УДК 821.161.3-8

іч (г. Гродна, Беларусь)

СЕМАНТЫЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ПРЫКАЗАК З КАМПАНЕНТАМ-ДЭНДРОНІМАМ

The article deals  with the Belarusian proverbs, which include the most common names wild trees - pine, oak, birch, willow, aspen. Attention is paid not only to the semantics of these tokens, but also on the importance of sustainable paremiological units, which they are components.

Прыкметнае месца ў прыказкавай спадчыне займаюць найменні дрэў. Дрэва – гэта не толькі вобраз-сімвал у канцэптуальна-філасофскім светаразуменні беларускіх пісьменнікаў, але і ў творах вуснай народнай творчасці. З дрэвам як канцэптам тут звязаны шматлікія ўяўленні і асацыяцыі.

Якія ж дрэвы-сімвалы характэрны для беларускай культурнай традыцыі? Шавыркіна, найбольш апета ў сучаснай паэзіі сасна, ці хвоя, – самае распаўсюджанае ў нашым краі дрэва. У фалькларыстыцы вылучаецца вярба як магічнае дрэва. Не застаюцца па-за ўвагай бяроза і дуб. “Бяроза – абрадавае дрэва. Сімвалізуе дзявочае хараство, раслінную сілу, любоў і каханне… Дуб – свяшчэннае дрэва. Зачароўвае сваёй моцай, магутнай энергіяй” [1, с.100]. Супрацьпастаўляецца вышэйназваным дэндронімам асіна, паколькі гэтае дрэва ў большасці выпадкаў выклікае адмоўныя эмоцыі.

А ўвогуле многія даследчыкі выказвалі розныя меркаванні наконт паходжання, семантыкі і сімволікі дзікарослых дрэў. Так, у працы А. Ненадавец “Каму пакланяліся продкі” (1996) асэнсавана праблема ўшанавання дрэў славянамі. Я. Крук у “Сімволіцы беларускай народнай культуры” (2003) на матэрыяле беларускіх народных песень вылучае сімвалы, якія характэрны для беларускай культурнай традыцыі, Т. І. Шамякіна ў “Міфалогіі Беларусі” даследуе, як тыя ці іншыя прадметы становяцца сімваламі, на аснове якіх якасцей адбываецца сімвалізацыя рэчы (2000). Паходжанне, сімволіку дрэў звязваюць не толькі з рознымі легендамі і паданнямі, але і вызначаюць праз розныя жанры фальклору: замовы, казкі, песні, выслоўі, загадкі. Разам з тым, сваё лінгвакультуралагічнае значэнне дэндронімы праяўляюць таксама ў структуры і змесце прыказак.

НЕ нашли? Не то? Что вы ищете?

А якія ж назвы дзікарослых дрэў найбольш часта выкарыстоўваюцца ў прыказках, як інтэрпрэтаваць семантыку і сімволіку вылучаных дэндронімаў, якія фактары абумовілі іх ужыванне ва ўстойлівых моўных адзінках?

Разгледзім гэта на прыкладах, выпісаных з 2-томніка “Прыказкі і прымаўкі” (1976), паколькі гэта найбольш поўны навукова-сістэматызаваны звод беларускіх прыказак, які з’яўляецца свайго роду падагульненнем у галіне беларускай парэміяграфіі. У гэтым слоўніку ўвесь матэрыял сістэматызаваны па асноўных сферах жыцця і быту народа, з якімі непасрэдна звязаны сэнс прыказкі. Гэта, свайго роду, з’яўляецца падказкай, у якой маўленчай сітуацыі можа быць выкарыстана тая ці іншая прыказка. Але толькі падказкай, бо тут вельмі многа прыказак, звязаных з назвай раздзела толькі этымалагічна або выпадкова, праз знешнія прыметы. Хоць у прадмове да двухтомніка і гаворыцца пра сэнсавую мнагазначнасць прыказак, складальнікі не заўсёды бяруць гэта пад увагу. У адных выпадках прыказка падаецца з улікам яе прамога сэнсу, а другіх – пераноснага. Напрыклад, прыказка Конь скапрыжаны на дыбы становіцца аказалася ў раздзеле “Сельская гаспадарка”, а Кожны млын на сваё калясо ваду цягне – у раздзеле “Промыслы і рамёствы”. Зыходзячы з гэтага, прыказку Сыты галоднаму не раўня трэба было б шукаць там, дзе гаворыцца пра харчаванне, а яна трапіла ў раздзел “Беднасць. Жабрацтва. Багацтва. Сацыяльна-маёмасная няроўнасць”. Прыведзеныя прыклады, на жаль, не адзінкавыя. І ўсё ж недакладнасці ў класіфікацыі не зніжаюць бясспрэчнай вартасці двухтомніка.

