Душпастырства Літургічнай Службы Алтара
Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі
Літургічныя тэксты і каментарый
на
Пасхальны Трыдуум
Пасхальная Вігілія
і
Рэзурэкцыйная працэсія
ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ
ЗМЁРТВЫХПАЎСТАННЯ ПАНА
Каментарый
Пасхальную ноч асвятляе Уваскрослы Хрыстус. Гэта сапраўды Вялікая Ноч, бо ў ёй ацэньваем сакрамэнтальным чынам, моцай Духа Святога найважнейшае выдарэнне ў дзеях свету і чалавецтва, якім быў пераход (пасха) ад смерці да новага жыцця праз уваскрасенне. Тая збаўчая таямніца ў літургіі гэтай ночы стане для нас сучаснасцю. Ажыццяўляюць яе для нас два пасхальныя сакрамэнты: Хрост і Эўхарыстыя. Гэтыя два сакрамэнты з’яўляюцца цэнтрамі сённяшняй літургіі. Уся дынаміка Пасхальнай ночы сканцэнтравана вакол новага жыцця ў Хрысце, і таму ўся яе літургія поўная сімволікі жыцця: святло – слова – вада і вячэра. Гэтыя знакі складаюць галоўны змест чарговых частак літургіі Пасхальнай вігіліі.
Літургія святла
Святло лепш успрымаецца ў адрозненне ад цемры. Падчас літургіі святла адбываецца асвячэнне агню, запальванне пасхалу, свечак вернікаў і асвятленне касцёла. Існуе глыбокі сэнс у паступовым рассейванні цемры праз “Святло Хрыста”. З ім пераходзім з цемры смерці да святла новага жыцця. Сімволіку святла і пасхальнай свечкі, а таксама тэалагічны сэнс усёй Вялікай Ночы тлумачыць нам велікоднае пасланне ( Exultet ): “Гэта тая ноч, у якую Ты вывеў з Егіпту нашых праайцоў, сыноў Ізраэлевых, і па сухім дне перавёў праз Чырвонае мора. Гэта тая ноч, якая святлом вогненнага слупа грахоў рассеяла цемру. А сёння гэтая ноч усіх веруючых у Хрыста на ўсёй зямлі вызваляе ад даўніх правінаў і змроку граху, вяртае ласку і злучае ў супольнасць святых. Гэта тая ноч, у якую Хрыстус, разарваўшы путы смерці, пераможцам выходзіць з падземных нетраў(...). У гэтую ноч, поўную ласкі просім Цябе, Пане, каб светач, што на хвалу імя Твайго ахвяраваны, нястомна палымнеў, рассейваючы цемру гэтай ночы (...). Няхай жа ён палымнее аж да світання, пакуль не ўзыдзе сапраўднае Сонца: Езус Хрыстус, Твой Сын Змёртвыхпаўсталы.”
Полымя святла з’яўляецца таксама знакам гатоўнасці і чакання. Таму, згодна з даўняй традыцыяй, гэтая ноч павінна быць чуваннем дзеля ўшанавання Пана. Вернікі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, павінны быць падобнымі да людзей, якія чакаюць свайго Пана, каб, калі вернецца, застаў іх чуваючымі на малітве і запрасіў да свайго стала.
Першая частка:
Урачысты пачатак Вігіліі альбо Літургія святла
Благаслаўленне агню і падрыхтоўка пасхала
У прыдатным месцы па-за касцёлам запальваецца вогнішча. Калі там збярэцца народ, прыходзіць святар з прыслугоўваючымі, адзін з якіх нясе пасхал.
Там, дзе нельга запальваць агню па-за касцёлам, благаслаўленне агню прыстасоўваецца да канкрэтных абставінаў. Калі народ збярэцца ў касцёле, святар з прыслугоўваючымі, якія нясуць пасхал, падыходзіць да дзвярэй касцёла. Людзі, наколькі магчыма, паварочваюцца да святара.
