Партнерка на США и Канаду по недвижимости, выплаты в крипто
- 30% recurring commission
- Выплаты в USDT
- Вывод каждую неделю
- Комиссия до 5 лет за каждого referral
ВЫПАЎ ЛЁС ІМ ПРАЙСЦІ ПРАЗ НЯВОЛЮ
Хутка ўжо семдзесят гадоў міне з таго часу, як наша беларуская зямля поўнасцю была вызвалена ад нямецкай акупацыі. Пазарасталі, зраўняліся з зямлёй партызанскія зямлянкі і франтавыя акопы, выплакалі слёзы маці і ўдовы, адыйшлі і самі ў іншы свет. З маладых дрэўцаў выраслі магутныя дрэвы, а сыны ветэранаў вайны сталі сівымі.
Мінуюць гады, і ўсё баліць мінулае ў нашых душах па стратах, не заціхае боль па нявінна загубленых, па горкіх лёсах тых, хто трапіў у палон, на нямецкія катаргі. Жыве яшчэ на нашай зямлі асаблівая катэгорыя насельніцтва -- вязні вайны, тыя, каго ў час ліхалецця прымусова выганялі на работы ў Нямеччыну.
Кастрычніцкім, на дзіва цёплым днём адказны сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Лідзія Сазановіч і спецыяліст філіяла цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ала Бондар наведаліся да былых вязняў вайны, якія пражываюць у Філатаўскім сельскім Савеце.
сПершым сустракаў гасцей Барыс Паўлавіч Кляўза. Жыве ён у цэнтры вёскі Філатава з сям’ёй дачкі Ларысы, якая за-брала бацьку да сябе пасля смерці маці. Барыс Паўлавіч вельмі расчуліўся, правёў гасцей у вялікую ўтульную залу, дзе і вялі размову.
-- Дзякуй вам, што не забываеце, -- казаў, -- дзякуй Богу, на старасці жыццё спакойнае, у хаце цёпла, дзеці даглядаюць. А колькі ў маладосці перажыць давялося, не дай Бог нікому паспытаць. І каго вініць? Вайна праклятая бяды нарабіла, пакалечыла лёсы, смерць пасеяла на неўзараных палетках. Я нарадзіўся ў Друцку Талачынскага раёна, -- працягваў ветэран, выціраючы здрадлівыя слёзы, цяжкі ўспамін абудзіў былы боль. – Мястэчка Друцк – такая мясціна, якую ўсе ведаюць, хто паважае гісторыю сваго краю. Маё маленства прайшло на гэтай зямлі, на якой тысячагоддзем вярсталася гісторыя. Да вайны якое мястэчка было? Звычайнае, як і ўсе вёскі. Царква на ўзвышшы, сельсавет, школа. Людзі працавітыя і дружныя. Я з хлапчукамі коней ганяў у начное за вёску на бераг Друці. За лета амаль ні адной начы дома не пераначаваў.
У 1941 годзе ўжо сем школьных класаў засталося за спіной. Тую чэрвеньскую нядзелю памятаю вельмі добра. Радыё было ў суседніх Ляхах. Адтуль і ў Друцк перадалі вестку, што пачалася вайна. Мой бацька працаваў загадчыкам жывёлагадоўчай фермы. Яму загадалі гнаць калгасны статак на ўсход. Разам з ім адпра-віліся ў нялёгкі перагон яшчэ дванаццаць жывёлаводаў. Адзін з іх ужо пасля вайны, калі вярнуўся з фронту, расказаў: “Кароў ад немцаў мы ўратавалі, загналі іх аж у Чувашыю. А адтуль мабілізаваліся, пайшлі ваяваць”.
-- Наш бацька, – працягваў размову Барыс Паўлавіч, -- не вярнуўся, загінуў у баях пад горадам Падольскам. Шэрая казённая паперка-пахаванка прынесла горкую вестку ў нашу хату аб тым у 1944 годзе.
Памятаю я, у першыя дні вайны, адступаючы, нашы ўзарвалі мост праз Друць. А шостага ліпеня ў Друцку гаспадарылі немцы. Рухаліся яны па магістралі, завярнулі ў нашу ціхую мясцовасць. На святой зямлі, палітай калісьці крывей магутных, мужных воінаў, тварылі чорныя злачынствы.