Пры разглядзе ўжывання той ці іншай лексемы ў складзе прыказак, трэба заўсёды браць пад увагу тое, што прыказкі паводле семантыкі далёка не аднатыпныя моўныя адзінкі. Разам з тым варта адзначыць, што слова, стаўшы кампанентам прыказкі, не заўсёды захоўвае свае слоўныя якасці. І гэта залежыць ад таго, у якім значэнні ўжываецца парэміялагічная адзінка: алегарычным, часткова пераасэнсаваным ці прамым. Але калі нават прыказка мае прамое значэнне, то кампаненты, што ўваходзяць у яе склад, рэалізуюць розную семантыку. Усе выяўленыя адзінкі мы падаём проста як лексемы, разумеючы пры гэтым, што лексема – гэта “слова як сукупнасць граматычных форм і лексічных значэнняў ва ўсіх яго ўжываннях і рэалізацыях” [2, с. 106]. Скажам, назоўнік дрэва, па дадзеных ТСБМ, мае толькі два значэнні: 1) шматгадовая расліна з цвёрдым ствалом і галінамі, якія ўтвараюць крону; 2) матэрыял з такой расліны, які ідзе на будаўніцтва, розныя вырабы; драўніна. Гэты ж кампанент ужываецца ў прыказках, многія з якіх не патрабуюць тлумачэння, аднак пры іх ужыванні трэба ведаць, да якой маўленчай сітуацыі яна дастасоўваецца. Напрыклад, Крывое (малое) дрэва ў сук расце ‘кажуць пра мужчыну малога росту ці кульгавага, але вельмі здатнага на любошчы’; Крывое (-ога) дрэва не выпраміш (не выправіш, не выпрастаеш), Крывое дзерава трудна выпрастаць ‘кажуць з перакананнем, што хто-небудзь не зменіцца ў лепшы бок’. Параўн. іншыя ўжыванні, дзе праяўляюцца розныя, але не слоўнікавыя значэнні, уласцівыя лексеме дрэва: Ад крывога дрэва не бывае прамога ценю. Сін.: Якое дрэва, такі <і> клін, які бацька, такі <і> сын ‘свае недахопы, заганы дзеці пераймаюць ад бацькоў’; Скрыпучае (скрыплівае) дрэва (дзерава) доўга скрыпіць (стаіць); Скрыпучае дрэва жывучае; Скрыпліва дзерава перажыве і здаровае; Скрыпучае дрэва два вякі стаіць ‘чалавек хвараві­ты ці такі, што прытвараецца хваравітым, доўга жыве’.

