Вывучэнне культурнага развіцця Заходняй Беларусі міжваеннага перыяду ў польскай гістарыяграфіі 90-х гг. ХХ ст. – пачатку ХХІ ст. цесна звязана з даследаваннем нацыянальных працэсаў. Развіццё архітэктуры, асветы, тэатра ў мястэчках Заходняй Беларусі Р. Дамброўскі, В. Вішнеўскі, Д. Наленч і інш. разглядаюць як асобныя бакі культурнага жыцця нацыянальных супольнасцей[14]. Гісторыі развіцця кінаіндустрыі ў Польшчы ў 20–30 гг. ХХ ст. прысвечаны даследаванні Б. Гершэўскай, Н. Гроса, Т. Любельскага[15].

У расійскай і заходняй гістарыяграфіі мястэчкі Заходняй Беларусі разглядаюцца ў агульным кантэксце розных аспектаў гісторыі яўрэяў Польшчы. Даследаванні М. Хакарайнена, А. Сакаловай, А. Зельцера, С. Касава, Е. Весэла, А. Палонскага, Д. Мірона і інш. выяўляюць спецыфіку мястэчка ХХ ст. перш за ўсё як асяродка яўрэйскай гісторыі і культуры[16].

У раздзеле 1.2 «Крыніцы і метады даследавання» праведзены агляд выкарыстаных крыніц, ахарактарызавана навукова-метадалагічная база. Пры класіфікацыі крыніц вылучаны наступныя іх групы: 1) нарматыўна-прававыя дакументы (тэксты законаў, указаў, пастаноў польскага ўрада і мясцовай адміністрацыі, якія рэгламентавалі прававы статус мястэчак, сацыяльнае забеспячэнне насельніцтва, развіццё сельскай гаспадаркі, рамяства, гандлю, прамысловасці ў мястэчках; 2) дакументы справаводства дзяржаўных органаў кіравання, устаноў і грамадскіх арганізацый (справаздачы, дакладныя запіскі, афіцыяльная перапіска, скаргі, рапарты, праграмы, інструкцыі, планы работы, матэрыялы з’ездаў і канферэнцый); 3) статыстычныя матэрыялы (неапублікаваныя і апублікаваныя Галоўным статыстычным упраўленнем Польшчы і асобнымі міністэрствамі); 4) перыядычны друк даследуемага перыяду (рэгіянальныя выданні, грамадска-палітычныя, сацыяльна-культурныя, краязнаўчыя, літаратурна-мастацкія і гістарычныя выданні); 5) крыніцы асабістага паходжання (успаміны, запіскі падарожнікаў, дзённікі); 6) картаграфічныя матэрыялы і фотадакументы.

НЕ нашли? Не то? Что вы ищете?

Выяўленне неапублікаваных крыніц было праведзена ў беларускіх і замежных архівах. У даследаванні выкарыстаны матэрыялы 34 фондаў 10 гістарычных архіваў Беларусі, Польшчы, Літвы і Ізраіля, значная частка якіх упершыню ўведзена ў навуковы абарот. Гэта дакументы фондаў Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў г. Гродна, Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у г. Мінску, Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Маладзечна. Істотна папоўнілі базу даследавання дакументы Архіва новых актаў у Варшаве, архіва Інстытута мастацтва польскай Акадэміі навук у Варшаве, Дзяржаўнага архіва ў Беластоку, Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Літвы ў Вільнюсе, а таксама Цэнтральнага архіва гісторыі яўрэйскага народа ў Іерусаліме.

Частка дакументальнага матэрыялу па тэме дысертацыі апублікавана ў зборніках заканадаўчых актаў, якія выдаваліся польскім урадам у 1921–1939 гг., выданнях Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, матэрыялах справаводства. Багаты фактычны матэрыял па тэме дысертацыі можна знайсці на старонках афіцыйнага друку і перыядычных выданняў, якія выходзілі ў міжваенны перыяд. Гістарычная рэчаіснасць насельніцтва заходнебеларускіх мястэчак міжваеннага часу адлюстравана ў крыніцах асабістага паходжання: успамінах, дзённіках, краязнаўчых нататках падарожнікаў[17].

Метадалагічнай базай вывучэння сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця мястэчак Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. з’яўляюцца прынцыпы гістарызму, аб’ектыўнасці, дадатковасці. У дысертацыі выкарыстоўваліся агульнанавуковыя метады даследавання (аналіз, сінтэз, абагульненне, апісанне, метад індукцыі, дэдукцыі), спецыяльныя метады гістарычнага даследавання (гісторыка-генетычны, гісторыка-сістэмны, гісторыка-тыпалагічны, метад гістарычнай рэтраспекцыі). Комплексны падыход да вывучэння навуковай праблемы абумовіў неабходнасць прымянення метадаў мікрааналізу, паколькі местачковае грамадства ўяўляе сукупнасць лакальных супольнасцей, асвятленне жыцця любой з якіх магчыма толькі з дапамогай мікрагістарычнага аналізу.

