(Гарадзенскі

Ўніверсітэт імя Янкі Купалы)

ГАРАДЗЕНСКІЯ ВАЛЬНЫЯ СОЙМЫ Ў ХVІ ст.

Часта ўзгадваецца факт, што з 1673 г. Гародня стала соймавым горадам, і што трэці сойм Рэчы Паспалітай павінен быў адбывацца тут. Аднак для такога рашэння меліся падставы з больш ранняга часу. Да Люблінскай уніі ў Гародні адбываліся соймы Вялікага Княства Літоўскага, што ўздымала яе на ўзровень палітычна-адміністратыўнага цэнтра ўлады. Звычайна соймы ВКЛ адбываліся ў Вільні, Берасці і ў Гародні, часам у Бельску Падляскім ці іншых мясцовасцях.

Не лічу сябе даследчыкам соймаў і парламентарызму ў ВКЛ, хаця мне і даводзілася ўжо займацца соймам 1752 г. у сувязі з публікацыяй дзённіка В. Шлямюлера[1], аднак мяне цікавяць у цэлым сацыяльна-палітычныя працэсы ў ВКЛ, асабліва ў ХV і ХVІ ст., якія адбіваліся на фармаванні грамадскай свядомасці, у тым ліку тыя працэсы, якія мы прымітыўна называем паланізацыяй. Адным з такіх механізмаў паланізацыі была ўніфікацыя прававой сістэмы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, пачынаючы з пачатку ХVІ ст. На гэта звярнуў увагу адзін з першых даследчыкаў так званага літоўска-рускага сойму М. Любаўскі[2]. Дарэчы, соймавай тэматыкай займаліся шматлікія рускія, польскія, літоўскія і беларускія даследчыкі, працы якіх аналізуюцца ў апошняй значнай манаграфіі па дадзенай праблеме Анджэя Рахубы[3]. Паколькі нас цікавяць толькі гарадзенскія соймы ХVІ ст., то асноўныя нашыя крыніцы – ухвалы соймаў ВКЛ да Люблінскай уніі – утрымліваюцца ў Метрыцы Літоўскай, у тым ліку ў пятай кнізе публічных спраў, якая публікавалася ў т.30 “Русской исторической библиотеки”[4].

НЕ нашли? Не то? Что вы ищете?

Як дзяржаўная ўстанова, літоўска-рускі сойм зараджаецца ў эпоху пасля Крэўскай уніі ВКЛ з Польшчай, дакладней з 1401 г.[5] Усе даследчыкі так ці іначай звязваюць узнікненне інстытуцыі вальнага сойму з уніяй ВКЛ і Польшчы[6]. Гісторыя соймаў шчыльна звязана з унутры - і знешнепалітычнай дзейнасцю ВКЛ. Ва ўхвалах і пастановах соймаў адлюстраваны найважнейшыя працэсы і падзеі тагачаснага грамадства.

У ХV ст. ўсялякія conventiones, consilia, etc. уяўлялі з сябе пераважна акты добрай волі гаспадара, сходы, якія ён склікаў, калі яму патрэбная была парада баяраў. Традыцыя склікання ўсяго рыцарства на нарады, веча ці соймы існавала значна раней, аднак яна не мела арганізаванай формы і не абавязвала князя лічыцца з іх меркаваннем. Толькі прывілей Казіміра Ягелончыка 1447 г. накладаў на гаспадароў абавязак склікання шляхты на сойм для збору сродкаў на вядзенне вайны, што надавала шляхце характар прывілеяванага саслоўя.

Найважнейшае месца ў дзяражаўных структурах, у тым ліку і ў соймах, мела вялікакняжаская рада. Як адзначаў Е. Ахманьскі, у другой палове ХV ст. яна ператварылася ў самастойны орган, які дзейнічаў незалежна ад асобы ўладара, меў права кіраваць ад імя вялікага князя, калі яго не было ў краіне (напрыклад, знаходзіўся ў Польшчы). У яе склад уваходзілі біскупы віленскі і жмудзкі, усе дзяржаўныя дыгнітары, а таксама скліканыя гаспадаром ўраднікі земскія і дворскія. Кампетэнцыі паноў рады санкцыянаваў прывілей Аляксандра Ягелончыка 1492 г., які абвяшчаў, што без згоды рады не будзе ўводзіць ніякіх новых законаў. Гэты прывілей пацвердзіў Жыгімонт І у 1506 г.[7] М. Доўнар-Запольскі услед за Іванам Маліноўскім народзіны вальнага сойма таксама звязваў з выданнем земскага прывілея 1492 г. Аляксандра Ягелончыка і неабходнасцю змагання з Масквой і татарамі[8]. Аднак аж да 1566 г. гэтыя соймы не мелі дакладнай арганізацыйнай структуры[9].

