*Вучні выконваюць песню, запланаваную для развучвання на ўроку. Гэта можа быць «Калыханка» (муз. В. Раінчыка, сл. Г. Бураўкіна) альбо іншая песня.

Разгледзьце малюнкі. Паглядзіце, як правільна трэба выконваць галосныя гукі. Патрэніруйцеся ў спевах гукаў «У», «О», «А», а таксама іншых галосных.

С. 93. Разгледзьце малюнак. Хто ўдзельнічае ў выкананні музыкі? Якой хор спявае песню? Паслухайце песню ў выкананні дзіцячага хору.

* Увага вучняў звяртаецца на тое, што ў выкананні музыкі удзельнічае хор, дырыжор і канцэртмайстар. Выконвае песню дзіцячы хор, прычым хор хлопчыкаў. Першакласнікам прапануецца паслухаць любую песню ў выкананні дзіцячага хору, распавесці пра змест песні, характар музыкі.

Урок 24 “Песня, танец, марш сустракаюцца ў адным музычным творы”

С. 94. Разгледзьце малюнак. Што робяць дзеці? Выканайце рускую народную песню «Во поле бяреза стояла». Паглядзіце, як рухаюцца гукі ў мелодыі.

*Увага першакласнікаў звяртаецца на тое, што дзеці на малюнку не проста спяваюць песню – яны вядуць карагод. Гэта яскравы прыклад аб'яднання двух жанраў – двух «кітоў» (песні і танца). Пры інтанаванні мелодыі можа быць выкарыстаны прыём пластычнага інтанавання. Пасля выкарыстання дадзенага прыёму вучні разглядаюць прадстаўлены ў выглядзе лісткоў графічны запіс мелодыі і аналізуюць яго.

С. 95. Разгледзьце схемы вядзення карагода. Чым яны адрозніваюцца? Выканайце песню «Во поле береза стояла», вядзіце карагод па-рознаму на кожны куплет.

*Вучням неабходна загадзя дамовіцца, як яны будуць весці карагод на розныя куплеты песні. Напрыклад, можна весці карагоды, змяняючы кірунак руху, можна весці карагод змейкай, арганізаваць адзін карагод у адным або пабудаваць некалькі карагодаў.

НЕ нашли? Не то? Что вы ищете?

С. 96. Выканайце песню «Бравыя салдаты» (муз. А. Філіпенкі, сл. Т. Волгінай). Падумайце, з якім настроем яе трэба спяваць.

Разгледзьце схемы ігры на барабанах. Развучыце спачатку першую схему, затым – другую. Упрыгожце песню ігрой на барабанах.

* Калі ў класе няма дастатковай колькасці інструментаў, праца можа быць арганізавана з выкарыстаннем палачак (алоўкаў). У гэтым выпадку мембранай барабана будзе служыць школьная парта. Дадзены падыход дазволіць уключыць у работу ўвесь клас.

С. 97. Прыгадайце і выканайце папеўку Дзмітрыя Кабалеўскага «В нашем классе». Колькі «кітоў» сустракаецца ў дадзеным творы? Які «кіт» з'яўляецца ў гэтым творы два разы? Успомніце і выканайце творы, у якіх «кіты» сустракаюцца разам. Суправадзіце выкананне песень гучальнымі жэстамі.

Урок 25 “Абагульняючы ўрок па тэме “З чаго вырасла музыка?””

С. 98. Разгледзьце малюнкі. Раскажыце, як музыка змянялася з часам. Раскажыце, якая музыка вам падабаецца. Пафантазіруйце, якую музыку будуць складаць, выконваць і слухаць у будучыні.

С. 99. Разгледзьце малюнкі. Якіх «кітоў» на іх вы пазналі? Успомніце, якія песні, танцы і маршы вы выконвалі і слухалі на працягу чвэрці? Назавіце свае любімыя песні. Выканайце іх класам.

4 чвэрць “ПРА ШТО РАСКАЗВАЕ МУЗЫКА?”

