Партнерка на США и Канаду по недвижимости, выплаты в крипто
- 30% recurring commission
- Выплаты в USDT
- Вывод каждую неделю
- Комиссия до 5 лет за каждого referral
Добрый путь вам! В добрый час!
Работа на раённы конкурс “Я – даследчык” “Назва вёскі ў легендах і паданнях”
Галоўная мэта работы:
пазнаць, ці на самай справе назва вёскі паходзіць з народных вытокаў і крыніц.
Задачы:
1. Даведацца, адкуль пайшла назва вёскі Затур’я.
2. Даказаць, што назва паходзіць з легендаў і паданняў.
3. Чаму называецца менавіта так, а не інакш.
4. Растлумачыць, чаму мы любім сваю вёску.
Змест
1. Уводзіны.
2. Знаёмства з літаратурай.
3. З гісторыі мясцовых легендаў і паданняў.
4. Маё першае інтэрв’ю.
5. Чым ганарацца аднавяскоўцы?
6. Беларускім трапным словам пра родную вёску.
7. Літаратура
Уводзіны
Здагадайцеся, адкуль паходзяць назвы вёсак? З вытокаў народных і крыніц… Хто не любіць тое месца, дзе ён нарадзіўся і жыве? Пакажыце мне зараз таго чалавека! Я, напрыклад, люблю сваю Затур’ю. Вось і зараз ўяўляю перад сабой яе прыгожыя, апранутыя ў белае адзенне вуліцы, дрэвы, дамы. Стаяла і глядзела б на гэтую прыгажосць не адну часіну. І вось мне вельмі захацелася даведацца як мага больш, чаму назвалі нашу вёску Затур’я, і якія цікавыя гісторыі ведаюць мае бацькі, бабулі і дзядуля, мае суседзі, аднавяскоўцы. Адным з самых прыгожых і дарагіх сэрцу мясцін з’яўляецца месца, дзе ты нарадзіўся і жывеш.
Знаёмства з літаратурай пра легенды і паданні
Адной з задач майго даследавання было знаёмства з літаратурай пра легенды і паданні. Вось што гаворыцца пра іх у тлумачальным слоўніку беларускай мовы для школьнікаў : “ Паданне – вуснае апавяданне пра мінулае, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне. Легенда – вуснае народнае апавяданне аб якой-небудзь падзеі ці чалавеку, не пацверджанай гістарычнай дакументацыяй. 2-ое пераноснае. Пра што-небудзь выдуманае, непраўдападобнае.”
Мы, гэта я і мая настаўніца Любко Іна Уладзіміраўна, сталі шукаць інфармацыю пра паходжанне назвы вёскі ў кнігах, энцыклапедыях, інтэрнэце.
Народная творчасць уяўляе чароўную, мудрую кнігу, якая кожнаму пакаленню разгортвае ўсё новыя старонкі. Вялікае месца ў гэтай кнізе займаюць легенды і паданні. Што складаюць важнейшую частку беларускага народнага фальклору. Як у чароўным люстэрку, адбілася там сівая даўніна, старажытныя ўяўленні пра паходжанне Сусвету, зямлі, чалавека, жывёлаў, птушак, раслінаў, пра ўтварэнне найбольш вядомых азёраў і рэчак.
Легенда – фальклорнае фантастычнае апавяданне, заснаванае на паэтызацыі гераічнага вобраза ці падзеі, звязаных з гісторыяй народа.
Легенды адрозніваюцца ад казак тым, што пазнавальны змест спалучаецца з выхаваўча-эстэтычным. У казках жа пераважае выхаваўчы змест. Але легенда, як правіла, фантастычная, з элементамі чарадзейства, з моцным, прыгожым героем, чым падобная да казкі.
Паданне – фальклорнае апавяданне пазнавальнага зместу, якое расказвае пра рэальных асобаў, гістарычныя падзеі, тлумачыць паходжанне назваў населеных пунктаў, мясцовасцяў, прозвішчаў і мае часцей за ўсё гістарычную аснову. Паданне пазбаўлена фантастычнага, чарадзейнага элемента.
