Прайшло больш за 40 год, перш чым сойм зноў сабраўся ў Гародні - 1 снежня 1566 года і працягваўся да 6 студзеня 1567 г. Месцам сойму 1566 г. спачатку прызначалася Берасце, аднак з-за маскоўскай пагрозы ён быў скліканы ў Гародне. На яго прыбыло не многа дастойнікаў, бо было моравае паветра.
У 1568 годзе вялікі вальны сойм збіраўся таксама ў Гародне і працягваўся каля двух з паловай месяцаў (з 25 красавіка да 12 ліпеня ўключна). Наступным быў апошні “літоўска-рускі” сойм, які сабраўся 10 снежня ў Любліне, працягваўся 8 месяцаў (па 12 жніўня 1569 г.)[24]
На ўказаных соймах вырашаліся шматлікія пытанні, звязаныя з Інфлянцкай вайной, уніяй і іншымі важнымі пытаннямі ўнутранай і знешняй палітыкі краіны. Але Гарадзенскія соймы 1567 і 1568 гг., як адзначыў М. Любаўскі, выдзяляюцца нават на фоне важных праблем, разгледжаных на іншых соймах[25]. Справа ў тым, што сойм 1566-1567 г. склікаўся пасля прыняцця Статуту ВКЛ 1566 г., на падставе якога ён функцыянаваў у выглядзе інстытуцыі, падобнай да існуючай у Кароне з аналагічным аб’ёмам уладных кампетэнцый. Статут, напрыклад, зафіксаваў інстытуцыю павятовых соймікаў, якія мелі права выбіраць паслоў на вальны сойм і даваць ім інструкцыі[26], прызнаваў, што сойм можа быць скліканы “коли колко того будеть потреба”[27] і складаецца з трох станаў (вялікі князь, вялікакняская рада і пасольская палата), надаваў сойму заканадаўчую моц.
Аб важнасці гарадзенскіх соймаў ускосна сведчыць факт адлюстравання горада на гравюры Адэльгаўзэра-Цюндта (першы падобны вопыт ва Ўсходняй Еўропе), якая знаёміла заходнееўрапейскую публіку з палітычнымі падзеямі на ўсходніх рубяжах. Яна была выраблена ў 1568 г. у Нюрнбергу і сведчыла аб сустрэчы ў Гародні паслоў маскоўскага князя на чале з Фёдарам Умным-Колачавым з гаспадарскім маршалкам Іванам Валовічам 24 ліпеня 1567 г.[28] Вядома, што Ганс Адельгаўзэр зафіксаваў яшчэ тры пасольствы, якія знаходзіліся ў гэты час у Гародні – татарскае, турэцкае і валашскае[29]. Усё гэта сведчыць аб тым, што Гародня ў апошняй трэці ХVІ ст. была цэнтрам не толькі ўнутрыпалітычнага, але і знешнепалітычнага жыцця ВКЛ і стаяла на парозе далейшага ўмацавання свайго значэння (як паказалі далейшыя падзеі).
Асноўныя пастановы гарадзенскага сойму 1566-1567 гг. адлюстроўвае рэцэс 6 студзеня 1567 г., у якім знайшлі адбітак пытанні, якія тут разглядаліся: 1) Арганізацыя соймавання і меры супраць спазнення да пачатку сойма яго членаў. У дадзенай пастанове адзначалася, што “водлугъ звычаю въ томъ стародавного и статуту (1566 г. – А. С.), за радою радъ нашихъ здешнихъ зложили есмо съемъ великій вальный тому панству въ месте нашомъ Городенскомъ, а вси станы, такъ рады наши духовные и светскіе, яко тежъ князи, панове и врядники земъскіе и дворные и послове земъскіе, на часъ и местцо отъ насъ зложоное, зъехали ся и местца свои заседши, о томъ зо всякою хутью, пильностью а згодливостью спольне а згодливе намовляли и становили и ку намъ, господару, доносили, а за тымъ з волею и призволеньем нашимъ вси тые речи и потребы, на своей мере постановивши, ухвалили и скончили и на пісме своемъ до насъ донесли и подали, яко то зъ стародавна бывало и им належало. Мы то, господаръ, моцью звирхности нашое тое постановенье и ухвалы таковые соймовые утвержаем, а такъ, яко черезъ всих становъ, сойму належачихъ, ухвалено, то тому жъ от всих моцно, безъ жадного уменшенья и уближенья а наменшое образы и отмены маеть быти держано и выполнено, почавши отъ персоны нашое господаръское, за радою радъ наших, князей, пановъ, врадниковъ земъских и дворныхъ и шляхты-рыцерства, и ажъ до наменшого стану и особы, подъ тыми жъ арътыкулы и обовязки, яко в артыкулех и написехъ своих, нижей положоныхъ, поменено, доложоно и описано”[30].