Урок 26 “Музычныя гісторыі, расказаныя кампазітарамі”

С. 100. Разгледзьце карціны мастакоў, прысвечаныя вясне. Што хацелі паказаць мастакі на сваіх карцінах? Калі б вы былі кампазітарамі, якую музыку пра вясну вы б склалі? Паслухайце музыку беларускага кампазітара Валерыя Карэтнікава «Красавік. Вялікія воды». Якія карціны намалявала музыка? Якія інструменты вы пазналі?

С. 101. Якія інструменты дадзены ў рамачцы? Адлюструйце з дапамогай гэтых інструментаў звон вясновага капяжу.

Праспявайце «Песеньку вясёлых кропелек». Звярніце ўвагу на тое, якія гукі трэба выконваць вышэй, а якія ніжэй. Выконваючы песеньку, паказвайце рукой кірунак руху мелодыі.

Развучыце песню пра вясну. Які настрой у людзей выклікае прырода, калі яна абуджаецца пасля зімовага сну?

* Для развучвання вучням можа быць прапанавана нямецкая народная песня «Вясна» або «Бесконечная песенка» (муз. В. Каваліва, сл. В. Семерніна).

С. 102. Разгледзьце малюнкі. Што на іх намалявана?

Разгледзьце інструменты ў рамачцы. Якім інструментам вы бы “намалявалі” кожнага персанажа? Растлумачце свой выбар.

Паслухайце некалькі музычных твораў. Здагадайцеся, якім малюнкам адпавядае кожнае твор.

*Для праслухоўвання вучням прапануюцца наступныя творы: «Мядзведзь» В. Рэбікава, «Птушка» Э. Грыга, «Вожык» Д. Кабалеўскага, «Песня жаўрука» П. Чайкоўскага. Можа быць арганізавана праслухоўванне некалькіх (не ўсіх) твораў.

С. 103. Паслухайце «Балет птушанят, якія не вылупіліся» Мадэста Мусаргскага. Якую карціну малюе музыка?

Выканайце «Танец птушанят» на металафоне. Для гэтага ўважліва разгледзьце схему. Звярніце ўвагу на ўступленне правай рукі.

*Пры адсутнасці ў класе інструментаў вучні могуць адпрацаваць выкананне танца з дапамогай плескачоў па стале.

Урок 27 “Музыка перадае адчуванні чалавека (першы ўрок па тэме)”

С. 104-107. Разгледзьце малюнкі. Якія пачуцці чалавека перададзены на кожным з іх? Вылучыце малюнак, які вам больш спадабаўся. Якая б музыка яму адпавядала?

Паслухайце музычныя творы. Якім малюнкам яны падыходзяць па настроі? Якія пачуцці ў іх перададзены?

*Першакласнікам прапануюцца для слухання музычныя творы, у якіх перадаюцца розныя пачуцці: «Сумная гісторыя». Д. Кабалеўскага, «Весела», «Сумна» Я. Хансэна, «Сумная песенька» В. Каліннікава і інш.

Развучыце песню. Аб чым у ёй пяецца? З якім настроем яе трэба выконваць?

*Для развучвання вучням прапануецца песня «Кролик» (муз. А. Астроўскага, сл. З. Пятровай) альбо «Рыжий пес» (муз. Г. Струвэ, сл. В. Сцяпанава).

Урок 28 “Музыка перадае адчуванні чалавека (другі ўрок па тэме)”

С. 108-109. Паслухайце дзве п'есы Пятра Чайкоўскага: «Хвароба лялькі» і «Новая лялька». Якія пачуцці перадае музыка?

С. 110-111. Разгледзьце малюнкі на развароце. Герояў якой казкі вы пазналі? Якія пачуцці адчувае герой на кожным малюнку?

Разгледзьце і агучце першую схему. Звярніце ўвагу на тое, якая ў схеме выкарыстана пульсацыя (двухдольная ці трохдольная). Як вы лічыце, чаму для малюнка Бураціны абраны ксілафон?

Разгледзьце і агучце другую схему. Звярніце ўвагу на тое, якая ў схеме выкарыстана пульсацыя (двухдольная ці трохдольная). Як вы думаеце, чаму для малюнка Карабаса Барабаса абраны барабан?