У адрозненне ад легенды, якая можа расказаць пра мінуўшчыну, сучаснасць і нават будучыню, паданне заўсёды скіравана толькі ў мінулае. У легендах амаль заўсёды ёсць канфлікт, а ў паданнях яго можа і не быць
У вучэбным дапаможніку для пятага класа па беларускай літаратуры гаворыцца: “ У духоўнай спадчыне беларусаў асобае месца займаюць легенды. Легенды – фальклорныя фантастычныя апавяданні, заснаваныя на паэтызацыі гістарычных падзей і ўслаўленні народных герояў.
У легендах сцвярджаюцца высокія маральныя каштоўнасці: любоў да радзімы і гатоўнасць рашуча абараняць яе, добрасумленнае стаўленне чалавека да працы, да сваіх абавязкаў, справядлівыя і добразычлівыя адносіны паміж людзьмі. Адзнакай легенд з’яўляецца наяўнасць у іх элементаў фантастыкі: неверагодных здарэнняў, незвычайных герояў – асілкаў і волатаў – і іх дзівосных учынкаў і прыгод. Легенды дапамагаюць нам пазнаваць жыццё, яны распавядаюць пра мінулае і сучаснае: стварэнне сусвету і зямлі, паходжанне людзей, розных жывёл і птушак, узнікненне паселішчаў, рэчак і азёраў, паходжанне імёнаў і прозвішчаў. У легендах, як і ў казках, амаль заўжды існуе барацьба паміж дабром і злом, сутыкненне выключных герояў з незвычайнымі варожымі сіламі.
Існуюць легенды, пазбаўленыя фантастычнага, чарадзейнага элемента: у іх аснове ляжыць аповед пра сапраўдныя падзеі альбо тыя, што маглі адбывацца ў рэальнасці. Расказвае пра жыццёвыя з’явы і рэальных герояў звычайна сведка ці сам удзельнік падзей. Такія легенды дапамагаюць глыбей пазнаць мінулае, перадаюць стаўленне народа да розных падзей, яго ўяўленні пра гісторыю роднага краю і любоў да роднай зямлі”.
Пазнаёміўшыся ў школьнай бібліятэцы з энцыклапедыяй “Памяць. Нясвіжскі раён”, мы даведаліся пра гістарычныя звесткі аб маёй вёсцы: калі яна ўзнікла, гісторыю яе развіцця, пра мінулае і сучаснае вёскі.
У нашай класнай бібліятэцы я знайшла зборнікі “Спадчына маёй краіны” і “Мая Айчына”, у якіх я прачытала шмат цікавых легендаў і паданняў пра паходжанне назваў гарадоў і вёсак.
З гісторыі мясцовых легендаў і паданняў
Наша вёска славіцца сваімі таямнічымі легендамі і паданнямі. Ніхто да сённяшніх дзён не ведае, адкуль пайшла яе назва. Ці назвалі яе таму, што размясцілася яна на беразе ракі Тур’я, ці сапраўды некалі на гэтым месцы знаходзіўся даўным даўно дрымучы лес, у якім вадзіліся магутныя звяры – туры, але мы павінны ведаць бацькоўскі скарб, легенды і паданні, які перадаецца з вуснаў у вусны сваім нашчадкам. Давайце пазнаёмімся з некаторымі з іх сёння.
Чаму вёска завецца Затур’я?
Сабралася я раніцай у нядзельку да сваёй бабулькі ў госці, аладак паесці духмяных і пачуць цікавыя гісторыі. Пераступіўшы парог, убачыла як яна, Янцэвіч Ірына Уладзіміраўна, спрытна ўвіхаецца каля печы. Бабулька ўзрадавалася майму прыходу, пачаставала мяне і гутарку са мной завяла. А я і пытаюся ў яе:
- Чаму наша Затур’я такую назву мае?
Тым часам і другая ўнучка падбегла паслухаць, што бабуля ў гэты раз раскажа.
Вёскі, як і гарады, маюць сваю гісторыю, памяць. Жыву я ў тых мясцінах, дзе некалі быў вялікі лес. Так сведчыць легенда пра Затур’ю. А ў лесе жыў чалавек вялікай сілы і характарам быў добры, сціплы. Любіў прыроду, усё жывое, лес, хадзіў на паляванне.