Міждысцыплінарнасць навуковага даследавання прадвызначыла выкарыстанне метадалагічных падыходаў і метадаў шэрагу сацыяльна-гуманітарных навук. Мястэчкі Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. мэтазгодна разглядаць у межах функцыяналізму – аднаго з асноўных метадалагічных падыходаў у культуралогіі і сацыяльнай антрапалогіі, галоўнай ідэяй якога з’яўляецца разуменне грамадства ў якасці сацыякультурнай сістэмы, якая складаецца з пэўных структурных элементаў, функцыянальна звязаных паміж сабою ў адзінае цэлае. Сістэмна-функцыянальны падыход з’яўляецца новым падыходам у вывучэнні культуры. Адным з галоўных аспектаў сістэмна-функцыянальнага падыходу для аналізу культурных працэсаў з’яўляецца вывучэнне грамадска-культурнага асяроддзя ці культурнай прасторы. Грамадска-культурнае асяроддзе (ці культурная прастора) мястэчак – гэта сукупнасць культурных фактараў, якія вызначалі паўнату і шматвобразнасць духоўнай сферы жыцця грамадства, яго інтэлектуальна-маральны і сацыяльна-актыўны патэнцыял.

У другой главе «Мястэчкі ў сістэме населеных пунктаў Заходняй Беларусі» вызначана сутнасць і спецыфіка гістарычнага развіцця мястэчак як асобных паселішчаў з полінацыянальнай сацыякультурнай прасторай. Уключэнне Заходняй Беларусі ў склад Польшчы ў 1921 г. прадвызначыла новы этап гістарычнага развіцця заходнебеларускіх мястэчак. Мястэчкі ў складзе польскай дзяржавы, з аднаго боку, захавалі традыцыйную спецыфіку пераходнага тыпу паселішча паміж горадам і вёскай, якую вызначала разнастайнасць заняткаў жыхароў (сельская гаспадарка, рамяство, прамысловасць, гандаль), павольныя тэмпы развіцця (у параўнанні з горадам), полінацыянальны склад насельніцтва, своеасаблівае культурна-прасторавае асяроддзе. З другога боку – іх функцыі адміністрацыйнага, эканамічнага, сацыяльна-культурнага цэнтра гмін і паветаў адпавядалі палітыцы польскага ўрада, накіраванай на інтэграцыю заходнебеларускага рэгіёна ў складзе Польшчы. Захаванне мястэчак як асобнага і традыцыйнага тыпу паселішчаў і іх статус як адміністрацыйных цэнтраў гмін былі падпарадкаваны дасягненню цэласнасці эканамічнай і сацыякультурнай сістэм Заходняй Беларусі ў складзе польскай дзяржавы ў 1921–1939 гг.

Дынаміка колькасці насельніцтва, эканамічныя ўмовы развіцця мястэчак, сацыяльная і культурная значнасць сведчылі аб тым, што гэтыя паселішчы ў даследуемы перыяд працягваюць губляць сваю местачковую аднатыповасць і набліжаюцца да гарадскіх ці сельскіх паселішчаў. Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР мястэчкі скасоўваюцца як адміністрацыйныя адзінкі.

Полінацыянальнасць насельніцтва мястэчак, значнасць сельскагаспадарчых заняткаў насельніцтва пры важнасці ролі рамяства, прамысловасці і гандлю не дазваляе вызначаць мястэчка як выключна яўрэйскае паселішча. Колькасць яўрэяў у мястэчках Заходняй Беларусі ў даследуемы перыяд складала 24–45% ад іншых нацыянальных груп насельніцтва. Традыцыйна іх заняткамі былі рамяство, прамысловасць і гандаль, і іх роля ў эканамічным, сацыяльным і культурным развіцці мястэчак была значнай. Пэўная адміністрацыйная самастойнасць і культурна-рэлігійная адасобленасць абшчын былі адной з прычын традыцыйнасці жыцця яўрэйскага насельніцтва мястэчак, што значна запавольвала тэмпы іх развіцця ў параўнанні з горадам і стрымлівала інтэнсіўнасць паланізацыйных працэсаў. Аднак імкненне іншых нацыянальных супольнасцей да культурнага самазахавання і іх роля ў жыцці мястэчак падкрэслівала складаную структуру арганізацыі шматнацыянальнага грамадства, лакалізаванага ў мястэчку.

