Стылістычнае выкарыстанне прыказак у драматызаванай аповесці “Антон” Максіма Гарэцкага // Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць. Матэрыялы ХХ Гарэцкіх чытанняў. – Мінск, 2012. – С. 139-141.
іч (Гродна)
СТЫЛІСТЫЧНАЕ ВЫКАРЫСТАННЕ ПРЫКАЗАК У ДРАМАТЫЗАВАНАЙ АПОВЕСЦІ “АНТОН” МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Прыказкі заўсёды прыцягвалі ўвагу мастакоў слова, бо “яны даюць гатовыя формулы жыццёвых з’яў ці гатовыя іх характарыстыкі. Апрача гэтага, убраныя найчасцей у высокамастацкую форму, яны даюць і эстэтычнае задавальненне” [1, с. 226]. Ужываючыся і ў сваёй нарматыўнай форме, прыказкі заўсёды стылістычна нагружаныя, выконваюць разнастайныя стылістычныя функцыі. Адны з іх з’яўляюцца ўнутрана ўласцівымі самім прыказкам, а другія – праяўляюцца толькі ў спецыяльна арганізаваным кантэксце.
Паназіраем за ўжываннем прыказак у адным з мастацкіх тэкстаў Максіма Гарэцкага. Даволі часта ў сваіх творах пісьменнік выкарыстоўвае эпіграфы. Прычым, у якасці эпіграфаў выступаюць не толькі празаічныя і вершаваныя цытаты, але і прыказкі. Так, у драматызаванай аповесці “Антон”, якая складаецца з 15 частак, толькі дзве з іх не маюць эпіграфаў; у многіх выпадках гэта некалькі эпіграфаў-прыказак. Пададзім іх: 1) – А ты што за чалавек? – Я не чалавек, я – пінчук. Пагаворка; 2) Гарэлка не дзеўка, не саромеючысь п’ецца. Прыказка; 3) Затым сляпы плачыць, Што сцежкі не бачыць. Прыказь; 4) Ці багамольны, ці бажавольны? Прыказка; На тым жа суку сеў… Пагаворка; 5) – Гыр-гыр-гыр!.. – Кусі, кусі, кусі!.. На тое ж вы людзі, а прычэпку знойдзеш і за шчэпку, прычынку і за лучынку… Пагаворка; 6) Намерся, ды не ўдар. Старасвецкая мудрасць; Ці саву аб пень, ці пень аб саву – усё саве баліць. Прыказка; 7) Абы б бяда, а шыя будзе. Прыказка; 8) Спешна табе! Прывітанне ткалі, калі яна за кроснамі. Дурны паспех – людзём на смех. Прыказь; На пастаці нечага стаяці. Таксама прыказка; – Папаў пальцам у неба… – Папаў не папаў, а ў неба пападаў… Пагаворкі; – Не тлумач другім таго, чаго сам добра не разумееш… – Дык няхай мне тлумачаць… (без подпісу); – Гутарка – срэбра, а моўчкі – золата! – А што з таго золата, што ў гарах ляжыць, нікому карысці не дае? (без подпісу). Як бачым, амаль кожны эпіграф суправаджаецца паказчыкам на яго крыніцу: прыказка, пагаворка, прыказь, старасвецкая мудрасць. Прыказкі-эпіграфы паясняюць галоўную думку той ці іншай часткі, з’яўляюцца своеасаблівым ідэйна-сэнсавым ці эмацыянальна-эстэтычным ключом да яе, выражаюць аўтарскую ацэнку.
Часам прыказкі алегарычнага характару, выкарыстаныя ў іх традыцыйнай форме, у драматызаванай аповесці М. Гарэцкага абыгрываюцца. Так, прыказка Сабака брэша – вецер носіць абазначае ‘не варта звяртаць увагу на чые-небудзь недарэчныя словы, дзеянні’. У пададзеным ніжэй урыўку перад прыказкай ужываецца слова сабака, а пасля – сабачы. І тут яны атрымліваюць аказіянальнае, не звязанае з агульным сэнсам прыказкі значэнне ‘нягоднік, злосны, шкодны чалавек’ і ‘ганебны, агідны’: [Шахцёр:] С-сабака панскі, падліза! Я шчэ з акружным пазюкаю аб табе, я ведаю твае штучкі, падажджы… [Аўтух:] Праўду людзі кажуць – сабака брэша, вецер носіць. Ды шкода: сабачы брэх да неба не даходзіць…
Сэнс прыказкі І сцены маюць вушы – ‘каго-небудзь могуць падслухаць’. Ужываецца яна як папярэджанне быць асцярожным у размове, каб не падслухалі: [Іцка:] Ну дык слухай, Аўтушок, – Мірон жа свой чалавек, – дубкі, што пры Доўгім Балоце, мае? Добра? [Аўтух:] Свой не свой, мой не мой, мог бы ты і другім разам спытацца: дзед мой казаў, што і сцены часам чуюць, і ваўкі па-сабаччу брэшуць… Тут спалучаюцца прыказка і аднатыпны па структуры выраз, дзякуючы чаму больш выразна, яскрава перадаецца абагульненая, тыпізаваная думка-правіла.
Выразна адчуваюцца ўласна супастаўляльныя адносіны на сінтаксічным узроўні паміж структурна-аднатыпнымі сказам Зямля працу любіць і выкарыстанай услед за ім прыказкай: [Панас:] А што мне твая зямля, калі я лепшы хлеб знайду? Зямля працу любіць, а праца дурня любіць, і як не было мужыцкага царства, так яго й не будзе… Такое паралельнае выкарыстанне дзвюх частак ажыўляе вобразнасць прыказкі, узмацняе экспрэсіўнасць кантэксту.