Усе гэтыя прыказкі адарваліся ад першапачатковых рэалій, на базе якіх развіўся алегарычны сэнс. Агульнае значэнне такіх выразаў не суадносіцца з лексічным значэннем слоў, што ўваходзяць у іх склад. Слова ў прыказцы вобразнае, тут яно “як бы перайначваецца, свеціцца нейкімі іншымі фарбамі і вылучае незвычайную паэтычную энергію” [3, с. 88]. Першапачаткова многія з прыказак, магчыма, ужываліся проста як канстатацыя пэўнага факта, як характарыстыка пэўнай з’явы, скажам, Высокае дрэва здалёку відаць ці Дзе дубы, там грыбы або Добры (вялікі) дуб, ды дупляністы (дупляняты, дуплаваты). Зараз у гэтых выразах ўсе кампаненты атрымалі пераасэнсаванне, і, напрыклад, апошні з іх, з адценнем іранічнасці, ужываецца ў сітуацыі, калі гавораць пра што-небудзь значнае, з чаго, аднак, няма толку. Тое ж самае можна сказаць і адносна прыказкі На пахілую вярбу (на пахілае дрэва, дзерава) <і> козы скачуць. Яна дастасоўваецца не да вярбы ці дрэва ўвогуле, а да людзей і абазначае ‘пакорлівага, падатлівага чалавека ўсе крыўдзяць’.

Дэндронімы, што ўваходзяць у структуру парэміялагічных адзінак, вызначаюцца рознай актыўнасцю. Найбольш часта тут выкарыстоўваюцца лексема дуб – дзікарослае “мужчынскае” дрэва, сімвал жыцця, вечнасці, моцы. Пададзім далей прыказкі з гэтай лексемай. Адначасова растлумачым і значэнне тых прыказак, якія ўжываюцца не толькі ў народнай мове, але і літаратурнай.

Які дуб, такі і тын, які бацька, такі і сын ‘у дзецях паўтараюцца недахопы ці станоўчыя рысы бацькоў’. Яшчэ вядомы наступныя варыянты прыказкі: Які дуб, такі і клін, які бацька, такі і сын; Які дубок, такі і клінок, які бацька, такі і сынок.

Без ветру і дуб не шуміць ‘на ўсё ёсць свае падставы. Пра прычынна-выніковыя сувязі паміж пэўнымі з’явамі’.

Без глыбокага кораня дуба не бывае ‘якая-небудзь важная жыццёвая справа немагчымая без трывалага падмурка’. Параўн.: Вялікага дуба з малым карэннем не бывае.

Адзін дуб у полі ─ то не лес ‘аднаму чалавеку, у адзіночку цяжка дабіцца чаго-небудзь, справіцца з чым-н. Часцей ужываецца як апраўданне чыйго-небудзь бяссілля, бездапаможнасці’.

Прыказка Абвёў вакруг дуба, ды й няхай будзе люба зафіксавана ў раздзеле “Шлюб і вяселле”. У аснову прыказкі пакладзены ранейшы народны звычай. Раней каля дуба адзначалася вяселле, а сам абрад шлюбу заключаўся ў трохразовым абыходзе маладымі свяшчэннага дрэва.

Прыказка Не будзе дуба, не трэба і грыба падаецца ў раздзеле “Жыццёвыя назіранні” і з’яўляецца паказчыкам таго, што грыбы растуць у лесе, а без лесу іх не будзе. Але, думаецца, што яна ўсё ж такі выкарыстоўваецца ў маўленні з пераносным значэннем.

Абы дубкі, а бярозак хваціць. Паколькі прыказка ўключана ў раздзел “Дзеці і іх выхаванне”, то можна меркаваць, што яна абазначае: ‘галоўнае – каб хлопцы былі, а дзяўчаты знойдуцца’. Параўн. прыказку Абы мае бярозкі, а дубкі знойдуцца, якая ўжо фіксуецца ў раздзеле “Каханне. Дашлюбныя адносіны моладзі”. Тут побач з лексемай дубкі (‘памяншальна-ласкальная форма да слова дуб’) ужываецца і дэндронім бярозкі.

