Іерсініёзны энтэракаліт, зоаантрапанозная чума і псеўдатуберкулёз
Іерсініёз – захворванне шмат якіх відаў сельскагаспадарчых жывёл, якое адносіцца да зоаантрапанозаў і характарызуецца пашкоджаннем органаў стрававання, гемарагічным дыятэзам, дэрматытамі і артрытамі. Магчыма і бессімптомнае працяканне захворвання з носьбіцтвам бактэрый у кішэчніку і міндалінах.
Класіфікацыя ўзбуджальніка:
Сям’я: Enterobacteriaceae
Род: Yersinia
Від: Yersinia enterocolitica
З 30 сераварыянтаў вірулентнымі з’яўляюцца толькі сераварыянты О3, О9 і ў меншай ступені О5, О27, О7 і О8.
Адчувальны свінні, буйная і дробная рагатая жывёла, сабакі, птушкі і чалавек.
Матэрыял для даследавання:
Ø фекаліі 0,5...1 грам, адабраныя ў першыя 6 дзён хваробы, якія змяшчаюць у 5...10 мл фізраствору;
Ø сыроватку крыві для сералагічнага даследавання;
Ø ад трупаў палых ці забітых жывёл, участкі тонкага і тоўстага кішэчніка з утрыманнем, брыжэечныя лімфатычныя вузлы, корань языка, міндаліны, парэнхіматозныя органы.
Лабараторная дыягностыка іерсініёза ўключае мікраскапію прэпаратаў-мазкоў і прэпаратаў-адбіткаў з матэрыялу, выдзялення чыстай культуры ўзбуджальніка і вывучэнне яе марфалагічных, цынктарыяльных, культуральных, ферментатыўных, вірулентных уласцівасцей, а таксама сералагічнага даследавання для выяўлення антыцел.
Мікраскапія:
метад афарбоўкі: па Граму.
Мікракарціна:
Ø невялікія кароткія грамадмоўныя палачкі 0,5...2–0,5...1 мкм, якія размяшчаюцца па адной, радзей кароткімі ланцужкамі, што здараецца ў маладых культурах; біпалярна афарбаваныя;
Ø рухомыя пры 22 оС і нерухомыя пры 37 оС;
Ø спор і капсул не ўтвараюць.
Культуральныя ўласцівасці:
Ø факультатыўныя анаэробы;
Ø добра растуць на звычайных пажыўных асяроддзях;
Ø высеў на МПА і дыферэнцыяльна-дыягнастычныя асяроддзі вядуць з верхніх слаёў надасадкавай вадкасці, якая ўтвараецца пасля прыгатавання суспензіі з матэрыялу;
Ø высевы інкубуюць 24 гадзіны пры 37 оС, а затым яшчэ 24 пры 22 оС;
Ø праз 48 гадзін Y.enterocolitica ўтварае дробныя, выпуклыя, празрыстыя, акруглыя калоніі велічынёй 0,5...2 мм;
Ø на МПБ раўнамернае памутненне;
Ø на асяроддзі Энда калоніі маюць шэравата-ружовы колер, на Плоскірава – шэраватыя з блакітным адценнем вельмі дробныя калоніі, на вісмут-сульфітным асяроддзі дробныя калоніі чорныя, а буйныя – карычневыя.
Біяхімічныя ўласцівасці:
Ø на агары Кліглера змяняе слупок асяроддзя ў жоўты колер, а скошаную частку – у чырвоны без газаўтварэння;
Ø валодае урэазнай актыўнасцю;
Ø ферментуе цукрозу, маніт, сарбіт і мальтозу, не раскладвае рамнозу, дае адмоўны фенілаланілавы тэст і станоўчую рэакцыю Фогеса-Праскаўэра.