У трэцяй главе «Эканамічнае развіццё мястэчак Заходняй Беларусі» прадметам аналізу з’яўляецца эканамічная актыўнасць мястэчак, выяўлены тэндэнцыі эканамічнага развіцця заходнебеларускіх мястэчак у 1921–1939 гг. (спецыялізацыя гаспадаркі, прыстасаванасць да агульнапольскага рынку, суіснаванне яўрэйскага і польскага прадпрымальніцтва), абумоўленыя папярэдняй традыцыяй і новымі ўмовамі гістарычнага развіцця ў складзе польскай дзяржавы, дадзена характарыстыка асаблівасцей развіцця ў мястэчках сельскай гаспадаркі, рамяства, прамысловасці і гандлю. Гэта абумовіла падзел главы на чатыры раздзелы.

У раздзеле 3.1 «Сельскагаспадарчае развіццё мястэчак» на адпаведных статыстычных і факталагічных даных пацвярджаецца факт значнай ролі сельскагаспадарчай вытворчасці ў жыцці местачкоўцаў Заходняй Беларусі. У 1921–1939 гг. у мястэчках Заходняй Беларусі пашыралася спецыялізацыя сельскіх гаспадарак і павялічвалася іх колькасць. Высокі ўзровень спецыялізацыі гаспадарак (ільнаводчых, збожжавых, жывёлагадоўчых, рыбных і г. д.), звязаных з рынкам, садзейнічаў пераўтварэнню мястэчак у сельскагаспадарчыя цэнтры гмін і нават паветаў Заходняй Беларусі. Рэалізацыя аграрных рэформаў польскага ўрада ў заходнебеларускіх мястэчках мела пэўную спецыфіку. Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі дазволіла некаторым землеўладальнікам пазбегнуць парцэляцыі. Камасацыя, на якую добраахвотна згаджалася пераважная большасць жыхароў мястэчак, разлічваючы на павелічэнне зямельнага надзела, была паспяховай выключна для матэрыяльна забяспечанай часткі землеўладальнікаў. Вынікам масавай хутарызацыі стала малазямелле і беззямелле большай часткі насельніцтва мястэчак.

У раздзеле 3.2 «Рамесніцкія заняткі насельніцтва» раскрываюцца прававыя асновы функцыянавання рамяства як сталага занятку насельніцтва, аналізуецца рамесніцкая спецыялізацыя мястэчак Заходняй Беларусі, вызначаецца роля яўрэйскага насельніцтва ў рамястве.

Заканадаўчая дзяржаўная падтрымка рамяства як сталага занятку насельніцтва мястэчак стала адной з прычын павелічэння колькасці рамесных майстэрань і іх легалізацыі ў заходнебеларускіх мястэчках, што садзейнічала спецыялізацыі гэтых паселішчаў як рамесных цэнтраў гмін. Нязначная колькасць рамеснай спецыялізацыі у мястэчках (ад 5 да 30) у параўнанні з гарадамі (ад 40 да 80) тлумачылася нізкім тэхнічным узроўнем рамяства, адсутнасцю прафесійных рамесных школ, досыць складаным працэсам атрымання рамесных карт, нізкай пакупніцкай здольнасцю насельніцтва мястэчак і вёсак як асноўнага спажыўца рамеснай прадукцыі, якой забяспечваўся мясцовы ўнутраны рынак. Яўрэйскае насельніцтва манапалізавала найбольш прыбытковыя рамесныя спецыяльнасці тэкстыльнай, гарбарнай і харчовай груп, а таксама сацыяльнай сферы.

У раздзеле 3.3 «Развіццё прамысловай вытворчасці ў мястэчках» падкрэсліваецца, што ў мястэчках Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы развіваліся тыя традыцыйныя галіны прамысловасці, якія атрымалі найбольшае развіццё ў папярэдні перыяд. Найбольшую ступень развіцця ў заходнебеларускіх мястэчках па колькасці прадпрыемстваў і працуючых на іх рабочых мелі лясная і мінеральная галіны прамысловасці. У тэкстыльнай, гарбарнай і харчовай галінах прамысловасці дамінавалі прадпрыемствы, якія знаходзіліся на ўзроўні рамесных майстэрняў.