Разгледзьце і агучце трэцюю схему. Звярніце ўвагу на тое, якая ў схеме выкарыстана пульсацыя (двухдольная ці трохдольная). Як вы лічыце, чаму для малюнка П'еро абраны металафон? Які яшчэ інструмент падышоў бы гэтаму герою?

Разгледзьце і агучце апошнюю (чацвёртую) схему. Звярніце ўвагу на тое, якая ў схеме выкарыстана пульсацыя (двухдольная ці трохдольная). Якія спосабы гульні на бубне пазначаны ў схеме?

Урок 29 “Музыка адлюстроўвае розныя рысы характару”

С. 112-113. Разгледзьце разварот фотаальбома. Якія рысы характару аднаго чалавека перададзены на фотаздымках?

*Варта звярнуць увагу дзяцей на тое, што адзін і той жа чалавек у розных умовах праяўляе розныя рысы свайго характару. Хлопчык на першай фатаграфіі вясёлы і бесклапотны, ён радуецца гульні. На другой фатаграфіі вучань праяўляе стараннасць, ён вучыцца, стараецца. На трэцяй фатаграфіі малады мужчына змагаецца на вайне – ён мужны і адважны. На чацвёртай фатаграфіі паказаны той жа самы чалавек у старасці. Ён мудры, любіць жыццё, удзячны дзецям, якія віншуюць яго з Днём Перамогі.

Паслухайце песню аб Вялікай Перамозе.

*Для праслухоўвання вучням прапануецца песня «Поклонитесь внуки деду» (муз. І. Лучанка, сл. І. Ясеря).

С. 114. Паслухайце п'есу Роберта Шумана «Смелы яздок». Як гучыць музыка? Чаму можна быць сапраўды ўпэўненымі, што наезнік адважны і рашучы?

Развучыце песню «Ягорачка». Які характар у хлопчыка? Як трэба выконваць песню?

Разгледзьце і агучце першую схему. Упрыгожце гучальнымі жэстамі выкананне першага куплета песні «Ягорачка».

Разгледзьце і агучце другую схему. Упрыгожце ігрой на маракасах выкананне другога куплета песні «Ягорачка».

Прыдумайце сваё суправаджэнне для трэцяга куплета песні.

*Вучні працуюць над песняй «Ягорачка» (муз. В. Шэрых, сл. народныя).

С. 115. Разгледзьце малюнкі. Выберыце казачнага персанажа, які вам больш падабаецца. Апішыце яго характар. Якая музыка магла бы адпавядаць гэтаму герою? Які музычны інструмент дапамог бы вам яго “намаляваць”?

Урок 30 “Музыка перадае рух”

С. 116. Разгледзьце малюнак на тэму «Цырк». Пакажыце артыста, якому пасавала б вельмі хуткая музыка. Пакажыце артыста, якому пасавала б вельмі павольная музыка. Якая музыка пасавала б артыстам-гусям?

С. 117. Разгледзьце малюнкі. Што на іх намалявана? Якому малюнку падышла б вельмі хуткая музыка? Успомніце, якія пачуцці вы адчуваеце пры хуткай яздзе.

С. 118. Паслухайце тры п'есы Івара Арсеева «У госці» («Пешшу», «На веласіпедзе», «На машыне»). Раскажыце, чым адрозніваецца музыка кожнай часткі. Музыка якой часткі гучыць павольней за ўсё? Чаму?

Адлюструйце на металафоне або ксілафоне хуткі і павольны рух.

С. 119. Паслухайце п'есу Жоржа Бізэ «Ваўчок». Якую карціну малюе музыка?

Развучыце песню «Волчок», перадайце ў ёй змяненне руху.
       * Вучням прапануецца для развучвання песня «Волчок» (муз. І. Арсеева, сл. Л. Дымавой).