У традыцыйнай культуры славян, акрамя дуба, адметнае месца займае і бяроза. Бярозу лічаць абрадавым дрэвам, якое сімвалізуе дзявочае хараство, раслінную сілу, любоў і каханне. Гэта лексема ўжыта яшчэ ў дзвюх прыказках: Бяроза не ўгроза: дзе яна стаіць, там і шуміць (пададзена ў раздзеле “Дабрата. Злосць. Зайздрасць. Няўдзячнасць”) і Калі бяроза перад вольхай ліст распусціць, то лета будзе сухое; калі вольха наперад ─ мокрае. Апошняя з’яўляецца паказчыкам народнага календара, а таму мае прамое значэнне. Існуе яшчэ адзін варыянт гэтай прыказкі: Мокры год будзе, калі вольха раней распусцілася за бярозку.

У значную колькасць прыказак уваходзіць дэндронім сасна ‘хваёвае вечназялёнае дрэва з доўгімі іголкамі і акруглымі шышкамі’. Заўважым, што ў прыказках гэтае значэнне як бы расствараецца ў яе агульным сэнсе. Прасочым гэта на прыкладах: Кожная сасна свайму бору песню спявае (пяе) ‘кожны чалавек абараняе інтарэсы людзей свайго асяроддзя’. Ёсць яшчэ два варыянты гэтай прыказкі: Дзе сасна ні стаіць, а ўсё свайму бору шуміць; Усякая сасна ў сваім бару шуміць.

Жыць на чужой старонцы, як на скале адзінокай сасонцы ‘на чужыне чалавек адчувае сябе адзінокім’. У прыказцы лексема “сасна” мае памяншальна-ласкальную форму – сасонцы, што абумоўлена патрабаваннямі рыфмы.

Прыказка Ад яблыні ─ яблыкі, ад сасны ─ шышкі змешчана ў раздзеле “Дзеці і і х выхаванне”. Яна абазначае тое, што кожнае дзіця падобнае на сваіх бацькоў не толькі знешне, але і сваімі недахопамі ці станоўчымі рысамі. Бо, як вядома, ‘‘яблык ад яблыні недалёка падае”. Прыказка ўзнікла ў выніку метафарычнага пераасэнсавання. За рэальным фактам, што ад сасны будуць шышкі, а не, скажам, жалуды ці што іншае, прыхаваны значны падтэкст.

Прыказкай Брат на ліпе драт, на сасне луплен, за тры шалягі куплен характарызуюць не вельмі добрага брата і яна пададзена ў раздзеле “Радня, сваяцтва”. А вось прыказка Када на елкі шышкі стануць красныя, а на сасне зялёныя ─ сей ячмень з’яўляецца паказчыкам народнага календара. Выкарыстоўваецца яна як парада, і ўсе кампаненты ў ёй ужыты ў прамым значэнні. Таму і слова сасна мае сваё канкрэтнае, літаральнае слоўнікавае значэнне. Сімволіка сасны шмат у чым супадае з сімволікай елкі, што абумоўлена наяўнасцю вострых іголак.

Разам з тым у славянскіх мовах пашыраны дэндронім хвоя, які паводле “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” мае тры значэнні і адно адценне: 1) вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна; 2) ігліца; 3) галінка хвойнага дрэва. // Хваёвы лес, сасняк. Такім чынам, словы хвоя і сасна ў першым значэнні з’яўляюцца сінонімамі. Лексема хвоя ўжыта ў прыказцы Елка і хвая: украў, дык мая, якая зафіксавана ў раздзеле “Зладзейства. Махлярства”.

Лексема хвойка мае значэнне ацэначнасці (памяншальна-ласкальнае да хвоя): Хоць хвойку жую, ды на волі жыву. Дарэчы, гэта прыказка выкарыстана ў ТСБМ як ілюстрацыйны прыклад для пацвярджэння другога значэння намінацыі хвойка ‘ігліца’. Але гэты прыклад не выступае сродкам семантычнай інфармацыі пра слова, бо размова ідзе не пра хвойку; сэнс выказвання – ‘хоць і бедна чалавек жыве, затое ён вольны’. Пераносны, алегарычны сэнс мае і прыказка За хвойкай лесу не бачыць.