У двухтомніку “Прыказкі і прымаўкі” засведчана прыказка Грэх у мех, грашаняты ў торбу і яе варыянты: Грэх у мех, а спасенне ў торбу; Грэх у мех, кіем па мяху – будзеш без граху і інш. І. І. Насовіч у “Зборніку беларускіх прыказак” падаў яе ў такім афармленні: Грэх у мех, а спасенне наверх. У такой жа разнавіднасці выкарыстаў яе і М. Гарэцкі: [Антон:] Богу відаць, дзе грэх. [Старац 1-шы:] Э, братка, мой! Грэх у мех, а спасенне наверх. [Старац 2-гі:] Ці ў торбу ды аб вугол. [Старац 1-шы:] Цяпер толькі мы, простыя людзі, баёмся граху. У словах другога старца, дзякуючы канкрэтызацыі апошняй часткі прыказкі, адчуваецца выразна намёк на існаванне і іншых распаўсюджаных варыяцый парэміі. Дарэчы, гэта прыказка ўжываецца як адмоўная рэакцыя на слова грэх у папярэдняй рэпліцы.
Выкарыстанне адным з суразмоўнікаў слова дасада стымулявала выкарыстанне прыказкі Дасада не расада, на градку не пасадзіш, у якой выказваюцца неадабральныя адносіны да пачутага: [Антон:] Дасада ў мяне, дзядзька, на сэрцы, каб вы ведалі, што за дасада… [Кузьма:] Дасада не расада, на градку не пасодзіш… Пакінь ты, усяк людзі жывуць, а жывуць…
Стылістычная роля прыказак павялічваецца яшчэ больш, калі яны выкарыстоўваюцца з разнастайнымі структурна-семантычнымі змяненнямі. Даволі часта менавіта змяненні такога характару сустракаюцца ў драматычных творах. Пацвярджэннем гэтаму могуць быць назіранні за мовай драматычных абразкоў Максіма Гарэцкага. Вось як пісьменнік у “абразах жыцця” дэфармуе прыказку Вольнаму воля, шалёнаму поле, а спасённаму рай, падпарадкоўваючы яе кантэксту: [Аўтух:] У ўсякага свая воля, а тым часам і дарога: спасенніку рай, шалёнаму поле, а шахцёру – ідзі куды ідзеш ды не лезь, дзе цябе не пытаюць… Прыказка страціла сваю ранейшую форму, структурную схему, аднак носьбітамі вобразнасці выступілі пэўныя кампаненты, якія якраз і намякаюць на саму прыказку. Разам з тым далучэнне канструкцыі а шахцёру… вытлумачваецца імкненнем аўтара лепш прыстасаваць гэты народны афарызм да кантэксту і носіць удакладняльны характар.
Замена кампанента іншымі словамі назіраецца ў прыказцы Кепская тая дамова, дзе вала бадзе карова: [Домна:] Будзеш, будзеш, як відна, бацькаўскай удачы. Наўчыся яшчэ гарэлку піць, будзеш татухна… [Антон:] А што ж я? [Старцы 1-шы і 2-гі:] Гм! Гм! Гэ-гэ-гэ… Што там за дамова, дзе быка бадзець карова? Думаецца, што такія змяненні дыктуюцца эўфемістычнай функцыяй.
Прыказка Радня да паўдня, а як сонца зойдзе, сам чорт не знойдзе, як засведчана ў акадэмічным двухтомным зводзе, бытуе ў наступных разнавіднасцях: Радня толькі да белага дня, а ў чорны дзень не найдзеш; Радня толькі да чорнага дня; Радня да паўдня, сонца зайшло – і ўсё к чорту пайшло. Параўн. у М. Гарэцкага: [Домна:] А цяпер жа аб нас людзечкі будуць судзіць і гаварыць… [Бабулька:] О-о, людзюхны… хацела б ты лябёдка… Цяпер і радня – баляваць хоць да дня, а як не пір, дык хоць ты ў вір…. Цяжка сказаць, ці гэта індывідуальна-аўтарская пераробка прыказкі, ці адзін з яе варыянтаў, не зафіксаваных у парэміялагічных зборніках. У творах мастацкай літаратуры іншых пісьменнікаў гэта прыказка-інварыянт не сустракаецца.
Многія прыказкі, выкарыстаныя ў драматычным абразку “Антон”, ужыты без змянення формы і зместу. Напрыклад: Што праўда, то не грэх; Хто курыць, таго ў пекла тураць, а хто нюхае, той сам сябе цюхае; Хто нюхае табачок, той добры мужычок; а хто не зажывае табакі, не варт сабакі; А дзе, чорце, прывык? – А ў балоце; Бог не цяля, бачыць круцяля; На каго бог, на таго й людзі. Аднак усе яны ў тэксце выконваюць пэўныя стылістычныя функцыі Пакажам гэта на адным прыкладзе: [Антон:] Я ўжо сілу сваю страціў, я ўжо зжыўся, як тое гавораць – быў конь, ды з’ездзіўся. Выдзеленая тут прыказка з’яўляецца не толькі выказваннем пэўнага суджэння (‘пра таго, хто састарыўся’), але і выражае пачуццё шкадавання, лаканізуе маўленне, робіць яго вобразным і экспрэсіўным.
Усяго ў драматызаванай аповесці “Антон” Максім Гарэцкі ўжыў 16 прыказак (пад улік не браліся прыказкі-эпіграфы), і ўсе яны выкарыстаны з пачуццём меры і мастацкай мэтазгоднасці.
Спіс літаратуры
Крапіва, К. Беларускія прыказкі // Зб. тв.: У 4 т. Т. 4. – Мінск, 1963.