Святар і вернікі робяць знак крыжа, і ў гэты час святар гаворыць: У імя Айца і Сына, і Духа Святога, а затым вітае сабраны народ як звычайна і коратка нагадвае вернікам аб значэнні Пасхальнай вігіліі такімі альбо падобнымі словамі:
Дарагія браты і сёстры, у гэтую найсвяцейшую ноч, калі Пан наш Езус Хрыстус перайшоў ад смерці да жыцця, Касцёл кліча дзяцей сваіх, рассеяных па ўсім свеце, сабрацца на чуванне і малітву. Калі мы ўшануем памяць Пасхі Пана, слухаючы Яго слова і здзяйсняючы Ягоныя таямніцы, будзем мець надзею на ўдзел у Яго перамозе над смерцю і жыццё разам з Ім у Богу.
Затым святар благаслаўляе агонь, з разведзенымі рукамі гаворачы:
Молімся.
Божа, Ты праз Сына свайго спаслаў верным агонь Тваёй славы; асвяці † гэты новы агонь і праз гэтае пасхальнае святло запалі ў нас жаданне неба, * каб мы з чыстым сэрцам змаглі прыйсці да святла вечнага. Праз Хрыста, Пана нашага. Н.: Амэн.
Пасля благаслаўлення агню адзін з прыслугоўваючых трымае пасхал перад святаром, які пісалам крэсліць на ім крыж, над крыжам — грэцкую літару альфа, пад ім — літару амега, а між плячыма крыжа — чатыры лічбы бягучага года.
Пры гэтым святар гаворыць:
1. Хрыстус учора і сёння (крэсліць вертыкальнае плячо крыжа);
2. Пачатак і Канец (крэсліць гарызантальнае плячо крыжа);
3. Альфа (піша над вертыкальным плячом крыжа літару альфа);
4. і Амега (піша пад вертыкальным плячом крыжа літару амега);
5. Яму належыць час (піша першую лічбу бягучага года ў левым верхнім куце крыжа);
6. і вечнасць (піша другую лічбу бягучага года ў правым верхнім куце крыжа);
7. Яму хвала і валадарства (піша трэцюю лічбу бягучага года ў левым ніжнім куце крыжа);
8. праз усе вякі вечныя. Амэн (піша чацвёртую лічбу бягучага года ў правым ніжнім куце крыжа).
Накрэсліўшы крыж і іншыя знакі, святар можа змясціць на пасхале пяць зерняў ладану (пяць сімвалічных цвікоў) у форме крыжа, кажучы:
1. Праз свае святыя раны
2. слаўныя
3. няхай сцеражэ
4. і ахоўвае нас
5. Хрыстус Пан. Амэн.
Ад новага агню святар запальвае пасхал, гаворачы:
Святло Хрыста, які ў хвале ўваскрос, няхай разгоніць цемру нашых сэрцаў і думак.
Працэсія
Пасля таго, як будзе запалены пасхал, адзін з прыслугоўваючых бярэ з агню палымнеючае вуголле і накладвае яго ў кадзільніцу, а святар як звычайна насыпае кадзіла. Дыякан альбо, калі яго няма, святар бярэ пасхал у прыслугоўваючага, які яго трымае. Удзельнікі працэсіі размяшчаюцца ў наступным парадку: турыферарый з дымячай кадзільніцай ідзе перад дыяканам альбо святаром, які нясе пасхал. За імі ідуць святары з прыслугоўваючымі і вернікі, трымаючы ў руках незапаленыя свечкі.
Пры дзвярах касцёла дыякан альбо святар спыняецца і, узняўшы пасхал, спявае:
Святло Хрыстова.
Усе адказваюць:
Дзякуем Богу.
Святары і прыслугоўваючыя запальваюць свае свечкі ад агню пасхала.
Затым дыякан (святар) праходзіць на сярэдзіну касцёла, спыняецца і, ўзняўшы пасхал, ізноў спявае:
Святло Хрыстова.
Усе адказваюць:
Дзякуем Богу.