Дыферэнцыяцыя Y.enterocolitica ад Y.pseudotuberculosis па біяхімічных уласцівасцях
Мікра-арганізм | Кліглера | Рухомасць | Ферментацыя | Фенілаланілавы тэст | ||||||
Скошаная ч. | Слупок | 22 оС | 37 оС | Цукроза | Рамноза | Маніт | Сарбіт | Урэаза | ||
Y.entero- colitica | чыр вон. | жоў тая | + | - | + (-) | - (+) | + | + | + | - |
Y.pseudo- tuberculo-sis | чыр вон. | жоў тая | + | - | - | + | + | - | + | - |
Схема бактэрыялагічнага даследавання на іерсініёз
Рэакцыя Фогеса-Праскаўэра + Рухомасць пры 22 оС і нерухомасць пры 37оС Характар роста на дыфе-рэнцыяльна-дыягнастычных асяроддзях Высеў на МПА, Энда, Плоскірава, вісмут - сульфітны агар. Інкубацыя пры 37оС 24 гадзіны, а затым 24 гадзіны пры 22 оС Мікраскапія прэпаратаў, афарбаваных па Граму

Тэрмін даследавання да 14 дзён
Вірулентнасць мікраарганізма правяраюць заражэннем 3 белых мышэй змывам з суткавай агаравай культуры. Праводзяць аральнае ці ўнутрыбрушыннае заражэнне суспензіяй мікробных клетак у аб’ёме 1 мл з канцэнтрацыяй мікробных клетак 108. Тэрмін назірання за мышамі 7 сутак. Станоўчы вынік, калі развіваецца паталагічны працэс сярэдняй цяжкасці ў двух з трох белых мышэй, якія гінуць праз 3...4 сутак. Пасля ўскрыцця праводзяць даследаванне утрымання тонкага кішэчніка.
Сералагічнае даследаванне на іерсініёз заключаецца ў пастаноўцы РНГА з сыроваткай крыві свіней, адабранай аднаразава ці з інтэрвалам у 10 сутак. Рэакцыя непростай гемаглюцынацыі праводзіцца з выкарыстаннем эрытрацытарнага дыягностыкума, па выніках якой вызначаюць прысутнасць у сыроватцы крыві антыцел да найбольш патагенных сераварыянтаў узбуджальніка О3 і О9.
Дыягназ на іерсініёз лічаць устаноўленым пры выдзяленні з матэрыялу культуры Y.enterocolitica, патагеннай для белых мышэй, а таксама пры знаходжанні антыцел у цітры 1:200 і вышэй пры аднаразавым даследаванні сыроваткі крыві ці чатырохкратнага і больш нарастання цітра антыцел пры двухкратным даследаванні на працягу 10 дзён.
Зоаантрапанозная чума
Чума – вострае прыродна-ачаговае захворванне, якое характарызуецца цяжкай інтаксікацыяй, ліхаманкай, пашкоджаннем лімфатычнай сістэмы і лёгкіх, тэндэнцыяй да септыцэміі. З’яўляецца асабліва небяспечнай інфекцыяй.
Крыніцай і асноўным рэзервуарам інфекцыі ў прыродзе з’яўляюцца розныя грызуны (суркі, пясчанкі, суслікі, палёўкі і іншыя), зайцападобныя (зайцы, піскухі). Драпежнікі, якія знішчаюць грызуноў таксама могуць распаўсюджваць (кошкі, лісы, сабакі). Здаровых жывёл заражаюць пераносчыкі, якімі з’яўляюцца блыхі, якія перадаюць узбуджальніка гарадскім грызунам – пацукам і мышам.
З сельскагаспадарчых жывёл найбольш успрыімлівыя да чумы вярблюды, якія ўяўляюць сабою небяспечную крыніцу заражэння людзей.
Блыхі, якія пакідаюць трупы грызуноў і не знаходзяць новага гаспадара, пераходзяць на чалавека і заражаюць яго. Пры ўкусе блыха зрыгвае утрыманне свайго страўніка, у якім размнажаюцца ўзбуджальнікі чумы. Праз расчосы ці ранкі ад укусаў яны пранікаюць у скуру.
Магчымы кантактны шлях перадачы інфекцыі пры зняцці скур з хворых зайцаў ці вярблюдаў.
Пры лёгачнай форме чумы шлях перадачы ўзбуджальніка паветрана-кропельны.
Успрыімлівасць людзей надзвычай высокая.
