Прыказкі ў рамане Максіма Гарэцкага “Віленскія камунары” // М. і Г. Гарэцкія. Жыццё і творчасць (да 120-годдзя М. Гарэцкага). Матэрыялы ХХІ Гарэцкіх чытанняў. Мінск, 15 лютага, 2013. Калектыў аўтараў. – Мінск, 2013. – С. 226-228.
іч (Гродна)
ПРЫКАЗКІ Ў РАМАНЕ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА “ВІЛЕНСКІЯ КАМУНАРЫ”
Прыказкі – адшліфаваная стагоддзямі народная мудрасць, здольная вобразна і сцісла перадаваць багатую думку, правераную вопытам мноства людзей. Шырокую вядомасць, распаўсюджанасць і ўжывальнасць прыказак у народзе падмеціў у свой час К. Крапіва “Ёсць такія аматары прыказак, якія чуць не кожны свой крок апраўдваюць прыказкаю, чуць не кожны свой выраз аздабляюць ёю. Пра такіх нават і знарочыстая прыказка ўтварылася: “Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца” [1, с. 227].
Гэта пашыранасць прыказак у народзе знаходзіць сваё адлюстраванне і ў мастацкіх тэкстах. Так, напрыклад, Максім Гарэцкі ў драматызаванай аповесці “Антон” і ў рамане-хроніцы “Віленскія камунары” ўжыў іх адпаведна 24 і 25.
Назіранні за ўжываннем прыказак у творах Максіма Гарэцкага паказваюць, што пісьменнік выкарыстоўваў іх з пачуццём меры і мастацкай мэтазгоднасці. Выкарыстанне той ці іншай прыказкі прадвызначаецца кантэкстам, абумоўліваецца канкрэтнай маўленчай сітуацыяй, неабходнасцю больш дакладна выказаць пэўную думку.
Пацвердзім гэта ўжываннем прыказак у рамане “Віленскія камунары”.
Прыказкі перш за ўсё выконваюць камунікатыўную функцыю, г. зн. выражаюць суджэнне, перадаюць вычарпальны ў сэнсавых адносінах змест. Возьмем такі прыклад: Кажуць: не кажы гоп, пакуль не пераскочыў… Немцы выдумалі механізацыю. Замест жывых людзей паставілі свае новыя варштаты. І нават у нас падвялі пад скарачэнне адразу чалавек трыццаць. Аднак жа ўсё рабілася не без людскасці… Выдзеленая тут прыказка выражае суджэнне, якое можна перадаць сказам ‘не лічы што-небудзь зробленым, пакуль не давядзеш яго да канца’. Ці, напрыклад, яшчэ як сцвярджэнне, што ўсё на свеце мінаецца, канчаецца, зношваецца і г. д. ужываецца прыказка Нішто не вечна: Могільнік быў надзвычай паэтычны. Не ведаю, ці захаваўся ён да гэтага часу. Нішто не вечна… Пісалі на крыжах хімічным алоўкам.. Непазбежнасць смерці выражаецца ў прыказцы Дзвюм (смерцям) смярцям не бываць, а адной не мінаваць: Чаго нам паміраць? Вось пакуль што не забілі. А прыйдзецца памерці – дык што такое? Дзвюм смерцям не бываць, аднэй не мінаваць! – прамовіў ён прыказкаю і засмяяўся [Кобак].
Адна з асаблівасцей – гэта тое, што яны сэнсава ёмістае выказванне выражаюць у максімальна сціслай форме. Пакажам гэта на такім урыўку з рамана: Найчасцей знаходзілі выхад у тым, што ішлі з горада ў вёску, каб прынесці мяшэчак бульбы. І гэта кіламетраў за трыццаць і болей, і на сваім гарбу. Голад – не цётка… Тут пры дапамозе кароткага народнага афарызма Голад – не цётка перададзена складаная думка пра апраўданне дзеянняў, звязаных з пошукам ежы, пра тое, што голад вымушае скарыцца з абставінамі і рабіць што-небудзь супраць уласнай волі.