Вярба ‘дрэвавая і кустовая расліна сямейства вярбовых з разложыстымі гнуткімі галінамі і вузкім лісцем’ у народнай культуры сімвалізуе жыццёвую моц, хуткі рост, здароўе і плоднасць, абараняе ад уздзеяння нячыстай сілы. У фальклорных творах услаўлена жыццяздольнасць і трываласць вярбы. У парэміях вярба сімвалізуе дзяўчыну ці абазначае чалавека ўвогуле, безадносна да яго полу і ўзросту: Дзеўка, як вярба, – іх усюды перасаджваюць; На пахілую вярбу (на пахілае дрэва) козы скачуць ‘пакорлівага, падатлівага чалавека ўсе крыўдзяць’; Скрыпучая вярба два вякі жыве ‘чалавек хваравіты ці такі, што прыкідваецца хваравітым, доўга жыве’; Вярба тоўстая, ды ў сярэдзіне пустая ‘знешне чалавек можа выглядаць нядрэнна, аднак толку з яго мала’. У якасці сіноніма тут можна прывесці і згаданую вышэй прыказку Добры дуб, ды дупляністы. Прыказка Дзе вада, там і вярба з’яўляецца паказчыкам народнай прыкметы.

У пяці прыказках ужываецца дэндронім асіна. У дзвюх з іх для захавання рытмічнасці і рыфмаванасці ён мае памяншальна-ласкальную форму – асінка.

Для прадажнай псіны кол з асіны – ‘прадажнік, здраднік варты самага суровага пакарання’. Як асінка затрасецца, тады волік напасецца (нап’ецца). Шукай асіну на панскую спіну. Асінка чырванее, хлопец дурэе (Асінка чырванеець, дзяцюк (дзяцёк, дзяцінка) шалеець). Як у полі асіна – так і сіраціна: яе вецер гне і мачаха б’е.

Такім чынам, дэндронімы, што ўваходзяць у структуру парэміялагічных адзінак, вызначаюцца прыкладна аднолькавай актыўнасцю. Дрэва – адзін з цэнтральных сімвалаў сусветнай традыцыі. Яно, як і іншыя раслінныя формы, звязваецца з урадлівасцю, росквітам, багаццем. Але перш за ўсё дрэва з’яўляецца ўвасабленнем жыцця ў розных яго аспектах і праявах.

Усе адзначаныя дэндронімы належаць да адзінак асноўнага слоўнікавага фонду. Але вельмі многія з іх пераасэнсаваліся і толькі ў этымалагічным плане суадносяцца з зыходнымі, першаснымі значэннямі адпаведных назоўнікаў. Аднак пераноснасць тут адбываецца не на лексічным, а на сінтаксічным узроўні. Таму і прыказкі амаль ва ўсіх выпадках маюць цэласнае значэнне. Вывучэнне дэндронімаў, скарыстаных у якасці кампанентаў прыказак, дазваляе ўбачыць тую аснову, на якой ажыццяўляецца канцэптуалізацыя сэнсу і ствараецца моўная адзінка, якая адпавядае ўстаноўленым традыцыям, спецыфічным умовам жыцця лінгвакультурнай агульнасці. Дэндронімы здольны перадаваць значную інфармацыю аб светапоглядзе народа, мнагаграннасць узаемаадносін паміж чалавекам і прыродай у творах вуснай народнай творчасці, і ў прыватнасці ў прыказках. Дэндронімы тут выступаюць не толькі як лексічныя адзінкі, але як і культуразначымыя паняцці.

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Шавыркін, М. Дрэвы памяці // Роднае слова. – 2004. – № 1. – С. 100.

2. Рагаўцоў, В. І. Уводзіны ў мовазнаўства : вучэбны дапаможнік / В. І. Рагаўцоў. – Магілёў: МДУ імя , 2004. – 400 с.

3. Янкоўскі, беларускіх прыказак / ўскі. – Мінск: Выш. шк., 1971. – 160 с.