У раздзеле 3.4 «Гандлёвая дзейнасць насельніцтва» разглядаюцца асноўныя формы ўнутранага гандлю мястэчак і значнасць даследуемых паселішчаў у развіцці знешняга гандлю. Гандлёвая функцыя мястэчак фарміравала іх аблічча як спецыфічных пасяленняў, нятоесных вёсцы і блізкіх да гарадоў. Дробнатаварны характар вытворчасці, не ўцягнутасць тэрыторыі Заходняй Беларусi ў будаўніцтва шляхоў зносін, арыентацыя прамысловасці мястэчак на ўнутраны рынак значна абмяжоўвалі магчымасці ўдзелу мястэчак у знешнім гандлі Польшчы, пераўтвараючы гэтыя паселішчы, перш за ўсё, у цэнтры ўнутранага гандлю, якія забяспечвалі штодзённыя патрэбы насельніцтва мястэчка і вёскі. Унутраны гандаль у мястэчках Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. ажыццяўляўся ў кірмашовай, базарнай, развозна-разноснай і стацыянарнай формах, пры гэтым стацыянарныя формы гандлю паступова выцяснялі перыядычныя.

У чацвёртай главе «Сацыяльна-культурныя працэсы ў мястэчках Заходняй Беларусі» на падставе аналізу аб’ёмнага фактычнага матэрыялу праведзена навуковае асэнсаванне сацыяльнага развіцця мястэчак і іх культурна-прасторавага асяроддзя.

У раздзеле 4.1 «Сацыяльнае развіццё заходнебеларускіх мястэчак» вызначаны асноўныя накірункі сацыяльнага развіцця заходнебеларускіх мястэчак (арганізацыя сацыяльнай дапамогі насельніцтву, фарміраванне разгалінаванай сістэмы медыцынскага абслугоўвання, уключэнне мястэчак у сістэму сувязі) і раскрыта роля органаў мясцовага самакіравання і грамадскіх аб’яднанняў у іх рэалізацыі.

Вядучую ролю ў фарміраванні сацыяльнай сістэмы забяспечанасці грамадства і вырашэнні асноўных праблем добраўпарадкавання мястэчак адыгрывалі органы мясцовага самакіравання, дзейнасць якіх заканадаўча рэгламентавала дзяржаўная ўлада. Рознабаковая дапамога насельніцтву (асабліва беспрацоўнаму і непрацаздольнаму) мястэчак праз разгалінаваную сетку ўстаноў сацыяльнай апекі (прытулкі, інтэрнаты, станцыі апекі над маці і дзіцём, дзіцячыя калоніі адпачынку, сталовыя і інш.), гмінных камітэтаў, фондаў працы, павятовых інспекцый працы, камунальных саюзаў не забяспечвала яго жыццёвыя патрэбы. У сувязі з недахопам дзяржаўных фінансавых сродкаў органы самакіравання шырока выкарыстоўвалі дабрачыннасць насельніцтва і грамадскіх арганізацый.

Напружанае эпідэміялагічнае становішча Заходняй Беларусі ў 20–30 гг. ХХ ст., як і ў цэлым Польшчы, актывізавала дзейнасць санітарных і медыцынскіх устаноў, і мястэчкі выступалі асяродкамі медыцыны і эпідэміялогіі для жыхароў цэлай гміны, што было асабліва важным для насельніцтва вёсак, аддаленых ад гарадскіх цэнтраў аховы здароўя.

Сістэма сувязі надавала мястэчкам ролю камунікацыйных пасрэднікаў паміж гарадскімі цэнтрамі і вёскай у арганізацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання, што садзейнічала паланізацыйным працэсам і забяспечвала польскаму ўраду кантроль за сацыяльна-палітычным, эканамічным і культурным развіццём Заходняй Беларусі.

У раздзеле 4.2 «Культурна-прасторавае асяроддзе мястэчак» прадстаўлена характарыстыка культурнай прасторы мястэчак ва ўмовах іх полінацыянальнасці.

Мястэчкі з’яўляліся цэнтрамі культурнага развіцця і стваралі пэўную культурную прастору для сваіх жыхароў. Задавальненне культурных патрэбнасцей, перш за ўсё, адбывалася ў рамках той сацыяльнай ці нацыянальнай групы, да якой належаў местачковец. Суіснаванне польскай, як дамінуючай на дзяржаўным узроўні, і іншых нацыянальных культур (беларускай, яўрэйскай, літоўскай, украінскай і інш.), накіраваных на культурнае самазахаванне ва ўмовах паланізацыі, стала галоўным фактарам трансфармацыі культурных працэсаў у мястэчках Заходняй Беларусі ў 1921–1939 г. На працэс фарміравання культурна-прасторавага асяроддзя мястэчак значны ўплыў аказалі тэатр, кіно, месцы адпачынку і мерапрыемствы па баўленню вольнага часу насельніцтва. Яны фарміравалі навакольнае асяроддзе жыхароў мястэчак, эстэтычны густ і светапогляд местачкоўцаў, далучалі насельніцтва мястэчак да нацыянальнай і польскай культуры.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі

1. Заходнебеларускія мястэчкі ў сістэме населеных пунктаў польскай дзяржавы ў 1921–1939 гг. з’яўляліся асобным тыпам паселішчаў і выконвалі функцыі адміністрацыйных, эканамічных і культурных цэнтраў гмін ці паветаў Заходняй Беларусі. Функцыянаванне мястэчак як адміністрацыйных цэнтраў гмін (150 гмінных мястэчак з агульнай колькасці 198) і паветаў (5 мястэчак – павятовыя цэнтры) прадвызначыла іх значнасць у эканамічным і сацыяльна-культурным жыцці Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. і было накіравана на інтэграцыю заходнебеларускага рэгіёна ў складзе Польшчы, арганізацыю зладжанага эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця шматнацыянальнага польскага грамадства.

Цэлы шэраг фактараў, а менавіта адміністрацыйная, сацыяльна-эканамічная і культурная значнасць мястэчак як цэнтраў гмін, дынаміка насельніцтва, змяншэнне іх колькасці (са 198 у 20-я гг. да 180 у 30-я гг. ХХ ст.) і рост колькасці гарадоў за кошт мястэчак (у 1929–1939 гг. 16 мястэчак набылі статус горада) сведчылі аб тым, што даследуемыя паселішчы губляюць сваю местачковую аднатыповасць і набліжаюцца да гарадскіх ці сельскіх паселішчаў. У большасці сваёй у Заходняй Беларусі пераважалі мястэчкі-сёлы (24% ад агульнай колькасці мястэчак) і дробныя мястэчкі (65%) з сярэдняй колькасцю жыхароў ад 700 да 1500 чалавек.

Канцэнтрацыя яўрэяў у мястэчках (24–45% ад іншых нацыянальных супольнасцей), іх традыцыйная прафесійная структура заняткаў у «неземляробчым» сектары (рамяство, прамысловая вытворчасць, гандаль), пэўная адміністрацыйная самастойнасць яўрэйскіх абшчын, частковая самадастатковасць у задавальненні ўласных патрэб намаганнямі абшчыны і грамадскіх структур абумовілі значную ролю яўрэйскага насельніцтва ў развіцці мястэчак. Аднак полінацыянальны характар насельніцтва мястэчак, высокі працэнт местачкоўцаў, занятых у аграрным сектары (да 40% земляробчага насельніцтва) і значнасць сельскай гаспадаркі ў жыцці местачкоўцаў, імкненне іншых нацыянальных супольнасцей да культурнага самазахавання ва ўмовах паланізацыі не дазваляюць вызначыць мястэчка як выключна яўрэйскае паселішча [4; 7; 10; 24].

2. Эканамічнае развіццё мястэчак Заходняй Беларусі ў складзе польскай дзяржавы не зведала якасна новых змен. Эканамічныя функцыі, якія выконвалі мястэчкі як цэнтры гмін і паветаў Заходняй Беларусі, садзейнічалі пераўтварэнню гэтых паселішчаў у сельскагаспадарчыя, рамесныя, прамысловыя, гандлёвыя цэнтры, што забяспечвала спецыялізацыю заходнебеларускіх ваяводстваў, паветаў і гмін ва ўмовах складвання адзінага агульнапольскага тэрытарыяльна-гаспадарчага механізма.

У даследуемы перыяд пашыралася спецыялізацыя местачковых гаспадарак (ільнаводчых, збожжавых, жывёлагадоўчых, рыбных і г. д.) і назіраўся іх колькасны рост. Сельскагаспадарчая прадукцыя была арыентавана як на ўнутраны, так і на знешні рынак. Рост колькасці спецыялізаваных гаспадарак абумовіў спецыфіку рэалізацыі аграрных рэформаў у заходнебеларускіх мястэчках.