Усе запальваюць свае свечкі ад агню пасхала, і працэсія ідзе далей. Падышоўшы да алтара, дыякан (святар) спыняецца і, павярнуўшыся тварам да народа, узніпае пасхал у трэці раз і спявае:
Святло Хрыстова.
Усе адказваюць:
Дзякуем Богу.
Затым дыякан (святар) ставіць пасхал на вялікі свечнік, падрыхтаваны каля амбоны альбо пасярод прэзбітэрыя. Паўсюль у касцёле запальваецца святло, за выключэннем свечак на алтары.
Абвяшчэнне Пасхі
Прыйшоўшы да алтара, святар ідзе да свайго месца, перадае свечку прыслугоўваючаму а затым насыпае кадзіла ў кадзільніцу і благаслаўляе яго, як перад чытаннем Евангелля падчас святой Імшы. Дыякан падыходзіць да святара і са словамі: Благаславі мяне, ойча просіць у святара благаслаўлення. Святар благаслаўляе, ціха гаворачы:
Няхай Пан будзе ў сэрцы тваім і на вуснах тваіх, каб ты годна абвяшчаў хвалу Яго Пасхі. У імя Айца і Сына, * і Духа Святога.
Дыякан робіць знак крыжа і адказвае: Амэн.
Гэтае благаслаўленне прапускаецца, калі Абвяшчэнне спявае не дыякан, а хтосьці іншы.
Дыякан акаджвае кнігу і пасхал, а пасля, стоячы на амбоне ці за кафедрай, спявае Абвяшчэнне Пасхі. У гэты час усе стаяць, трымаючы ў руках запаленыя свечкі.
Калі няма дыякана, Абвяшчэнне Пасхі можа спяваць сам святар, альбо адзін з канцэлебрантаў. Калі ж у выпадку неабходнасці Абвяшчэнне спявае свецкі кантар, тады ён прапускае ў даўжэйшай форме словы А вас прашу, браты наймілейшыя да канца закліку а таксама прапускае прывітанне Пан з вамі ў даўжэйшай і карацейшай формах. (У імшале с.3
Другая частка: Літурпя слова
На гэтую Вігілію, якая з'яўляецца маці ўсіх вігілій, прапануецца дзевяць чытанняў. 3-за паважных душпастырскіх меркаванняў можна зменшыць колькасць чытанняў са Старога Запавету аднак заўсёды трэба памятаць, што чытанне слова Божага — гэта асноўная частка Пасхальнай вігіліі, таму абавязкова павінны быць прынамсі тры чытанні са Старога Запавету а менавіта, з Закону і Прарокаў, пасля якіх спяваюцца адпаведныя рэспансарыйныя Псальмы. Ніколі нельга прапускаць чытанне з 14 раздзелу Кнігі Зыходу (трэцяе чытанне).
Пасля Абвяшчэння Пасхі ўсе, патушыўшы свечкі, сядаюць. Перад пачаткам чытанняў святар звяртаецца да народа з такімі альбо падобнымі словамі:
Дарагія браты і сёстры, урачыста распачаўшы Пасхальную вігілію, са спакойным сэрцам паслухаем слова Божае. Разважаем, як у мінулыя часы Бог збавіў народ свой і нарэшце паслаў нам свайго Сына як Адкупіцеля. Молімся, каб Бог завяршыў пасхальную справу збаўлення і прывёў нас да поўнага адкуплення.
Пачынаюцца чытанні. Лектар ідзе да амбоны і чытае першае чытанне. Пасля чытання псальміст альбо кантар спявае ці рэцытуе псальм, а вернікі паўтараюць рэфрэн. Затым усе ўстаюць. Святар гаворыць Молімся, і ўсе пэўны час ціха моляцца, пасля чаго святар гаворыць малітву, якая адпавядае чытанню. Замест рэспансарыйнага псальму можна нейкі час захоўваць сакральнае маўчанне. У гэтым выпадку пасля таго, як святар скажа Молімся, ён адразу пачынае малітву.
