзятлаўшчыны, да пошуку падключылася міліцыя гэтага раёна...

Хацелася б сказаць вялікі дзякуй усім людзям, якія былі задзейнічаны ў пошукавай аперацыі, за іх уважлівыя адносіны да нас і прафесіяналізм. Да вас мы звяртаемся з просьбай не пакінуць без увагі гэты выпадак. Адзначыць аператыўнасць і правільнасць дзеянняў супрацоўнікаў Лідскага і Дзятлаўскага райаддзелаў міліцыі, Лідскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзячыць належным чынам усіх супрацоўнікаў, якія прыйшлі на дапамогу".

Зварот бацькоў пацярпелых не застаўся без увагі. Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, якія прымалі непасрэдны ўдзел у пошуках і выратаванні грыбнікоў, а гэта: ужо вядомыя нам Віталь Панасевіч і Сяргей Шыкуць, оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Аляксей Кашко і начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Дзмітрый Скварчынскі, які прадаставіў лодку, -- будуць адзначаны грашовымі прэміямі. Дзмітрыю Скварчынскаму таксама аб'яўлена падзяка "за ўмелыя і прафесійна граматныя дзеянні, праяўленыя пры правядзенні службовага мерапрыемства" ад ўскага, начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама.

І. СТЫРНІК, карэспандэнтка

Дзятлаўскай раённай газеты "Перамога"