Рамяство мела падтрымку польскіх улад і стала пастаянным заняткам насельніцтва мястэчак. Колькасць рамесных спецыяльнасцей у мястэчках на працягу даследуемага перыяду павялічвалася (ад 5 да 30), але была не такой значнай, як у гарадах (ад 40 да 80). Рост колькасці спецыяльнасцей сферы паслуг набліжаў мястэчкі да гарадоў. Рамесная прадукцыя мястэчак забяспечвала патрэбы пераважна лакальнага рынку, пераўтвараючы гэтыя паселішчы ў цэнтры рамяства, і садзейнічала развіццю ўнутранага гандлю мястэчак Заходняй Беларусі, які ажыццяўляўся ў кірмашовай, базарнай, развозна-разноснай і стацыянарнай формах. Развіццё капіталістычнага ўкладу з высокай удзельнай вагай прыватнага капіталу садзейнічала развіццю стацыянарнага гандлю як больш прагрэсіўнай формы таварна-грашовых адносін і яго дамінаванню над іншымі формамі гандлёвай дзейнасці. Прававыя абмежаванні польскага ўрада адносна ўдзелу яўрэйскага насельніцтва ў знешнім гандлі садзейнічалі канцэнтрацыі іх капіталаў ва ўнутраным гандлі заходнебеларускіх мястэчак, што замацоўвала за стацыянарнымі формамі дамінуючую форму гандлёвай дзейнасці. Прамысловая спецыялізацыя мястэчак Заходняй Беларусі (лясная, фанерная, мінеральная галіны) садзейнічала іх удзелу ў знешнім гандлі.

Яўрэйскае насельніцтва манапалізавала найбольш прыбытковыя рамесныя спецыяльнасці (сацыяльную сферу, спецыяльнасці тэкстыльнай, гарбарнай і харчовай груп), галіны прамысловасці (харчовую, тэкстыльную, дрэваапрацоўчую), гандаль, і іх роля ў эканамічным развіцці мястэчак была значнай. Уладальнікі маёнткаў, цэнтрамі якіх былі мястэчкі, садзейнічалі эканамічнаму развіццю свайго маёнтка, спецыялізавалі сельскагаспадарчую вытворчасць, адкрывалі новыя прамысловыя прадпрыемствы ў лясной, мінеральнай, гарбарнай, хімічнай, малочнай галінах, тым самым забяспечвалі пастаяннай ці часовай працай местачковых жыхароў. Суіснаванне яўрэйскага і польскага прадпрымальніцтва падкрэслівала спецыфіку заходнебеларускага мястэчка ў 1921–1939 гг. [1; 3; 6; 9; 11; 13; 15; 18; 19].

3. Фарміраванне сацыяльнай сістэмы грамадства мястэчак і вырашэнне асноўных праблем іх добраўпарадкавання ўзялі на сябе органы мясцовага самакіравання, якія ў сувязі з недахопам фінансавых сродкаў шырока выкарыстоўвалі дабрачыннасць насельніцтва і грамадскіх арганізацый. Польская дзяржава на заканадаўчым узроўні толькі рэгламентавала іх дзейнасць. Арганізацыя сацыяльнай дапамогі працоўнаму, беспрацоўнаму і непрацаздольнаму насельніцтву гмін ажыццяўлялася праз функцыянаванне ўстаноў сацыяльнай апекі (прытулкі, інтэрнаты, станцыі апекі над маці і дзіцём, дзіцячыя калоніі адпачынку, сталовыя і інш.), гмінных камітэтаў Фондаў працы, павятовых інспекцый працы, камунальныя саюзы, якія знаходзіліся ў мястэчках. Іх дзейнасць (выплата датацый, дапамога ў пошуках працы, гуманітарная, медыцынская дапамога) насіла пераважна выратавальніцкі характар і не забяспечвала элементарнымі жыццёвымі патрэбамі непрацаздольнае і беспрацоўнае насельніцтва, не давала ніякіх сацыяльных гарантый працуючым. Узровень матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва мястэчак Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. заставаўся ў параўнанні з гарадамі даволі нізкім. Сацыяльная палітыка Польшчы на цэнтральным і рэгіянальным узроўнях не ліквідавала вострых сацыяльных праблем беспрацоўя, беднасці, высокай смяротнасці насельніцтва ў мястэчках.

Фарміраванне разгалінаванай сістэмы медыцынскага абслугоўвання, якая ўключала стацыянарную, амбулаторную, санітарна-эпідэміялагічную і фармацэўтычную дапамогу насельніцтву, было звязана, перш за ўсё, з напружанымі эпідэміялагічнымі абставінамі і неабходнасцю лакалізацыі і ліквідацыі эпідэмій і інфекцыйных захворванняў. Тым не менш, мястэчкі выступалі асяродкамі медыцыны і эпідэміялогіі для жыхароў гмін, што было надзвычай важным для насельніцтва вёсак, аддаленых ад гарадскіх цэнтраў аховы здароўя.