Аднойчы захацеў забіць ён звера, каб мяса многа было. І сустрэў асілак у лесе незнаёмца, ды такога, што ніколі не бачыў. Толькі замахнуўся кап’ём, а звер глянуў у яго бок. Хацеў словы сказаць: “Не бі ты мяне, чалавеча!” Ды позна было. Кап’ё папала ў бок туру. І палілася кроў, ды не такая, як у другіх звяроў, чырвоная, а празрыстая, чыстая. А звер і кажа: “Што зрабіў табе я, што ты так смяротна параніў мяне? Нас і так мала на свеце. Тур я! Тур я! Тур я!” Аж знямеў чалавеча ад страху, што звер загаварыў такім голасам.
Пакуль чалавек схамянуўся, не ведаю, колькі часу прайшло, але звера не было ўжо на месцы. А цякучая кроў стала вадой ліцца з таго боку, куды звер падаўся.
Пабег чалавек дамоў, а вада – за ім. Так да самай хаты і пацякла рэчка, якую і назваў ён Тур’я.
Не мог забыцца пра тое здарэнне на паляванні, хадзіў чалавек і ўвесь час мармытаў сабе пад нос: “Тур я!” Мабыць, з тых часоў і жывуць у нашай вёсцы людзі з такім прозвішчам Тур. Ды і многіх клічуць па-вясковаму Туравы.
Не доўгім быў век у таго чалавека: ці спалохаўся моцна ён, ці ад хваробы памёр, але сыны яго тут жыць засталіся, а пазней утварылася вёска Затур’я.
Маё першае інтэрв’ю
1. На пытанне: “Як узнікла назва вёскі?” мы доўга шукалі адказ. У мясцовым Юшавіцкім сельскім савеце, калі мы з настаўніцай патэлефанавалі, нам адказалі: “Паходжанне назвы вёскі Затур’я афіцыйна не тлумачыцца, а каб даведацца больш, патрэбна паднімаць дакументы з архіва.”
2. Іду па вуліцы ў магазін. Едзе жанчына на веласіпедзе. Я і яе спыніла і запыталася: ”Чаму наша вёска называецца Затур’я, Галіна Вікенцьеўна?” Яна адказала: “Вёска раскінула свае двары за рэчкай Тур’я некалі, даўным даўно.”
3. Я жыву на вуліцы Цэнтральная, дом 88а. Наша вуліца самая вялікая і галоўная ў вёсцы, сто дваццаць сем дамоў. Я наведала аднавяскоўцаў, сваю бабулю Янцэвіч Ірыну Уладзіміраўну і бабулю-суседку, якой ужо амаль восемдзесят гадоў, Шкода Марыю Адамаўну, і задавала кожнай з іх пытанне: ”Чаму наша вёска называецца Затур’я?”. І вось якія адказы я атрымала:
* Вёска Затур’я называецца таму, што размешчана за ракой Тур’ёй.
* Многа сямей сталага ўзросту аднавяскоўцаў пражываюць з прозвішчам Тур.
* Многіх людзей па-вясковаму называюць Туравы.
* Згодна з легендай, былі вялікія лясы вакол вёскі. Там жыў звер тур.
Каб даведацца, ці ведаюць школьнікі пра гісторыю ўзнікнення назвы нашай вёскі, я правяла апытванне сярод вучняў пачатковых класаў. І вось сумны вынік: з 25 чалавек 7 не ведаюць легендаў і паданняў пра Затур’ю, 6 чалавек ведаюць больш за дзве легенды. А астатнія – толькі па адной.
Беларускім трапным словам пра родную вёску
Маці-Беларусь заўсёды славілася сваімі таленавітымі сынамі. Можа, менавіта непаўторная прырода ці народ са шчырай і адкрытай душой натхняе паэтаў складаць вершы, напоўненыя бяздоннай любоўю да роднай зямлі. А гэта зямля настолькі ўрадлівая, і вырастаюць на ёй паэты, як грыбы.