Найперш за ўсё нелюдзі запасаліся правізіяй. Забіралі ў хатах малако, мяса, яйкі, лавілі курэй. Людзі баяліся паказацца са сваіх схованак ворагам на вочы. А вечарам, калі ўсё аціхала, пракліналі прышэльцаў.
Немцы хутка аднавілі пераправу праз Друць. Некалькі дзён машыны вазілі смалістыя бярвенні на яе правы бераг.
А партызаны вырашылі знішчыць новы мост. Ноччу пад іх камандаваннем группа вясковых людзей разбурыла пераправу, а днём фашысты сагналі вяскоўцаў на яго рамонт. І тады, улічваючы тое, што складзены мост быў з сухіх, смалістых бярвенняў, ноччу аблілі яго бензінам і падпалілі. Мост згарэў датла. Ахову ворагі не ставілі і новы будаваць не сталі. Відаць, зразумелі, што доўга ён не прабудзе.
У адплату яны спалілі ў Друцку некалькі хат.
Немцы з кожным днём звярэлі ўсё больш і больш, здзекваліся над мірным насельніцтвам. А калі палілі хаты ў Друцку, мяне ў вёсцы ўжо не было. Я як цяпер памятаю той марозны снежаньскі дзень, -- Барыс Паўлавіч замоўк на хвіліну, каб утаймаваць хваляванне. – У вёску ўехала падвода, на якой сядзелі паліцаі і немец з вінтоўкай. Маці ўбачыла іх праз акенца, убачыла, што моладзь выганяюць на вуліцу. Яна хуценька загадала мне цёпла апрануцца, накінула зверху бацькаў кажух, які вельмі берагла, налажыла торбачку ежы, усё, што магла, сабрала. Відаць, прадчувала, што дабром гэта не закончыцца, ад нелюдзяў не схаваешся. І ўсё ж маліла Бога: а можа, пранясе іх міма нашай хаты.
Не пранясло. І чакаць доўга не прыйшлося. Хутка ўжо паліцаі ўсунуліся ў хату.
-- Сабраўся? – адзін з іх крыва, злосна ўсміхнуўся. – Можа і ты, старая, арбайтэн хочаш?
Ён зарагатаў п’яна, адпіхнуў маці і вытаўхаў мяне за дзверы.
Я азірнуўся на маці, і сэрца маё апякло яе нясцерпным болем.
На падводзе туліліся адна да адной напалоханыя дзяўчаты, былі і хлопцы з суседніх вёсак. Я ўціснуўся паміж іх, і конь пайшоў выкрасаць ледзяныя іскры па вясковай вуліцы. Жах, жах, – траплялі гукі ў сэрца. Мы ўсе ў душы развітваліся з вёскай назаўсёды.
У Талачыне вязняў пагрузілі на адкрытыя платформы і так везлі да Барысава. Многія не вытрымалі дваццаціградуснага марозу з ветрам.
Мяне ўратавала прадасцярога і празорлівасць маці, яе любоў і клопат. Пад цёплым бацькавым кажухом ля мяне сагрэліся і двое дзяўчат. У Барысаве, калі вязняў сагналі з платформы, ног і рук амаль не адчуваў, да школы, куды гналі вязняў, ішоў бы на пратэзах. Нас размясцілі ў памяшканні, дзе на падлозе была разаслана салома. Было па-ранейшаму холадна, але ўжо неяк можна было трываць. Палонныя збіліся ў кучу, так і саграваліся.
