27.03.2013 В Докшицах состоялся праздник православной книги

Хрысціянства непарыўна звязана з кнігай. У аснове праваслаўнай веры ляжыць Кніга Кніг – Біблія і, перш за ўсё, Святое Евангелле. Яго запаветы з’яўляюцца сапраўдным кіраўніцтвам у духоўным жыцці для кожнага веруючага чалавека. Без кніг немагчыма ўявіць ні праваслаўнага богаслужэння, ні прыватнага жыцця, ні выхавання дзяцей, ні адукацыйнага працэсу. Па слову вялікага настаўніка Праваслаўнай Царквы свяціцеля Іаана Залатавуста “немагчыма ўратавацца нікому, хто не навучаецца пастаянна ў духоўным чытанні”.

Ролі праваслаўнай кнігі ў духоўным станаўленні чалавека было прысвечана мерапрыемства “Духоўных кніг Божая мудрасць”, прымеркаванае да Дня праваслаўнай кнігі. Гэта свята, якое нарадзілася па рашэнні Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ў 2009 годзе, адзначаецца 14 сакавіка. Яго адкрыў відэафільм у суправаджэнні песень цудоўнай выканаўцы духоўных твораў Жанны Бічэўскай. Раманава “Святая Русь”, які прачытала бібліятэкар Гарадзішчанскай бібліятэкі Раіса Вярцінская, прадоўжыў свята. Аб важнасці чытання духоўных кніг вельмі добра сказаў настаяцель Свята-Пакроўскай царквы протаіерэй Георгій Мялешка.

– Ва ўсіх праваслаўных кнігах прысутнічае слова “любоў”, – адзначыў ён.

– Любоў самая сапраўдная тая, што ідзе ад сэрца і прымушае дапамагаць тым людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. Маладым людзям, якіх сёння большасць у зале, вельмі важна зразумець: дзе знаходзяцца самыя важныя каштоўнасці? У свяшчэнных кнігах. Гэта тая крыніца натхнення, якая навучыць вас жыць для нечага большага, чым толькі есці, піць і забаўляцца. У кнігах жыве Вера, якая дазваляе чалавеку пераадолець усе цяжкасці, дае яму сілы, душэўны спакой і ўпэўненасць у будучым.

Сёння ствараецца шмат самых розных твораў, у тым ліку і літаратурных. З гэтага мноства вылучаюцца кнігі рэлігійнай накіраванасці, дзе захоўваецца сапраўдная маральная чысціня і духоўнасць. Аўтарам некалькіх падобных твораў стаў наш зямляк Фёдар Палачанін, які нядаўна ўзнагароджаны літаратурнай прэміяй імя Пятруся Броўкі. Фёдар Антонавіч прысутнічаў на мерапрыемстве і ў час свайго выступлення расказаў пра сваю апошнюю кнігу “Шлях да Бога”.

А потым “жывыя” праваслаўныя кнігі, пачынаючы з Бібліі, з дапамогай вучняў Параф’янаўскай і Крулеўшчынскай школ самі прыйшлі на свята. З іх вуснаў прысутныя пачулі “Слова праўды, слова ісціны”, якое заключаецца ў гэтых кнігах.

Звонкі галасок вучаніцы нядзельнай школы Васілісы Гушчык праспяваў “Утро воскресное” і абвясціў аб заканчэнні свята. Але прысутныя яшчэ доўга не разыходзіліся: знаёміліся з кнігамі, аўдыа - відэаматэрыяламі, якія прадставілі на выставе раённая і дзіцячая бібліятэкі, фатаграфаваліся.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А. І. Гапанёнак, духавенства раёна. Падрыхтавалі свята работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Тамара

АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: удзельнікі свята разам з праваслаўнымі свяшчэннікамі.

Фота аўтара.