Гэта значыць, што ў соймах удзельнічалі біскупы, ваяводы, у тым ліку і староста жмудскі, кашталяны, маршалкі земскі і дворны, гетман, падскарбі земскі і іншыя вышэйшыя ўраднікі земскія і дворныя: падчашы, крайчы, стольнік, падстолі, мечнік, харужы земскі і дворны, маршалкі і пісары; з другасных – старосты, дзяржаўцы, цівуны, харужыя, а затым – княжаты, панята і шляхта рыцарства. Напярэдадні Люблінскай уніі месца на сойме атрымалі і мяшчане стольнага горада Вільні па прыкладзе мяшчан найважнейшых гарадоў Кароны[31].
Пастанавілі таксама, што спазніцца на сойм можна было не больш 3 дзён, ”и колько дней або недель по ономъ третемъ дню омешкалъ, толко зась дней або недель вотовати не маеть и, што ся безъ него и въ молчанью его постановить и урадить, противъ тому быти и мовити вжо о то не будеть мочи»[32].
2) Аб удзеле ўраднікаў і шляхты ў павятовых сойміках.
Такая пастанова была згодная з рашэннем ад 30 снежня 1565 г., калі вялікі князь па просьбе шляхты выразіў згоду на тое, каб ў кожным павеце на ўзор каронных устанавіць інстытуцыю малых соймаў альбо соймікаў, якія б склікаліся за чатыры тыдні перад вальнымі соймамі. Адна з найважнейшых пастаноў гарадзенскага сойму 1566-1567 г. сцвярджала: “шляхтичу вольно быти которого кольвекъ… соймику”, канешне, калі ён меў там свае добра. Падставай грамадзянства ў тыя часы было валоданне зямлёй, з якой адбывалася вайсковая служба, так што шляхта без маёнтку (так званая галота) была пазбаўлена права ўдзельнічаць у сойміку і ўвогуле ў публічным жыцці краіны[33]. У гэтай пастанове адзначалася, што бискуп, ваявода, кашталян “на соймикохъ мають бывати кождый у своемъ у воеводстве и на вряде – Виленъские у Вильни, Троцькие у Трокахъ, и такъ же и иные вси врядники, кождый у своемъ вряде и повете”[34]. Таксама пастанавілі “на кождую особу съ пановъ радъ неприбылыхъ пять копъ грошей, на врядниковъ земъскихъ и поветовыхъ две копе грошей” (с.408).
3) Аб рассылцы соймавых і ваенных лістоў у паветы да гродскіх ураднікаў, стараст, або іх намеснікаў, праз возных паветавых да панов рад, да князей, ураднікаў земскіх і павятовых і іншых станаў. Каб да кожнага шляхціча дайшала дадзеная інфармацыя “въ домы ихъ мають носити; а для шляхты на торгу, при костелехъ обволывати».
4) Аб пакіданні на час паходаў па тры возных пры кнігах павятовых судоў.
Наступны блок пастаноў называўся “О способе обороны вальки потужное”. Тут адзначалася, што “причина и потреба зложенья теперешнего сойму набольшая такая была и есть, абы се вынашла и постановила потужная оборона и валька противко неприятелю нашому Московскому» (с.410). Таму наступныя артыкулы прысвечаны пытанням абароназдольнасці дзяржавы.
5) Адказ на просьбу аб знаходжанні вялікага князя пры земскім войску ВКЛ под час дадзенай вайны. “Отъ всихъ становъ прозбы сойму належачихъ до насъ были, жебыхмо сами парсуною нашою господаръскою противъ тому неприятелю нашому валъчили, будучи у войску межи народомъ рыцерскимъ того панъства Великого Князьства, и не лежали въ томъ панстве нашомъ, але въ земли неприятелской, з ними воюючи” (с.410).