Так званыя “станы, сойму належачие” - гэта усе духовныя і свецкія дастойнікі, якія складалі гаспадарскую раду Вялікага Княства, маршалкі і іншыя ўраднікі земскія і дворныя, а таксама і ўся ўвогуле землеўладальніцкая знаць – князі і паны харугвыя, г. зн. тыя буйныя землеўладальнікі шляхецкага звання, якія не станавіліся на вайне з сваімі атрадамі пад агульнаю харугваю павета, а вялі свае “почты” пад уласнай харугваю[10].

Як адзначаў М. Любаўскі, да моманта Люблінскай уніі ў Вялікім Княстве Літоўскім склалася прадстаўнічая ўстанова, як паводле сваёй кампетэнцыі і значэнні, так і паводле складу, даволі блізкая да польскага сойму. За гэтай установай таксама як і за польскім соймам, было прызнана права “вольного обранья” гаспадара, і яна de jure i de facto зрабілася галоўным носьбітам вярхоўнай ўлады ў дзяржаве і вырашала яе лёсы. Таму, падкрэсліваў Любаўскі, і сталася магчымай та самая ўнія, якую Вялікае Княства заключыла з Польшчай у 1569 годзе, і якая паводле сваёй сутнасці была парламентарнай уніяй: літоўска-рускі вялікі вальны сойм, які зрабіўся больш-меньш блізкім да польскага па сваім складзе і дзяржаўным значэнні, лёгка мог зліцца з польскім у адну ўстанову. Якім вялікім ні быў у дадзеным выпадку ўплыў вайны з Масквою, якая штурхала Літву ў абдымікі Польшчы, але без гэтай ўнутранай умовы, без гэтых поспехаў асіміляцыі з Польшчай у дзяржаўным ладзе і быце, Вялікае Княства наўрад ці злучылася б з Польшчай настолькі шчыльна, як гэта сталася ў 1569 годзе”[11]. Любаўскі вельмі дасціпна акрэсліў гэтую сітуацыю: “Шчыльнае і трывалае злучэнне Літвы з Польшчай стала магчымым толькі тады, калі і ў гэтых адносінах, а не толькі ў знешніх інтарэсах, Літва так наблізілася да Польшчы, што ліцьвін у Польшчы пачаў знаходзіць тое ж самае, што і дома, а дома, тое ж самае, што ў Польшчы”[12].

Былі ліквідаваны адрозненні не толькі Літоўска-Рускай дзяржавы ад Польшчы, але і ўнутры самога Княства сціраліся адрозненні паміж землямі ўласна літоўскімі, якія дамінавалі ва ўладзе, і рускімі, прадстаўнікі якіх, як вядома, паводле Крэўскай і Гарадзельскай уній, былі пазбаўлены многіх праў, барацьбу за якія яны вялі яшчэ з 30-х і 40-х гадоў ХV ст.

У ХVІ ст. першы сойм адбыўся ў Гародні ў жніўні 1501 г.[13] Да гэтага моманту Гародня ўжо пяць год мела прывілей на магдэбурскае права і была адным з буйных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, вялікакняжацкай рэзідэнцыяй, дзе і без таго ў часы Казіміра Ягелончыка звыклі збірацца паны рада. Аднак пачатак ХVІ ст. быў вельмі складаным для ВКЛ: вясною 1500 г. маскоўскія войскі захапілі шматлікія гарады, а літоўскае войска было разбітае на р. Ведрашы. 17 чэрвеня 1501 г. памёр кароль польскі Ян Ольбрахт, брат вялікага князя літоўскага Аляксандра. Каб дасягнуць больш сціслага союзу з Каралеўствам Польскім і сумеснымі намаганнямі бараніцца ад Масквы, Аляксандр павінен быў узыйсці на польскі прастол. Таму вальны сойм 1501 г., які сабраўся ў Гародні, адправіў ў канцы жніўня 1501 г. паслоў на Пятркоўскі сойм дзеля падтрымання кандыдатуры Аляксандра і з паўнамоцтвамі на заключэнне новай уніі[14]. Як піша М. Стрыйкоўскі, палякі хацелі абраць каралём іншых братоў Яна Ольбрахта – альбо Уладзіслава, караля венгерскага і чэшскага, альбо Жыгімонта, князя Апаўскага і Глагоўскага[15]. Аднак, у выніку, каралём у кастрычніку 1501 г. у падляшскім Мельніку быў абвешчаны вялікі князь літоўскі Аляксандр.

Польскі даседчык Віктар Чэрмак з 1507 па 1568 г. налічыў каля 40 розных з’ездаў, якія называліся conventus, conventiones, sojm, з якіх большасць (каля 30) прыпадае на панаванне Жыгімонта І (да 1544 г.), і толькі 10 на часы Жыгімонта Аўгуста[16].