Каментарый перад І чытаннем
Апісанне стварэння свету з’яўляецца гімнам веры дзеля ўшанавання Стварыцеля. Карона стварэння – чалавек, вобраз і падабенства Бога. Уваскрослы Хрыстус – гэта новы Адам. Праз Хрыста, праз Яго хрышчэнне мы атрымліваем Яго новае жыццё.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ, ДАЎЖЭЙШАЕ Быц 1, 1-2, 2
Убачыў Бог ўсё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым
Чытанне Кнігі Быцця.
На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. Зямля ж была бязладдзем і пустэчаю, і цемра была над паверхняй бездані, і Дух Божы лунаў над водамі.
I сказаў Бог: Няхай станецца святло. I сталася святло. I ўбачыў Бог святло, што яно добрае, і аддзяліў Бог святло ад цемры. I назваў Бог святло днём, а цемру назваў ноччу.
I быў вечар, і была раніца, дзень першы.
I сказаў Бог: Няхай станецца скляпенне пасярод водаў, і няхай яно аддзеліць воды ад водаў. I ўчыніў Бог скляпенне, і аддзяліў воды, што пад скляпеннем, ад водаў, што над скляпеннем. I так сталася. I назваў Бог скляпенне нябёсамі.
I быў вечар, і была раніца, дзень другі.
I сказаў Бог: Няхай збяруцца воды, што пад нябёсамі, у адно месца, і няхай з'явіцца суша. I так сталася. I назваў Бог сушу зямлёю, а збор водаў морам. I ўбачыў Бог, што гэта добра. Сказаў Бог: Няхай зямля выдасць зеляніну, траву, што рассявае насенне, і пладовае дрэва, што дае плод паводле гатунку свайго, у якім насенне яго. I так сталася. I выдала зямля зеляніну, траву, што рассявае насенне паводле гатунку свайго, і дрэва, што дае плод, у якім насенне паводле гатунку яго. I ўбачыў Бог, што гэта добра.
I быў вечар, і была раніца, дзень трэці.
I сказаў Бог: Няхай стануцца свяцілы на нябесным скляпенні, каб аддзялілі дзень ад ночы, каб вызначалі пэўныя часы, дні і гады.
Няхай стануцца яны свяціламі на нябесным скляпенні, каб асвятляць зямлю. I так сталася. I ўчыніў Бог два свяцілы вялікія: свяціла болыше, каб кіравала днём, і свяціла меншае, каб кіравала ноччу, і зоркі. I змясціў іх Бог на нябесным скляпенні, каб асвятляць зямлю і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць святло ад цемры. I ўбачыў Бог, што гэта добра.
I быў вечар, і была раніца, дзень чацвёрты.
I сказаў Бог: Няхай закішаць воды жывымі стварэннямі, і няхай птаства лётае над зямлёю, пад нябесным скляпеннем. I стварыў Бог вялікіх марскіх рыб і ўсялякае жывое стварэнне, што поўзае і кішыць у вадзе, паводле іхняга роду, і ўсялякае птаства крылатае, паводле роду ягонага. I ўбачыў Бог, што гэта добра. I благаславіў іх Бог, кажучы: Пладзіцеся і размнажайцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птаства няхай множыцца на зямлі.
I быў вечар, і была раніца, дзень пяты.
I сказаў Бог: Няхай зямля выдасць жывыя стварэнні паводле роду свайго: жывёлу, паўзуноў і дзікіх звяроў паводле роду свайго! I так сталася. I стварыў Бог дзікіх звяроў паводле іх роду, жывёл, паводле іх роду, і ўсіх зямных паўзуноў, паводле іх роду. I ўбачыў Бог, што гэта добра.
І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. I стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну.
I благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі Істотамі, якія рухаюцца па зямлі. I сказаў Бог: Вось Я даю вам усялякую траву, што рассявае насеннне па ўсёй зямлі, і ўсялякае дрэва, плод якога рассявае насенне, каб яны былі вам на спажытак. А ўсім жывым істотам на зямлі і ўсялякаму нябеснаму птаству, і ўсяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе дыханне жыцця, Я даю на спажытак усялякую зеляніну. I так сталася. I ўбачыў Бог ўсё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым.