Так вось і мая вёска Затур’я, што на Нясвіжчыне, выпеставала матчыным словам і калыханкамі таленавітых паэтаў: Канстанціна Якаўлевіча Жука і Віктара Вікенцьевіча Трусевіча.
Паблукаўшы па свеце нямала,
Я вяртаюся зноў у Затур’ю.
Што такое? Якая навала
Так змяніла Радзіму маю?
Такія радкі я прачытала ў зборніку Віктара Трусевіча “Датуль жыве народ”
Разлука з роднымі мясцінамі будзіла ў душы паэта Віктара Трусевіча незабыўныя малюнкі дарагой сэрцу Затур’і.
Тур’я
У тваіх блакітных чыстых водах
Я не раз купаўся ў летні час.
І заўсёды з нейкай асалодай
Пад ваду ныраў, як вадалаз.
Кожны дзень аселіцай шырокай
Да тваіх я крочыў берагоў.
Каб у ціхай завадзі глыбокай
Трапяткіх павудзіць шчупакоў.
Знаю: шмат прыгожых успамінаў
У душы пакінеш ты маёй.
Дык цячы ж, цячы, рака, няспынна
Стужкаю блакітнай, люстраной.
А вось гэты верш знаходзіцца ў зборніку паэта-земляка Кастуся Жука “Планета маёй душы!”
Бярэ пачатак наша рачулка непадалёку ад вёскі, каля мяжы Капыльскага раёна, а ўпадае ў раку Нёман. Яна раздзяляе нашу вёску на дзве паловы. Але большая частка вёскі зараз знаходзіцца за рэчкай. Таму вёска называецца Затур’я. Мая суседка-бабулька расказвала, што вёска шэсцьдзесят гадоў таму назад складалася з пяцідзесяці васьмі двароў. Гэта пазней, пасля Вялікай Айчыннай вайны пачалі людзі будавацца ў вёску, пераносіць свае хаты з хутароў. Расце наша Затур’я з кожным годам, павялічваецца. Ды і рэчка знаходзіцца пад доглядам старэйшых людзей вёскі. Яны і берагі яе абкосяць, і крынічку пачысцяць, абгародзяць, і шлюзы падрамантуюць, каб вада не рабілася стаячай і рэчка не мялела год ад году.
А вось гэты верш, які складаецца з некалькіх радкоў, напісаў мой аднакласнік Пытляк Аляксандр, калі я прапанавала дзецям прынесці вершы, апавяданні пра родную вёску.
Затур’я – адкуль гэта назва?
Дарослыя ведаюць, ведаю я.
Рачулка, якая пралегла ля вёскі,
Так і завецца – рэчка Тур’я.
Вось і жывуць нашы дзеды і бабы,
Мамы і таты за гэтай ракой.
І назва ўзялася сама тут сабою –
За рэчкай жывуць, значыць дзе?
За Тур’ёй!
Чым ганарацца аднавяскоўцы?
Наведваючы хаты сваіх аднавяскоўцаў, я даведалася, што ў многіх ёсць старыя пажоўклыя фотаздымкі. Мне стала вельмі цікава, і я пачала збіраць ксеракопіі гэтых фотаздымкаў. А са сваёй сям’ёй мы любім рабіць фотаздымкі сучаснай нашай вёскі і адлюстроўваць на памяць розныя падзеі, святы, якія я змясціла ў дадатку.
Мае вывады
Перагортваючы старонкі часопісаў, кніг, размаўляючы з суседзямі, аднавяскоўцамі, я зразумела, што самае прыгожае на свеце – Радзіма. У кожнага чалавека ёсць Радзіма, і кожны любіць яе. Любіць месца, дзе ён нарадзіўся і жыве. Любіць родныя лясы і палі, сваю зіму і сваё лета, сваю вясну і сваю восень. Чалавек любіць людзей, з якімі ён жыве, любіць свой народ. Любіць сваю родную мову і песню свайго народа, казкі, танцы, кнігі… Без Радзімы і без свайго народа чалавек не можа жыць. А я люблю сваю школу, сваю вёску і сваіх бацькоў.