Ёмістасцю і лаканічнасцю вылучаюцца прыказкі, выкарыстаныя ў наступных кантэкстах: 1) Шмат каму было жыццё, што толькі жыць дый жыць. Шмат каму яно і вярнулася, яшчэ і палепшала, але не ўсім, далёка не ўсім… Пажывем, пабачым, што будзе далей…; 2) Вось, тым больш, мушу я абмацаць цябе да костачак, – спакойна адказаў Рудольф. – Такія парадкі, і ты не брыкайся. Ты тут не першы і не апошні і сваіх парадкаў не ўводзь. Першая прыказка ўжываецца ў сітуацыях, калі не хочуць ці не маюць дастатковых падстаў выказацца пра тое, што можа высветліцца толькі з часам, другой – паведамляюць каму-небудзь, што ягоныя паводзіны, дзеянні не з’яўляюцца новым, нечаканым для суразмоўніка і што гэта – звычайная жыццёвая з’ява.
Многімі прыказкамі, як пісаў І. І. Насовіч, “змагаюцца з хібамі і слабасцямі, папраўляюць недахопы, насміхаюцца, упікаюць, пагражаюць” [2, с. ІІІ]. Так, скажам, пра чалавека, які заслужыў пакаранне смерцю гавораць з пагардай: Сабаку сабачая смерць. – Толькі вось нядобра, што ты забіў Павэлка, – нечакана дадаў Дубальт. – Вядома, сабаку сабачая смерць, але замазаць тваю віну ў забойстве мне будзе цяжкавата… Адмоўныя адносіны да пэўных дзеянняў выказваюцца і ў прыказцы Аўчынка вырабу не варта: – Вось што, падпольны дарэктар! Вучы дзяцей так, каб бацькі былі задаволены і плацілі мне акуратна. А то не стоіць аўчынка выдзелкі, і я цябе прыхлопну. Будзем шукаць другога… Праўда, тут пісьменнік выкарыстаў рускамоўны аналаг беларускай прыказкі (руск. Овчинка выделки не стоит). Варта адзначыць, што іншамоўныя афарызмы М. Гарэцкі ў сваіх творах выкарыстоўвае неаднойчы. У названым рамане, акрамя адзначанага выпадку, з імі сутыкаемся яшчэ тройчы: Але так і застаўся па-за партыяй [дзядзька Туркевіч]. Прычына: яго нейкія былыя каншахцікі з беларускімі нацыяналістамі ў Вільні. Як той казаў: “Коготок увяз – всей птичке пропасть…” Дзве з іх выкарыстоўваюцца ў ролі эпіграфа: Das ist alte Geschichte…(Гэта – старая гісторыя…) Нямецкая прыказка. Vae victis. (Гора пераможаным.) Лацінская прыказка.
Яшчэ адну функцыю кампазіцыйна-канструктыўнай накіраванасці выконвае прыказка У самым лепшым лесе будзе крывое дрэва. Паміж гэтай абагульненай думкай і канкрэтнай з’явай аўтар рамана знаходзіць асацыятыўна-сэнсавыя сувязі, таму вобразнае адлюстраванне гэтай з’явы пачынае прыказкай: У самым лепшым лесе будзе крывое дрэва… У рэвалюцыйнай арганізацыі, якою кіраваў Тарусевіч і ў якой браў удзел мой бацька, завяліся правакатары. Яны яе і засыпалі.
