





![]()



Максім Багдановіч… Кароткі быў яго жыццёвы век. Ён вымяраецца двадцаццю пяццю гадамі. Многія літаратары ў такім узросце толькі пачынаюць тварыць. Ён жа закончыў. І можа таму, што прадчуваў блізкую развязку, спяшаўся, працаваў, не шкадуючы сябе: абы паспець сказаць тое, што хвалявала яго сэрца і што не магло не выліцца ў творы.
Нарадзіўся будучы паэт 9 снежня 1891 года ў Мінску. Бацька яго – Адам Ягоравіч – быў вядомым беларускім этнографам і фалькларыстам.
Сям’я Багдановічаў.
Максім на каленях у бацькі.
Маці – Марыя Апанасаўна – вучылася на Вышэйшых жаночых курсах у Пецярбурзе, была схільнай да мастацкай творчасці, нават спрабавала пісаць апавяданні.
Раннія дзіцячыя гады Максіма прайшлі ў Гродне. У 1896 годзе памірае маці паэта, пакінуўшы сіротамі трох сыноў і дачку. Максіму тады было пяць гадоў. Вобраз маці назаўсёды застаўся для яго ўвасабленнем Мадонны і ўплываў на яго адносіны да жанчыны ўвогулле.
Сям’я Багдановічаў пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Тут, у 10-ці гадовым узросце, ён паспрабаваў пісаць свае першыя вершы на беларускай мове, якой авалодаў самастойна.
Атрымаўшы грунтоўную хатнюю адукацыю, у 1902 годзе М. Багдановіч паступіў у Ніжагародскую мужчынскую гімназію.
У сувязі з пераводам бацькі на новае месца працы, у 1908 г. Багдановічы пераехалі ў Яраслаўль, дзе паэт прадоўжыў сваё навучанне ў гімназіі.
Літаратурны дэбют Максіма Багдановіча адбыўся ў 1907 годзе, калі на старонках газеты “Наша ніва” быў надрукаваны першы твор 16-гадовага паэта алегарычнае апавяданне - “Музыка”. У тым жа годзе былі надрукаваны і першыя вершы паэта – “Над магілай” і “Прыйдзе вясна” (1909). З 1909 г. М. Багдановіч стаў вядомым беларускім паэтам. Крытыкі пачалі ставіць яго імя побач з імёнамі Я. Купалы і Я. Коласа.
Прыблізна з вясны 1909 г. у паэта пачаў развівацца ў лёгкіх туберкулёзны працэс, і ў летку таго ж года ён паехаў на лячэнне ў Ялту. Знаходжанне ў Ялце прыкметна аздаравіла паэта. Важнай падзеяй у жыцці паэта стала паездка летам 1911г. у Беларусь. Тут ён быў запрошаны супрацоўнікамі рэдакцыі “Наша ніва” – братамі І. і А. Луцкевічамі і з чэрвеня па жнівень жыў у фальварку Ракуцёўшчына. Тут было створана 16 вершаў і 2 паэмы, якія склалі паэтычныя цыклы “Старая Беларусь”, “Места” і “Мадонны”.
Вялікі след у жыцці паэта пакінула Ганна Кукуева, сястра аднакласніка М. Багдановіча па гімназіі. Вобразам гэтай абаяльнай жанчыны, таленавітай піяністкі, навеяны такія паэтычныя шэдэўры, як “Вераніка”, “Учора счасце толькі глянула нясмела”, “Больш за ўсё на свеце жадаю я” і інш.
Юнак марыў займацца філалогіяй ў Пецярбургскім універсітэце. Але матэрыяльныя ўмовы і стан здароўя не далі гэтым планам здзейсніцца.
У 1911 г. ён паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй г. Яраслаўля. Перыяд навучэння ў ліцэі быў пазначаны выключна плённай літаратурна-крытычнай і публіцыстычнай дзейнасцю паэта. Ён напісаў гадавыя літаратурныя агляды: “Глыбы і слаі” (1911); “За тры гады” (1913), нарысы па гісторыі беларускай пісьменнасці: “Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця” (1911); “За сто гадоў” (1911); “Беларускае адраджэнне” (1914). Актыўна выступаў у рускім і ўкраінскім перыядычным друку.
У канцы 1913г. у Вільні выйшла адзіная прыжыццёвая кніга М. Багдановіча – паэтычны зборнік “Вянок”, надрукаваны ў друкарні Марціна Кухты невялікім тыражом.
У 1914г. М. Багдановіч быў прыняты ў члены “Усерасійскага таварыства дзеячоў перыядычнага друку і літаратуры”. У сувязі з пачаткам першай сусветнай вайны выйшлі брашуры паэта “Чырвоная Русь”, “Угорская Русь”, “Браты - чэхі”, прысвечаныя тэме славянства.
З гадамі хвароба ўсё больш давала аб сабе знаць. У 1915 г. М. Багдановіч едзе на лячэнне ў Стары Крым. Уражанні ад гэтай паездкі ляглі ў аснову цыкла нарысаў “З летніх уражанняў”. Тады ж былі створаны такія шэдэўры, як верш “Пагоня”, паэма “Страцім-лебедзь” (Лебядзіная песня паэта), распачата праца над літаратурнай хрэстаматыяй для пачатковай школы.
Восенню 1916 года М. Багдановіч пераязджае ў г. Мінск і ўладкоўваецца на службу ў губернскую харчовую камісію.
Незадоўга да смерці паэт напісаў вершы “Набягае яно…”, “Пралятайце вы дні”, “У краіне светлай дзе я ўміраю…”.
У лютым 1917 г. здароўе М. Багдановіча рэзка пагоршылася і сябры адправілі яго на лячэнне ў Ялту. Безнадзейна хворым правёў ён тут апошнія месяцы свайго жыцця. Добра вядомыя радкі:
“У краіне светлай, дзе я уміраю,
У белым доме ля белай бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты”
-перадсмяротнае прызнанне паэта.
У маі 1917г. Вялікага Паэта Зямлі Беларускай не стала. Багдановіч у Ялце. На шэрым надмагільным камені – імя, дата смерці і страфа з санета “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі”.
Даніна памяці.
М. Багдановіч – адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу. Яго паэзія трывала ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Шматлікія творы паэта пакладзены на музыку. Яго вобразы ўвасоблены ў жывапісных, графічных і скульптурных творах. Імем паэта названы вуліцы ў Мінску, Яраслаўлі, Гродне, Гомелі, Быхаве, Чэхаве, школа і бібліятэка ў Мінску. Помнікі пастаўлены ў Місхоры (1957) і Мінску (1981), мемарыяльны знак – у Ракуцёўшчыне (1977), дзе штогод праходзіць Свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”. Там жа разбіты “сад Максіма”. У 1981г. у Мінску створаны літаратурны музей паэта і яго філіал “Беларуская хатка”.
Творы Максіма Багдановіча
Ø Поўны збор твораў: У 3 т./Максім Багдановіч.–2-е выд. – Мн.: Бел. навука, 2001.
Ø Выбраныя творы / Уклад і камент: С. Забродская і інш.: - Мн.: Бел. кнігазварод, 1996. – 494 с.
Ø Вянок: Вершы, паэмы/ Максім Багдановіч.–Мн.: Маст. літ., 1994.–206с. іл.
Ø Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык: Паэма: Для дашк. узросту/ Максім Багдановіч. – Мн.: Юнацтва, 1995.
Ø Краю мой родны! Вершы, казкі/ Максім Багдановіч.-Мн.: Юнацтва, 1999. – 190с.
Аб жыцці і творчасці паэта
Ø Багдановіч Максім Адамавіч// Бел. энцыкл. Мн. 1996. Т.2.С. 205-206.
Ø Багдановіч Максім//Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн. Мн., 1992. Т.1. С.157-178.
Ø Багдановіч Максім. Рэкамендацыйны бібліягр. спіс// Новыя кнігі БССР. 1991. №9. С. 1-16. (Дадатак).
Ø Вабішчэвіч, Т. Лірыка М. Багдановіча ва ўспамінах нашаніўскіх сучаснікаў/ Таццяна Вабішчэвіч// Роднае слова. 2010. №8.С.35-39.
Ø Гамзовіч, Р.Зорка Максіма Багдановіча/ Рэгіна Гамзовіч// Алеся. 2010. №1. С. 16-17.
Ø Запартыка, М. Спісаны ў архіў/ Марына запартыка// Л:М. 20студз. (№2) С.6.
Ø Клышка, А. Цвяток радзімы васілька/ Анатоль Клышка// Маладосць, 2010. №4. С. 119-127.
Ø Марціновіч, мы. адкуль мы… Гіст. эсэ, нарысы: У 2 кн. Кн2. –Мн.: Полымя, 1997. – С. 282-301.