Уключэнне мястэчак у сістэму сувязі садзейнічала стварэнню адзінай інфармацыйнай прасторы, накіраванай на ўзмацненне камунікацыі на рэгіянальным і цэнтральным узроўнях, пашырэнне сацыялізацыі насельніцтва мястэчак, павелічэнне ўзроўню адаптацыі насельніцтва вёсак да сацыяльных паслуг, якія забяспечвалі мястэчкі. Сістэма сувязі (паштовая, тэлеграфная, тэлефонная), якая з’яўлялася найважнейшай сферай дзяржаўных інтарэсаў, надавала мястэчкам ролю камунікацыйных пасрэднікаў паміж горадам і вёскай у арганізацыі дзяржаўнага кіравання, што садзейнічала працэсам паланізацыі і інтэграцыі і забяспечвала польскаму ўраду кантроль за сацыяльна-палітычным, эканамічным і культурным развіццём Заходняй Беларусі [4; 5; 8; 12; 14; 17; 22; 23].

4. Полінацыянальны характар мястэчак, суіснаванне польскай, як дамінуючай на дзяржаўным узроўні, і іншых нацыянальных культур (беларускай, яўрэйскай, літоўскай, украінскай і інш.), накіраваных на культурнае самазахаванне нацыянальных супольнасцей, сталі галоўнымі фактарамі трансфармацыі культурных працэсаў у мястэчках Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. Масавасць, папулярнасць і накіраванасць на паланізацыю насельніцтва сталі адметнымі рысамі развіцця тэатральнай дзейнасці і кіно ў мястэчках Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг., аб чым сведчылі: масавае далучэнне местачковага насельніцтва да тэатральнага і кінасцэнічнага мастацтваў у якасці гледачоў (кіно, тэатр) і выканаўцаў (тэатр); рэгламентацыя і кантроль у арганізацыі тэатральнай і кінамастацкай дзейнасці; фарміраванне новага камерцыйнага падыходу да тэатральнай справы і кіно, арыентацыя на прыбытак, залежны ад густу гледачоў; суіснаванне і ўзаемадзеянне прафесійнага антрэпрызнага і аматарскага народнага тэатра. У даследуемы перыяд тэатр і кіно паступова набываюць прафесійныя формы: павялічваецца колькасць драматычных труп і пастаянных месцаў правядзення кінасеансаў, павышаюцца патрабаванні глядацкай аўдыторыі да жанравай і стылявой тэматыкі стужак і тэатральных пастановак. Тэатр нацыянальных супольнасцей меў аматарскія, самадзейныя формы, яго дзейнасць была накіравана на захаванне нацыянальнай самабытнасці.

Спецыфіку мястэчка як асобнага і полінацыянальнага тыпу паселішча адлюстроўвалі яго планіроўка і забудова. У архітэктурна-планіровачнай кампазіцыі мястэчак Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. можна вылучыць характэрныя рысы: складанасць і аўтахтоннасць гістарычнай забудовы, развіццё функцыянальнага занавання тэрыторый (фарміраванне працяглага цэнтра, выдзяленне жылога сектара, адміністрацыйных, прамыслова-гандлёвых зон), перавага драўлянай забудовы, стылёвая стракатасць і спрошчанасць усіх тыпаў пабудоў як у архітэктурных прыёмах, так і кампазіцыйным вырашэнні будынкаў, з’яўленне ўпершыню тыповай драўлянай забудовы. Ролю лакальных дамінант, што абумовілі прасторавую і кампазіцыйную адметнасць як у цэлым мястэчка, так і яго асобных тэрытарыяльных зон, выконвалі культавыя пабудовы (касцёлы, цэрквы, сінагогі, мячэці) і найбольш значныя грамадскія будынкі (будынкі старостваў, гмінных упраў, чыгуначныя вакзалы, народныя дамы, кінатэатры і інш.). Яркія архітэктурныя шэдэўры, выкананыя з прафесійным падыходам архітэктараў і інжынераў, былі характэрны для нязначнай колькасці мястэчак (пераважна павятовых).

Для польскага ўрада працэс арганізацыі адпачынку ў мястэчках быў як механізмам паланізацыі, так і важным спосабам зніжэння сацыяльнай напружанасці насельніцтва, выкліканай складаным матэрыяльна-эканамічным становішчам местачкоўцаў.

Гвалтоўная паланізацыя, адсутнасць вышэйшых і нязначная колькасць сярэдніх навучальных устаноў, малая колькасць творчай эліты запавольвалі працэсы культурнай мадэрнізацыі мястэчка ў параўнанні з горадам. Аднак як для местачкоўцаў, так і для насельніцтва вёсак, мястэчка заставалася культурна-інфармацыйным цэнтрам новых тэндэнцый сацыяльнага жыцця ХХ стагоддзя [2; 16; 20; 21].