Прыказкі ў рамане выконваюць і эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю. Выказваючы тое ці іншае паведамленне, яны адначасова выражаюць пэўныя эмоцыі персанажа (неадабрэнне чаго-небудзь, веру ў што-небудзь, надзею і г. д.): 1) Ездзіў у Свянцяны прадаваць мёд, каб жонка ўсяго не паела. І выбраў у банку трыццаць рублёў грошай – на новую хату. Ды ўсё кішэню мацаў, ды ўсё з кішэні ў кішэню перакладаў. А хто чаго дужа баіцца, тое з тым і здараецца. Пакуль адзін жулік суліў яму нешта крадзенае за бясцэн прадаць, дык другі жулік кішэнь яму адрэзаў..; 2) А нават і не троху, а добра-такі падсілкаваліся: з’елі па талерцы расольніку, узялі адну порцыю на дваіх гуляшу з каніны, з падсмажанаю бульбачкаю, а паверх – па талерцы пярловае кашы з малаком. Я думаў: досыць! Нават сказаў: – Хоць бы так і да веку кожнаму добраму чалавеку, – і па пузу сябе, жартуючы, пагладзіў. Рэакцыю прыкрасці, што няма надзеі на што-небудзь спадзявацца ў бязвыхадным становішчы выражае прыказка Надзея – матка дурных (у рамане яна выкарыстана двойчы): Меў надзею [дзядуля], што яшчэ дойдзе праўды, абязвініцца перад начальствам і ў блізкім часе вернецца назад.. На злосць усім – сабе на радасць… “Надзея – матка дурных”, – кажа старая прыказка, шмат каму вельмі нялюбая. – Але ж трэба мець надзею, таварышу Лахінскі, што ўсё яшчэ, дасць бог, ацішыцца, асталіцца і зноў усё будзе па-даўнейшаму… – Надзея – матка дурных, кажа старая прыказка, пане Плахінскі! – пэўна, заўважыў яму, смеючыся, таварыш Лахінскі.
Вельмі многія прыказкі – разгорнутыя метафары, у якіх адбылося адначасовае, скразное пераасэнсаванне ўсіх або толькі асобных слоў. Такія прыказкі ствараюць наглядна-пачуццёвыя ўяўленні пра тыя ці іншыя з’явы рэчасінасці. Напрыклад, прыказка У каханкі смаляныя лаўкі абазначае ‘прыйшоўшы да каханай, доўга прабудзеш у яе’: Жартлівыя ж людзі пасля смяяліся, што палкоўнік Вэйтка еў куццю ў свае каханкі, а “ў каханкі – смаляныя лаўкі”, дык ён прыліп там, заседзеўся і спазніўся пачаць выступленне… Варта адзначыць, што гэтую прыказку аўтар вельмі ўмела абыграў. Тут назіраем сумяшчэнне двух сэнсаў прыказкі, прамога і пераноснага. Сэнсавы паралелізм ўзнікае ў выніку таго, што следам за прыказкай з часткова пераасэнсаваным значэннем ідзе выказванне, якое арыентуе на канкрэтнае, літаральнае асэнсаванне кампанентаў смаляныя лаўкі.
Прыказка ў яе традыцыйнай форме заўсёды з’яўляецца закончаным суджэннем-сказам. Пры выкарыстанні ж яе ў дэфармаваным выглядзе яе асобныя кампаненты становяцца структурнымі элементамі сказа. Цікава ў гэтых адносінах выкарыстана прыказка Не тады сабак кормяць, як на паляванне ехаць (яе сэнс – ‘ не ў апошні момант робіцца тое, што трэба было зрабіць раней’): Цяпер самому з сябе самога смешна, які я быў стралец. А вывад: вучыся страляць загадзя, каб не карміць сабак, едучы на паляванне… М. Гарэцкі, імкнучыся падпарадкаваць прыказку кантэксту, змяняе яе структуру.
Іншы раз, каб пацвердзіць тую ці іншую думку, узмацніць яе сэнс, аўтар побач выкарыстоўвае два трапныя выслоўі: Праўда, затое не быў я надта галодны, нават пры сваёй прыроднай жарлівасці. Але не хлебам адзіным жыве чалавек, і “лепш быць вольным ваўкалакам, чым на прывязі сабакам”. Калі зашумела вясна,.. пацягнула мяне з душнае, чаднае кухні на чыстыя, вольныя прасторы, адкуль зручней было і зусім уцячы з лесапільні.
Такім чынам, прыказкі хоць у большасці выпадкаў ужыты ў рамане ў сваёй традыцыйнай форме і з пастаянным замацаваным за імі зместам, але яны заўсёды стылістычна нагружаныя, выконваюць разнастайныя функцыі.
Спіс літаратуры
1. Крапіва, К. Беларускія прыказкі // Зб. тв.: У 4 т. Т. 4. – Мінск, 1963.
2. Сборник белорусских пословиц, составленный // Сб. отд. русск. яз. и словесности Импер. АН. – СПб., 1874. – Т. ХІІ. – № 2.