Першым соймам conventio generalis, на якім побач з членамі рады прысутнічала таксама шляхта, адбыўся ў 1507 г. Ён паклаў пачатак шэрагу соймаў, дзе можна заўважыць актыўны ўдзел шляхты, не належачай да вялікакняжаскай рады[17]. Па меркаванні М. Любаўскага, гэты сойм адбыўся ў Вільні, як і большасць соймаў ХVІ ст. Аднак у манаграфіі Анджэя Рахубы можна сустрэць звестку, што сойм адбыўся ў Гародне. Відаць, гэтая памылка вынікае з таго, што выдаўцы Актаў Заходняй Расіі (Т. ІІ, № 17) аднеслі гэты акт да 1507 года на той падставе, што ён носіць дату 10 індыкта, не звярнуўшы ўвагу на тое, што акт упісан ў кнігу Літоўскай Метрыкі сярод актаў 1522 г., калі таксама быў 10 індыкт. У першыя месяцы 1507 г. (са студзеня па май уключна) Жыгімонт знаходзіўся ў Кракаве і, значыць, ніяк не мог выдаць акружную грамату, у якой гаворыцца: ”тымі разы, будучі на сойме в Городне”[18].

Вялікі вальны сойм збіраўся амаль кожны год, часам нават два-тры разы на год, часцей за ўсё ў Вільні альбо ў Берасці, але часам і ў Гародні.

У 1522 г. сойм збіраўся два разы: першы раз у Гародне ў лютым і сакавіку, пазней у чэрвені – снежні - ў Вільні[19].

Як адзначаў Любаўскі, да пачатку 1522 г. каралю ўдалася зрабіць усе галоўныя справы ў Польшчы. З магістрам Прускім быў заключаны мір яшчэ ў сакавіку 1521 г. Туркі адкаціліся з Венгрыі і больш не турабавалі палякаў. Для абароны ад татараў сойм, які збіраўся ў Пётркове ў лістападзе і снежні 1521 г., вызначыў даць каралю падатак з мяшчанаў і сялянаў, дастатковы для утрымання 4000 жоўнераў. Нарэшце, трэба было ўладкаваць справы Вялікага Княства, і кароль прызначыў вялікі сойм усім станам Вялікага Княства ў Гародне, куды і сам прыбыў 2 лютага 1522 г.[20]

Першае пытанне, якое абмяркоўвалася на гэтым сойме, датычылася ўпарадкаваання спраў з Масквой. Было прынята рашэнне выслаць туды пасла з прапановай вечнага міра ці перамір’я. Паколькі адказа не было, то вялікі князь на ўсіх наклаў сярэбшчыну. Усе землеўладальнікі як свецкія, так і духоўныя павінны былі з кожнай сахі валовай даць 15 грошаў, ад конскай удвая меньш, ад людзей, не маючых сох, але трымаючых зямлю, па 6 грошай з чалавека, ад агароднікаў па тры грошы[21]. Сярэбшчына, ухваленая на сойме, не магла пакрыць дзяржаўныя расходы і папоўніць пусты скарб ВКЛ. Тады некаторыя паны дзяржаўцы, якія трымалі ў заставе гаспадарскія маёнткі, прынеслі патрыятычныя ахвяры: аддалі гаспадару свае заставы, так што гаспадарскія даходы з іх дзяржаў павінны былі паступаць у скарб. Такім чынам вярнуліся да гаспадара даходы з Уцены, Дарсунішак, Мазыра, Мельніка, Эшышак, Вілкаміра, Мерачы, Пуні, Жыжмар, Ліды і Беліцы, Онікштаў, Прывалкі, Астрыны, Крэва, Любашан, Магілева, Крычава, Ушпаля і Пенян[22].

На гарадзенскім жа сойме 1522 г. была таксама пададзена просьба аб дараванні статута. Незадоўга да гэтага на Пётркоўскім сойме 1519 г. палякі аб тым жа прасілі Жыгімонта. Ліцьвіны не жадалі адставаць ад братоў-палякаў і статут быў прадстаўлены на разгляд ужо ў гэтым самым годзе на Віленскім сойме[23].

Акрамя папаўнення скарба, вялікаму гарадзенскаму сойму 1522 г. прышлося прымаць меры супраць павальнага ўхілення ваеннаслужылых землеўладальнікаў ад вайсковай службы. Ім пагражала адыманне маёнтку. Канфіскацыя маёнткаў пагражала і за захоп гаспадарскіх земляў. Гэтая норма потым увайшла ў статут 1529 г.

Из за большого объема этот материал размещен на нескольких страницах:
1 2 3 4 5