15.02.2013 Инспектора Докшицкого ГАИ Георгия Стрелковского называют справедливым и принципиальным
Насычаныя транспартныя патокі, якія з кожным годам толькі павялічваюцца, патрабуюць ад інспектараў дзяржаўтаінспекцыі пастаяннай увагі і адказнасці. Для прадухілення аварыйных сітуацый на дарогах раёна штодзённа працуюць супрацоўнікі аддзела ДАІ Докшыцкага РАУС. Амаль 16 год самааддана нясе гэту службу капітан міліцыі інспектар дарожна-патрульнай службы Георгій Стралкоўскі (на здымку).
Сваю працоўную дзейнасць пачынаў міліцыянерам патрульна-паставой службы РАУС у 1993 годзе, і калі праз чатыры гады яму прапанавалі перайсці ў ДАІ – прыняў гэта за гонар. Справядлівы, чэсны і прынцыповы – такім яго ведаюць не толькі калегі, але і вадзіцелі аўтатранспарту, якім у свой час прыходзілася сутыкацца з інспектарам Стралкоўскім.
– Мы не ставім перад сабой задачу – спыніць і пакараць штрафам. Калі чалавек памыліўся, але яго дзеянні не стваралі перашкод або пагрозы для іншых вадзіцеляў ці пешаходаў, можна проста паказаць на памылку і, папярэдзіўшы, адпусціць. Калі ж правілы дарожнага руху парушаюцца свядома і з яўнай пагрозай для людзей – з рук гэта не сыдзе, перад законам усе роўныя, – запэўнівае ахоўнік дарог.
За мінулы год інспектарам ДАІ Георгіем Стралкоўскім было выяўлена 347 грубых парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Пры гэтым 18 вадзіцеляў затрыманы ў стане алкагольнага ап’янення, 15 чалавек кіравалі аўтатранспартам без вадзіцельскага пасведчання. У дачыненні да пешаходаў складзена 48 пратаколаў. Гэта проста лічбы, але за імі тояцца, магчыма, дзясяткі выратаваных чалавечых лёсаў і жыццяў.