Узбуджальнік чумы – Yersinia pestis.
Матэрыял для даследавання: органы, трупы грызуноў, гной з бубонаў, макроту, кроў. Праца з чумным матэрыялам дазваляецца толькі ў спецыялізаваных лабараторыях.
Бактэрыялагічнае даследаванне ўключае знаходжанне ўзбуджальніка ў зыходным матэрыяле метадам светлавой мікраскапіі, выдзяленне чыстай культуры высевам на пажыўныя асяроддзі і метадам біяпробы, ідэнтыфікацыю ўзбуджальніка па культуральна-марфалагічных, ферментатыўных і сералагічных уласцівасцях.
Мікраскапія: мазкі афарбоўваюць па Граму.
Мікракарціна:
Ø у прэпаратах узбуджальніка знаходзяць у форме авоіднай ці палачкападобнай клеткі памерам 0,3...0,5 х 1...3 мкм; клеткі размяшчаюцца па адной, парамі, часам кароткімі ланцужкамі;
Ø грамадмоўныя, часта з біпалярнай афарбоўкай;
Ø нерухомыя;
Ø спор не ўтвараюць;
Ø пры вырошчванні на кіслых і вільготных асяроддзяхпры тэмпературы 37оС вакол палачак утвараецца мукоідная абалонка, падобная на капсулу; у прэпаратах з органаў і крыві яна знаходзіцца вельмі рэдка.
Культываванне:
Ø факультатыўны анаэроб;
Ø аптымальная тэмпература для роста 28...30оС , рН 7...7,2.
Культуральныя ўласцівасці:
Ø на агары расце ў выглядзе бліскучых, шэравата-белых, празрыстых, сухаватых калоній з пукатым дробназерневым цэнтрам і пляскатымі хвалістымі краямі, якія нагадваюць карункі; з часам цэнтр калоній набывае карычневае адценне, становіцца больш грубым і менш празрыстым;
Ø калоніі, якія выраслі пры 37оС, масляністыя, лёгка суспендзіруюцца, часам цягнуцца за пятлёю;
Ø на скошаным агары ў прабірцы ўтварае шэраваты, ліпкі, тонкі празрысты налёт;
Ø у булёне адзначаюць рост у выглядзе далікатнай плёнкі на паверхні, якая пры малейшым узрушванні падае на дно у выглядзе сталактытаў і ўтварае рыхлы асадак;
Ø у першасных культурах часцей вырастаюць тыповыя шуршавыя калоніі R-формы, яны звычайна вірулентныя;
Ø пры працяглым культываванні на штучных пажыўных асяроддзях вырастаюць гладкія авірулентныя S-формы, якія няўстойлівыя і пры перасевах утвараюць шуршавыя і пераходныя формы.
Біяхімічныя ўласцівасці:
Ø раскладае глюкозу, арабінозу, левулёзу, мальтозу, галактозу і ксілозу да кіслаты без газу;
Ø жэлаціну не разрэджвае; індол не ўтварае;
Ø выдзяляе каталазу;
Ø метыленавы сіні не аднаўляе;
Ø магчыма выдзяленне серавадароду.
Біяпроба выкарыстоўваецца для выдзялення чыстай культуры з матэрыялу, які кантамінаваны старонняй мікрафлорай:
Ø марскім свінкам уводзяць патматэрыял падскурна;
Ø не забруджаны іншымі бактэрыямі матэрыял уводзяць унутрыбрушынна;
Ø матэрыял, які загніўся, ўціраюць марскім свінкам у папярэдне выбрыты участак скуры на жываце;
Ø пасля гібелі (на 3...7-я суткі) праводзяць ускрыццё з наступным бактэрыялагічным даследаваннем унутраных органаў.
Сералагічная дыягностыка: імунафлюарэсцэнцыя, рэакцыя тармажэння, пасіўная гемаглютынацыя (РТГА), рэакцыя нарастання цітра фага (РНФ) і інш.
Імунітэт. Для прафілактыкі выкарыстоўваецца жывая сухая чумная вакцына са штама EV. Ёсць хімічная чумная вакцына і чумны бактэрыяфаг.