Пазнаёмцеся з прыборам метраномам. Ён робіць ўдары праз аднолькавыя прамежкі часу. Чым вышэй размяшчаецца гірка, тым павольней рухаецца ківач. Разгледзьце, дзе размешчаны ківач у метранома на кожным малюнку. Адлюструйце рух паравозіка на склады «чух-чух» пры рознай наладцы метранома: пры размяшчэнні гіркі ўверсе, пасярэдзіне, унізе ківача. Суправаджайце «рух» паравозіка гучальнымі жэстамі.

Урок 31 “Музыка малюе карціны (першы ўрок па тэме)”

С. 120-121. Разгледзьце карціны. Якія поры года на іх адлюстраваны? Калі б вы былі кампазітарамі, да якой карціны вы бы склалі музыку? Пафантазіруйце аб тым, як бы гучаў ваш твор.

Паслухайце музычныя творы, прысвечаныя розным часам года. Якія карціны намалявала музыка ў вашым уяўленні?

*Для праслухоўвання вучням могуць быць прапанаваны фрагменты з цыклаў «Поры года» Пятра Чайкоўскага, Валерыя Карэтнікава або іншых кампазітараў.

С. 122-123. Разгледзьце карціны. Што асаблівага ў іх вы заўважылі? Паспрабуйце агучыць кожную карціну. Падумайце, як можна адлюстраваць птушак на першым малюнку. Як адлюстраваць дождж на другім? Як адлюстраваць дождж з градам на трэцім. А як можна адлюстраваць вясёлку, што блішчыць сям'ю колерамі, вясёлых птушак і апошнія дажджавыя кроплі на чацвёртым малюнку? Выканайце класам свой твор. Прыдумайце яму назву.

*Вучні павінны самі заўважыць, што на чатырох карцінах намаляваны адзін і той жа квітнеючы луг у розныя імгненні (перад дажджом, калі дождж толькі пачынаецца, у час навальніцы, пасля дажджу). Пасля таго, як першакласнікі выканаюць творчае заданне і абмяркуюць атрыманы вынік, можна прапанаваць ім паслухаць музычны твор, у якім перададзена падобная з'ява прыроды. Напрыклад, могуць быць прапанаваны для праслухоўвання п'еса «Дождж і вясёлка» С. Пракоф'ева альбо 3-я частка канцэрта А. Вівальдзі «Лета».

Урок 32 “Музыка малюе карціны (другі ўрок па тэме)”

С. 124. Разгледзьце  малюнкі ў верхняй рамачцы. Герояў якой казкі вы пазналі? Падбярыце для кожнага героя музычны інструмент. Раскажыце казку, суправаджайце словы герояў гульнёй на музычных інструментах.

С. 125. Паслухайце дзве новыя часткі з ужо знаёмага вам твора Каміля Сен-Санса «Карнавал жывёл». Якую карціну малюе музыка ў кожнай частцы? Якімі ў вашым уяўленні прадсталі слон, лебедзь? Раскажыце, гледзячы на малюнкі, якія інструменты ўдзельнічалі ў выкананні кожнай часткі.

*У ходзе праслухоўвання нумароў з сюіты «Карнавал жывёл» вучні даведваюцца, што нумар «Слон» выконваюць тры музыканты: адзін грае на кантрабасе двое на фартэпіяна. Можна спытаць у дзяцей пра тое, з якім музычным «кітом» яны сустрэліся ў гэтым нумары. Вучні выяўляюць танцавальную прыроду музыкі і вызначаюць, што гучаў вальс. Нумар «Лебедзь» выконваюць тры музыканты: адзін грае на віяланчэлі і два – на фартэпіяна. Ілюстрацыі выканаўцаў кожнай часткі сюіты, прадстаўленыя ў вучэбным дапаможніку, дазваляюць вучням суаднесці гучанне музыкі з выявай інструментаў, а таксама пазнаёміцца з тым, як іграюць на кожным інструменце.

С. 126. Пазнаёмцеся з трыма творамі Эдварда Грыга: «Матылёк», «Птушка», «Вясна». Паспрабуйце без аб'явы назваў твораў здагадацца, калі будзе гучаць кожны з іх. Раскажыце, як музыка дапамагла вам знайсці правільныя адказы. Які настрой перададзены ў кожным творы?