I быў вечар, і была раніца, дзень шосты.
Так былі завершаны нябёсы і зямля, і ўсё іхняе войска. I скончыў Бог у сёмы дзень працу сваю, якую зрабіў, і на сёмы дзень адпачыў ад усёй працы сваёй, якую зрабіў.
Гэта слова Божае.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ, КАРАЦЕЙШАЕ Быц 1,а
Убачыў Бог ўсё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым
Чытанне Кнігі Быцця.
На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. I сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. I стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну.
I благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі. I сказаў Бог: Вось Я даю вам усялякую траву, што рассявае насеннне па ўсёй зямлі, і ўсялякае дрэва, плод якога рассявае насенне, каб яны былі вам на спажытак. А ўсім жывым істотам назямлі і ўсялякаму нябеснаму птаству, і ўсяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе дыханне жыцця, Я даю на спажытак усялякую зеляніну. I так сталася. I ўбачыў Бог ўсё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым.
Гэта слова Божае.
1 РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс , 1-2а. 5і і 35с (пар. 30)
Рэфрэн: Няхай сыдзе Дух Твой і зямлю адновіць.
Благаславі, душа мая, Пана, *
Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі.
Ты апрануўся ў веліч і красу. *
Ты ахінуўся святлом, быццам шатай.
Рэфрэн:
Ты ўмацаваў зямлю на яе асновах, *
не пахіснецца яна ніколі.
Безданню, як вопраткай, пакрыў яе, *
па-над горамі ўзніклі воды.
Рэфрэн:
Ты крыніцы пасылаеш у даліны, *
паміж гор цякуць яны.
Над імі жывуць птушкі нябесныя *
і сярод лісця спяваюць.
Рэфрэн:
3 вышыні сваёй Ты поіш горы,
плёнам спраў Тваіх зямля насычаецца.
Ты чыніш, што расце трава для жывёлы, *
і расліны на карысць чалавеку,
каб ён здабываў хлеб з зямлі.
Рэфрэн:
Незлічоныя, Пане, Твае справы. *
Усё Ты мудра стварыў,
зямля напоўнілася Тваімі стварэннямі.
Благаславі, душа мая, Пана!
Рэфрэн:
Або:
1 РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс, 420 і 22 (Р.: 5b)
Рэфрэн: Міласцю Пана поўніцца зямля.
Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.
Рэфрэн:
Словам Пана створаны нябёсы, *
дыханнем Яго вуснаў – уся іхняя моц.
Ён воды марскія збірае, быццам у мех, *
бездані складвае ў сховах.
Рэфрэн:
Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.
Пан паглядае з нябёсаў, *
бачыць усіх сыноў чалавечых.
Рэфрэн:
Душа наша чакае Пана: *
Ён - наша дапамога і абарона.
Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!
Рэфрэн:
Малітва.
Усемагутны вечны Божа, дзівосны Ты ва ўсіх Тваіх справах, † учыні, каб адкуплены Табою народ зразумеў, наколькі цудоўнай была справа стварэння на пачатку і яшчэ цудоўнейшай справа адкуплення ў поўні часу, * калі як пасхальнае Ягнё быў ахвяраваны за нас Езус Хрыстус. Які жыве і валадарыць на вякі вечныя.
Каментарый да ІІ чытання
Ахвяра Абрагама, якой з’яўляецца яго адзіны сын Ісаак – гэта прадказанне ахвяры Хрыста, адзінага Сына Спрадвечнага Айца. Уратаванне Ісаака ад смерці – гэта ўзнагарода за веру Абрагама. Наша ўваскрашэнне ў Хрысце праз хрост падмацавана моцнай верай у тое, што кажа Бог.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ, ДАЎЖЭЙШАЕ Быц 22, 1-18
|
Из за большого объема этот материал размещен на нескольких страницах:
1 2 3 |