У той школе-турме вязняў трымалі дзён дзесяць. Перад самым Новым годам павезлі далей. На Ражство Хрыстова, 25 снежня, былі на тэрыторыі Германіі. Спыніліся ў нейкім гарадку. На вуліцу не выпускалі. Праз шчылінку ў дошках убачыў, што ў гарадку свята: гараць ёлкі, грае музыка. Потым зноў доўга грамыхаў наш таварняк па рэйках. Тупік, дзе спыніліся, абрамляла калючая агароджа ў пяць радоў. Па вузкай сцяжынцы вязняў па-гналі ў лагер. Жанчын і мужчын размясцілі цяпер асобна. Праходзілі карантын. Там забралі маю вопратку, якою я так даражыў. Узамен выдалі форму з нумарам. А пасля вязняў сартыравалі на дзве группы: хто быў слабы і хворы – налева, у крэматорый, хто старэйшы і мацнейшы, мог працаваць – направа. Я пайшоў направа, а хлопец, зусім дзіця, з якім пасябравалі ў дарозе – налева. І плакаў я, не адчуваючы слез. Нават хацеў бы памяняцца з ім месцамі. Столькі часу мінула, а ўсё прад вачыма яго твар, белы, без крывінкі.
Працаваць мне давялося на тэкстыльнай фабрыцы, у Мюнхен-Глад-Баху, дзе шылі абмундзіраванне для фрыцаў. Яно напамінала аб першых днях вайны, калі я ўпершыню пабачыў ворагаў у нашай вёсцы. Апаноўвала тупая нянавісць, хацелася кінуць і таптаць нагамі ненавісныя шынялі. І апускаў рукі ў бяссіллі. Што мог я зрабіць, сямнаццацігадовы хлопец, абяссілены голадам і холадам. Побач са мной такія ж вязні. Кармілі нас сырой бручкай, размешанай у халоднай вадзе. Кожны дзень чакалі смерці, а тая як бы таксама здзекавалася з абяссіленых, праходзіла міма. Дажылі да Перамогі. Калі я пачуў, што вайна скончылася, перахапіла дыханне і чамусьці душылі слёзы. Я сам не ведаю, чаму плакаў тады, калі трэба было крычаць ад шчасця.
На радзіму, у Друцк, Барыс Паўлавіч вярнуўся толькі ў маі 1948 года.
-- Пасля таго, як нас вызвалілі з палону амерыканскія салдаты, -- працягваў ветэран нанізваць на нітачку памяці свой горкі лёс, -- яшчэ тры гады праходзіў тэрміновую службу ў арміі. Спачатку ў Германіі, потым на Украіне ў вучэбным танкавым палку і яшчэ год -- у вучэбным аўтапалку, дзе атрымаў правы вадзіцеля.
Вадзіцелем і адпрацаваў доўгія гады Барыс Паўлавіч у мірны час -- спачатку ў Аршанскім леспрамгасе, а пасля ў саўгасе “Праўда”. Ажаніўся. Яго лёсам і другой палавінкай стала дзяўчына Галіна з Друцка.
Галіна Захараўна ў час вайны -- ў 16-ці гадовым узросце -- паехала на працу на Урал, там набліжала доўгачаканую Перамогу, працуючы на заводзе, выстойваючы за станком па дванаццаць гадзін за суткі. У 1946 вярнулася на радзіму.
Выгадавалі Барыс Паўлавіч і Галіна Захараўна дзвюх дачок. Старэйшая, Жана, цяпер жыве ў Жо-дзіне. Мае Барыс Паўлавіч траіх ўнукаў і аднаго праўнука. А ў архіве сямейным захоўваюцца ўзнагароды за добрасумленную працу. Да іх у гэты дзень прыбавіўся і знак “Вязень нацызму”, які ўручыла Барысу Паўлавічу адказны сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Лідзія Сазановіч.
Са слязамі на вачах развітваўся ветэран з гасцямі.
Наступнай, каго наведалі ў гэты дзень, стала Надзея Сцяпанаўна Фралова, якая таксама жыве ў Філатаве з сям’ёй сына Віктара. Сюды пераехала з вёскі Каскевічы, калі не стала мужа. Цяжка Надзеі Сцяпанаўне ўспамінаць мінулае. Столькі гадоў прайшло, а ўсё не заціхае той боль, вярэдзіць душу.
-- Я ў Паўлавічах нарадзілася, -- расказала Надзея Сцяпанаўна. -- У сям’і з дзяцей была самая старэйшая. У 1941 годзе, калі вайна пачалася, мне сямнаццаты год пайшоў. У канцы 1941 года мяне і забралі на работы ў Нямеччыну. Да 1942 года працавала на чыгунцы.