Каля мяне па-суседску пражываюць жанчыны сталага ўзросту, якія тут нарадзіліся і жылі ўсё жыццё. Гурбан Алена Іосіфаўна пляснула ад нечаканасці ў далоні і сказала, калі я ў яе запыталася, ці падабаецца назва нашай вёскі і як бы хацелі перайменаваць яе?”:
- Што ж ты, Веранічка, пытаешся? Ці можна сабе замяніць маці і бацьку. Не, гэта святое. Так і месца, дзе наша вёска размешчана, самае дарагое і адзінае. Нельга грашыць Богу, выдумляць другую назву.
Прыедзе ў нашу вёску неабыякавы чалавек, адразу зразумее, што гэта якраз і ёсць той казачны куточак Беларусі, дзе нараджаюцца сапраўдныя паэты.
Вывад: вёска Затур’я мае такую назву спакон вякоў, якая паходзіць з народных назіранняў, паданняў і легендаў і лепей, чым гэта назва, мы не назавём.
Мае прапановы:
1. Трэба імкнуцца як мага больш даведацца пра сваю вёску і захаваць свой скарб для будучых дзяцей.
2. Прапанаваць надрукаваць сабраныя легенды і паданні ў раённай газеце “Нясвіжскія навіны”.
3. Стварыць альбом “Наша вёска. Гісторыя і сучаснасць”.
4. Даведацца, ці існуе вёска на Беларусі з такой жа назвай і дзе?
5. Даведацца з архіўных матэрыялаў, як раней называлася вёска і якія змены адбыліся ў гісторыі назвы з цягам часу?
Літаратура:
1. Вясёлка, №5/2007 г.
2. Жук . Рукапісы.
3. Нясвіж і Нясвіжскі раён, 2006 г.
4. Памяць, Нясвіжскі раён. Мінск. “Беларуская “Энцыклапедыя”, 2001 г.
5. Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа. №3/2006 г.
6. Роднае слова, №9/ 2000 г.
7. Трусевіч жыве народ. Мінск. “Асобны дах”, 2002 г.
8. Цітова Л. К..Беларуская літаратура. 5 клас.2009 г.
Дадатак 1
Вынікі апытвання вучняў пачатковых класаў

Дадатак 2
Вершы
Родная старонка
Любко Юрый, 5 клас
Старонка мая
Беларуссю завецца.
Тут родная мова
Крынічкаю л’ецца.
Я чую тут
З малых гадоў
І подых траў,
і шум бароў.
Люблю сваю старонку я,
О гэта –
Родная зямля.
І мне заўсёды
Добра тут,
Бо тут бацькі
Мае жывуць.
І жыць тут будуць
Мае дзеці.
Няма старонкі
Лепш на свеце.
Мая Затур’я
Любко Іна Уладзіміраўна,
настаўніца пачатковых класаў
Белы бусел памахаў здаля
Мне прыветна сваім крылом.
Ім любуюся доўга я,
Бегучы сцяжынкай за сялом.
І рэчка Тур’я, азярцо і лужок,
Сена пахучы, духмяны стажок…
Гэта яна, дарагая адна –
Вёска мая, Затур’я.
Яблыні, грушы, вішні ў садах,
Вельмі прыемны і смачны іх пах…
Гэта яна, прыгажуня мая –
Садаўніца Затур’я.
Палі збажыны і лён-даўгунец,
Бульбянага поля не бачны канец…
Гэта яна, працаўніца здаўна…
Вёска мая, Затур’я…
Бабулька ў хустцы, дзяўчына з касою,
Жанчына з дзіцём на руках прад сабою…
Гэта мае ўсе вяскоўцы без сна –
Людзі твае, Затур’я.
Гаспадар на парозе ля роднае хаты,
Стол яго чаркай і скваркай багаты…
Ты ў нас прыветная толькі адна –
Гасцінная Затур’я.
Матуля сыноў абмінае рупліва,
Час раставання бяжыць так імкліва…
Родны кут продкаў маіх ты здаўна –
Вёска мая, Затур’я…
|
Из за большого объема этот материал размещен на нескольких страницах:
1 2 3 4 5 |