6) аб павелічэнні для дадзенай вайны памераў земскай вайсковай павіннасці з маёнткаў; “…на два годы, теперъ идучие, шестдесять семый и шестдесять осмый, поступують з десети служобъ Литовскихъ и индей, где въ томъ панъстве суть службы, такъ же з десети волокъ, людми оселых, порезаных и поморкгованыхъ, конь одинъ, а где волокъ нетъ, а службы не ровны суть Литовскимъ, яко на Руси и на Полесьи и въ земли Киевской и у волостьяхъ Поднепръскихъ, такъ же и въ земли Волынъской, людей тяглыхъ службами не называють и на волоки техъ кгрунты не есть помероны, одно дворищами або следами менують, которые дворища выносять лепшие пожитъки, нижли Литовские службы албо волоки, и людей на тых дворищах есть не мало, про то обователи тыхъ краевъ або земль преречоных Рускихъ, Волынскихъ и Полескихъ мають не з служобъ ани з дворищъ, але з дымовъ двадцати ку службе земъской ставити конь одинъ” (с.411).
У гэты перыяд валочная памера яшчэ не была скончана. З дадзенай пастановы можна даведацца дзе яшчэ рэформа не праводзілася (“на Руси и на Полесьи и въ земли Киевской и у волостьяхъ Поднепръскихъ, такъ же и въ земли Волынъской”) і на валокі тыя землі не былі падзеленыя. Сялянскія наделы да валочнай памеры называліся “дворышчам або следам”. Гэтыя найбольш старажытныя формы абшчынных аб’яднанняў налічвалі ад двух да дзесяці і нават больш дворшчыкаў[35].
7) Аб той жа павіннасці для “убогай” шляхты: Кождый шляхтичъ отделный з дыму водлугъ преможенья своего на войну ехати маеть… А по томъ, по войне вси кгрунъты токовое убогое шляхты, у которихъ людей своихъ нетъ, мають быти помероны а моркгованы тымъ способомъ, жебы з десети волокъ оселыхъ конь одинъ ку служьбе земъской военной ставень былъ отъ всихъ тыхъ, колько их на десети волокахъ будеть…” (с.412).
8) Аб той жа павіннасці для падляшан: “Подляшане тежъ ровно з Литвою войну служити мають и такъ же з десети волокъ оселыхъ, а где бы еще службы были, ино з десети служобъ конь одинъ ставити” (с.412).
9) Аб павелічэнні памераў “почтаў” з-за прысутнасці ў войску вялікага князя;
10) Аб выстаўленні ваенных сіл з гарадоў княжаскіх, панскіх і зямянскіх, духоўных і свецкіх - з десяці дымоў аднаго пешага з ручніцаю і з мечам і г. д.
11) Аб жадаючых служіць ваенную службу дабраахвотна і аб цыганах. Як адзначаў А. Янушкевіч, “шляхта імкнулася прыцягнуць да нясення падатковага цяжару як мага большае кола плацельшчыкаў[36]. “А хто ся з нихъ мужъне въ службе военной покажеть, таковому ласкою и детькомъ от насъ, господара, нагорожоно будеть” (с.414).
У сувязі з тым, што на сойме разглядалася больш за 40 пытанняў, не ўяўляецца магчымым у адным артыкуле пракаментаваць усе рашэнні, якія, безумоўна, таго заслугоўваюць. Аднак хаця б узгадаць іх трэба, каб зразумець, чаму М. Любаўскі лічыў гарадзенскія соймы важнейшымі за іншыя ў дадзены перыяд. Як бачым, большасць рашэнняў датычылася вайсковых спраў і фінансава-матэрыяльнага забеспячэння войска. Аб чым пісаў у сваёй манаграфіі беларускі даследчык Інфлянцкай вайны Андрэй Янушкевіч[37].
12) Аб прадстаўленні вялікаму гетману рээестраў выстаўленых “почтаў”;
13) аб падатку на наём шасці тысячаў конных і 4 тысячаў пешых наёмных войнаў;
14) аб выдачы гэтага падатка ў паветах;
15) аб дзейнасці павятовых (прыводзяцца іх імёны) і галоўных паборцаў пры зборы гэтага падатку і аб іх ўзнагараджанні;
16) аб тэрмінах выдачы гэтага падатку;
|
Из за большого объема этот материал размещен на нескольких страницах:
1 2 3 4 5 |