Узбуджальнік псеўдатуберкулёзу
Псеўдатуберкулёз (радэнтыёз) – інфекцыйная хвароба пераважна грызуноў і птушак, якая характарызуецца цыклічным працяканнем, інтаксікацыяй, вузялковымі пашкоджаннямі ўнутраных органаў (лёгкія, пячонка, селязёнка, ныркі, лімфатычныя вузлы). Пашкоджанні падобны да гэткіх пры туберкулёзе.
Узбуджальнік захворвання: Yersinia pseudotuberculosis.
Адчувальны каля 60 відаў млекакормячых і 27 відаў птушак (зайцы, дзікія трусы, андатры, шэрыя пацукі, дамавыя мышы, пясчанкі, выхухаль, куніцы, тхары, куры, індычкі, фазаны, галубы, канарэйкі і інш.).
Іерсініі псеўдатуберкулёзу сінтэзуюць актыўны экзатаксін ліпаполіцукрыднай прыроды.
Матэрыял для даследавання: трупы авечак, грызуноў і птушак, ад загінулых жывёл – участкі парэнхіматозных органаў са змяненнямі і лімфатычныя вузлы; для сералагічных даследаванняў – сыроватка крыві.
Даследаванне ўключае – мікраскапію, выдзяленне чыстай культуры і біяпробу.
Мікраскапія: афарбоўка мазкоў па Граму, Раманоўскаму-Гімзу.
Мікракарціна: практычна не адрозніваецца ад узбуджальніка чумы;
Ø поліморфная бактэрыя, сустракаюцца авоідныя формы даўжынёй 0,8...2 і шырынёй 0,4...0,8 мкм, а таксама палачкі з закругленымі канцамі даўжынёй 1,5...6 і шырынёй 0,4...0,8 мкм;
Ø рухомая, мае 5...9 жгуцікаў; пры паніжаных тэмпературах - 4...22 оС; пры 37оС – нерухомая;
Ø спор не ўтварае;
Ø часам утварае капсулу;
Ø размяшчаецца ў мазках адзінкава ці ланцужкамі;
Ø грамадмоўны мікроб, які ўсімі фарбамі афарбоўваецца біпалярна.
Культываванне:
Ø факультатыўны анаэроб;
Ø аптымальная тэмпература 28...30оС, рН 7,2...7,4.
Высяваюць на МПА, у МПБ, агар Хоцінгера з генцыянвіялетам у канцэнтрацыі 1:200000.
Культуральныя ўласцівасці:
Ø на цвёрдых асяроддзях пры 22...28 оС праз 24 гадзіны утварае дробныя (0,1...0,5 мм у дыяметры) калоніі, круглыя, пукатыя, празрыстыя, шэравата-жоўтыя, бліскучыя з прыўзнятым цэнтрам;
Ø пры 37 оС магчыма праяўленне дымарфізму калоній у сувязі з утварэннем Д-калоній, пукатых, з карычневым цэнтрам і валакністымі вытанчанымі краямі;
Ø у МПБ утварае раўнамернае памутненне асяроддзя з наступным выпаданнем камкаватага ці вязкага асадку.
Біяхімічныя ўласцівасці:
Ø утварае урэазу;
Ø раскладае рамнозу, мелібіёзу;
Ø не гідралізуе жалаціну;
Ø не ўтварае індолу;
Ø не утылізуе цытрат Сіманса;
Ø рэакцыя Фогеса-Праскаўэра пры 25 оС адмоўная.
Біяпроба. Тканкавым гамагенатам ці выдзеленай культурай заражаюць падскурна ці ўнутрыбрушынна белых мышэй, марскіх свінак, трусоў. Мышы гінуць праз 2...4 сутак, марскія свінкі і трусы – праз 2...35 сутак у залежнасці ад вірулентнасці культуры; з органаў здохлых вопытных жывёл робяць высевы на пажыўныя асяроддзі, рыхтуюць і мікраскапуюць афарбаваныя мазкі і адбіткі.
Імунітэт пры псеўдатуберкулёзе не вывучаны. Біяпрэпараты не распрацаваны.