Успомніла Надзея Сцяпанаўна, як зледзянелымі рукамі цягалі настылыя рэйкі. Недалека гудзеў паравознымі гудкамі і гарэў агнямі горад Эльбінг. Побач з палоннымі хадзіў ахоўнік з вінтоўкай, спыняцца ні на хвіліну нельга было. Хіба толькі тады, калі аб’яўляўся абе-дзенны перапынак, хуценька сёрбала халоднае пойла, перамешанае з уласнымі слязьмі.
Калі работы на чугунцы закончылі, Надзея трапіла на працу да бауэра. Выконвала абавязкі дамашняй працаўніцы.
-- У іх вялікі падвал знаходзіўся ўнутры дома, -- успамінае Надзея Сцяпанаўна, -- я туды хадзіла за садавінай, гароднінай. Морква, яблыкі былі раскладзены радамі, паштучна. Немцы не сыплюць гародніну, як у нас, у кучу. Моркву, буракі па адной у пясок уторквалі. Пасля мяне немка-гаспадыня пералічвала яблыкі. Добра, што я не спакусілася на іх, хоць і вельмі даймаў голад.
Кармілі і тут не вельмі добра.
Асабліва запомніўся Надзеі Сцяпанаўне Дзень Перамогі. Па радыё, якое вісела ў пакоі гаспадыні, яна нечакана пачула Левітана. Узнеслы і моцны голас дыктара паведаміў, што Германія аб’явіла поўную капітуляцыю, вайна скончылася.
А пасля прыехалі рускія салдаты, забралі дзяўчат. Некалькі месяцаў працавала Надзея ў вай-сковай часці, а пасля вярнулася на радзіму. Там з болем даведалася, што бацька ў 1944 пайшоў на фронт і загінуў. А на пачатку 1945-га нарадзіўся яе самы малодшы брат Сцяпан.
Яшчэ да вайны Надзея паступала вучыцца ў медыцынскае вучылішча.
-- Я толькі дакументы падала, а тут вайна, -- з болем успамінае яна. – Я ў школе добра вучылася. Пасля ліхалецця нікуды ўжо не пайшла вучыцца, працавала бухгалтарам у гаспадарцы.
Выйшла замуж, нарадзіўся сынок Міша. Потым лёс падараваў яшчэ дваіх дзетак: дачку Таццяну і сына Віктара. Трыццаць гадоў адпрацавала Надзея Сцяпанаўна сакратаром у Паўлавіцкім, Рубежскім сельскіх Саветах. Заслужыла павагу вясковых людзей. За шматгадовую, добрасумленную працу атрымала медаль “Ветэран працы”. Адказны сакратар раённай ветэранскай арганізацыі і ей уручыла памятны знак “Вязень нацызму”.
-- Вось так гады прамільгнулі непрыкметна, -- прамовіла На-дзея Сцяпанаўна, -- дзеці сталі дарослымі, я ўжо чацвера ўнукаў маю і аднаго праўнука. Мужа няма ў жывых, вось і пераехала да сына. Нявестка ў мяне добрая, клапатлівая, усё ў яе руках спорыцца. Пашанцавала майму сыну. Абы не было вайны, то ўсё будзе добра.
Апошняй наведалі Алену Піліпаўну Далімаеву. Яе дом туліцца на ўскрайку вёскі Вугляны. Даглядае Алену Піліпаўну пляменніца Алена. На жаль, былы вязень ужо не змагла сустрэць гасцей і нешта расказаць. Яна моцна хварэе. Што зробіш, усё часцей цяжкія хваробы прыкоўваюць да ложка людзей, якія памятаюць вайну. Новаму пакаленню патрэбна паспяшацца аддаць ім даніну памяці і павагі.
Вярталіся з вёсак Філатаўскага сельскага Савета ўжо толькі пад поўдзень. Кастрычніцкі залаты дзень плыў над прасторамі апусцеўшых палеткаў, над шляхамі-дарогамі, над мірнай зямлёй. Калісьці гэтым шляхам да вёскі ішлі ворагі, падумалася мне, яны неслі страх, смерць. І каб тое ніколі не паўтарылася, людзі па-вінны памятаць мінулае.
С. ВАРАПАЕВА.