Максім Багдановіч
На чужыне
Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
«Здароў будзь, зямляча!»Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
«Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане».
Як хораша, калі дзіцё
Пад сэрцам ціха зварухнецца,
І ўраз па целу разліецца
Яшчэ незвычнае чуццё,
Душа - ў салодкім палусне,
І кажуць знакі чалавечка:
“Я – пценчык, ты – маё гняздзечка,
Не руш, не руш, не руш мяне!”
Прыйдзе вясна
Холадна. Вецер па полі гуляе,
Вые, як звер,
Снег узрывае, нуду наганяе, -
Кепска цяпер!
Але мне сэрца пяе: не нудзіся!
Прыйдзе вясна!
Гукне: «Прачніся, зямля! Прабудзіся
З цяжкага сна!»
Сонца прагляне, зазелянее
Траўка ў лугу,
Гукне вясна і, як ветрам, развее
Гора-нуду!
Разгарайся хутчэй, мой агонь, між імглы, -
Хай цябе шум вятроў не пужае;
Пагашаюць яны аганёчак малы,
А вялікі - крапчэй раздуваюць,
Разгарайся хутчэй, зіхаці, аганёк, -
Каб, калі і замёр ты без долі,
Ўсіх спужаў бы страшны абступіўшы іх мрок,
Хай агнёў не гасілі б ніколі.