Рэзюміруючы сказанае, адзначым, што заходнебеларускія мястэчкі – асобы тып паселішчаў, з уласцівымі ім традыцыйнымі рысамі, якія атрымалі развіццё ў новай гістарычнай рэчаіснасці. Полінацыянальная і шматкультурная сутнасць мястэчак адлюстроўвала асаблівасці іх эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця ў 1921–1939 гг. Дзякуючы сваёй шматлікасці, адміністрацыйнай, эканамічнай і культурнай ролі, мястэчкі занялі сваё месца ў развіцці Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд.

Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў дысертацыі

Навуковая і практычная значнасць праведзенага дысертацыйнага даследавання заключаецца ў магчымасці прымянення яго вынікаў у гістарычнай навуцы і адукацыі, у сферы турызму і дзяржаўнага кіравання.

Вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны пры стварэнні абагульняючых прац па вывучэнні працэсаў урбанізацыі Беларусі, агульных выданняў па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны і распрацоўцы навучальных дапаможнікаў па краязнаўстве. Матэрыялы дысертацыі могуць выкарыстоўвацца пры выкладанні курса гісторыі Беларусі ў навучальных установах рэспублікі.

Даследаванне гісторыі і культуры заходнебеларускіх мястэчак дазваляе назапашваць разнастайны матэрыял для распрацоўкі экскурсійна-турыстычных праграм (для этнатураў, настальгічных, адукацыйна-пазнавальных тураў), для захавання іх культурнай спадчыны.

Гістарычны вопыт малых гарадскіх паселішчаў у галіне эканомікі, культуры і арганізацыі самакіравання і дабрачыннасці запатрабаваны сёння ў сувязі з неабходнасцю вырашэння сучасных праблем развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў.

СПІС АПУБЛІКАВАНЫХ РАБОТ ПА ТЭМЕ ДЫСЕРТАЦЫІ

Артыкулы ў навуковых часопісах

1. Вайцешчык,  мястэчкаў у прамысловым развіцці Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. / // Весн. Гродз. дярж. ун-та. Сер. 1, Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. – 2011. – № 1 (106). – С. 36–49.

2. Вайцешчык, ў тэатра і кіно на культурнае развіццё мястэчак Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. / // Весн. Гродз. дярж. ун-та. Сер. 1, Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. – 2011. – № 3 (115). – С. 19–31.

3. Вайцешчык, -эканамічнае развіццё мястэчкаў Віленскага ваяводства ў 1921–1939 гг. / // Весн. Брэсц. дярж. ун-та. Сер. 2, Гісторыя. Эканоміка. Права. – 2012. – № 2. – С. 75–83.

4. Вайцешчык,  дабрабыт насельніцтва мястэчак Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. / // Весн. Гродз. дярж. ун-та. Сер. 1, Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. – 2013. – № 1 (144). – С. 32–44.

Артыкулы ў зборніках навуковых прац

5. Войтещик, А. Материалы по истории местечек Западной Беларуси (1921–1939 гг.) в фондах Государственного архива Гродненской области / А. Войтещик // Тирош – труды по иудаике : сб. тр. / Центр «Сефер» ; под ред. М. Членов. Москва, 2010. – Вып. 10. – С. 173–180.

6. Войтещик,  евреев в экономическом развитии местечек Западной Беларуси в 1921–1939 гг. / // Тирош – труды по иудаике : сб. тр. / Центр «Сефер» ; под ред. М. Членов. Москва, 2011. – Вып. 11. – С. 149–158.

Матэрыялы навуковых канферэнцый і тэзісаў дакладаў

7. Вайцешчык, Г. Праблемы развіцця мястэчак Заходняй Беларусі 1920– 1930-х гг. у айчыннай гістарыяграфіі / Г. Вайцешчык // Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі : зб. навук. арт. / Гродз. дзярж. ун-т ; рэдкал.: іловіч, І. П. Крэнь, І. В. Соркіна, іч (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна, 2009. – С. 412– 417.

8. Вайцешчык, -эканамічнае развіццё мястэчак Гродзенскага павета ў 1921–1939 гг. / // Культура, наука, образование в современном мире : материалы IV Междунар. науч. конф., Гродно, 14–15 мая, 2009 г. / Гродн. гос. аграр. ун-т ; редкол.: (отв. ред.) [и др.]. – Гродно, 2009. – С. 105–109.

Из за большого объема этот материал размещен на нескольких страницах:
1 2 3 4