Намалюйце карціну прыроды з дапамогай гукаў. Выкарыстайце тыя інструменты, якія ёсць у вас у класе.

С. 127. Паслухайце п'есу Анатоля Лядава «Музычная табакерка». Раскажыце, як гучала музыка? Якія рухі падышлі б ляльцы-балярыне? Пры паўторным праслухоўванні твора падбярыце і выканайце танцавальныя рухі.

Выканайце мелодыю музычнай шкатулкі на металафоне. Для гэтага ўважліва разгледзьце дзве схемы. Звярніце ўвагу на тое, на колькіх гуках будуецца мелодыя.

Урок 33 “Музыка народнага свята”

С. 128-129. Разгледзьце малюнкі на развароце. Што робяць дзеці? Чым адрозніваюцца малюнкі адзін ад аднаго? Выканайце народную песню ў гонар Юр'ева дня, адначасова вядзіце карагод. Выканайце кожны куплет песні з рознымі танцавальнымі рухамі.

* Увага дзяцей звяртаецца на тое, што кожны куплет песні можна суправаджаць розным вядзеннем карагода. Напрыклад, у першым куплеце можна весці карагод у правы бок. У другім куплеце рухацца ў левы бок. Можна выконваць песню, ідучы ўпрысядкі. Можна весці карагод з паднятымі ўгору рукамі. Пад канец года вучні павінны ведаць і іншыя спосабы вядзення карагода: змейкай, з разным кірункам руха аднаго карагода ў іншым і інш.

С. 130. Паслухайце пастухоў напеў. Які інструмент яго выконвае?

Разгледзьце малюнак. Чым заняты дзядуля? Колькі адтулін ўжо зроблена на дудачцы, якую ён майструе?

Уявіце, што вы іграеце на дудачцы. Праспявайце гукі, дадзеныя на схеме, на склад «Ту». Гукі, аб'яднаныя плаўнай лініяй, спявайце складна. Гукі, не звязаныя лініяй, спявайце адрывіста.

*Пры наяўнасці ў класе дудачак практыкаванне можа быць выканана вучнямі на інструменце.

С. 131. Разгледзьце схему ўверсе старонкі. Звярніце ўвагу на тое, як размяшчаюцца гукі. Выканайце мелодыю на склад «Ту».

*На схеме дадзена графічная выява першай фразы беларускай народнай песні «Іграў я на дудцы». Вучні выконваюць музычную фразу «І-граў я на дуд-цы, ту-лю-лю!» з выкарыстаннем прыёму пластычнага інтанавання.

Развучыце беларускую народную песню «Іграў я на дудцы». Навучыцеся выконваць песню лёгка і весела.

Урок 34 “Абагульняючы ўрок па тэме “Пра што расказвае музыка?””

С. 132. Разгледзьце малюнак. Раскажыце, у чым заключаецца праца ды-джэя. Успомніце, якую музыку вы слухалі на працягу года. Якія творы вам больш за ўсё запомніліся і спадабаліся? Аб чым распавядала музыка ў гэтых творах? Адбярыце для праслухоўвання некалькі самых любімых твораў.

Якія песні, з вывучаных у годзе, вам бы хацелася ўспомніць і выканаць? Складзіце праграму невялікага канцэрту з 3-4 нумароў. Выканайце песні. Пастарайцеся, каб кожны нумар прагучаў ярка і выразна.

С. 133. Разгледзьце малюнкі. Якім народным святам яны прысвечаны? Прыміце ўдзел у віктарыне. Слухаючы музыку, здагадайцеся, да якога свята адносіцца кожны музычны фрагмент.

*Ілюстрацыі, прапанаваныя ў вучэбным дапаможніку, прысвечаны святу Калядаў, провадам Масленіцы, Юр'еву дню, Купаллю. Можна прапанаваць вучням для праслухоўвання дзве песні: Юр’еўскую песню «Карагод» і калядную песню «Ой, калядачкі».

Из за большого объема этот материал размещен на нескольких страницах:
1 2 3 4 5