Што значыць, па-вашаму, быць беларусам? Гэта другая частка нашага апошняга пытання. Працуем у групах: “журналісы” працягваюць фразу: “Мы – беларусы. Значыць, мы маем…”; “літаратуразнаўцы” – “Мы – беларусы. Значыць, мы можам ганарыцца…”; “навукоўцы” – “Мы – беларусы. Значыць, мы павінны…”. “Хатнія гаспадыні” ў гэты час праафішыруюць тое, што было сказана на ўроку (вывешванне на дошку сонейка “Славутыя беларусы” і дыяграмы “Рысы беларусаў”).

Адказы вучняў. Адзін вучань з кожнай групы працягвае зададзеную фразу.

Вучань з групы “Літаратуразнаўцы”: Верш Рыгора Барадуліна “Быць”.

Быць Беларусам –

Гэта значыць,

Свайго ні гуку не забыць,

Усё чужое перайначыць,

Каб Беларусі вечнай быць!

Быць Беларусам –

Гэта значыць,

Вясёла з сумнай долі кпіць,

Да Бога сцежку верай значыць,

Нагбом з карца надзеі піць.

Быць Беларусам –

Гэта значыць,

За родны край згараць на дым,

Па-беларуску чуць і бачыць

На гэтым свеце і на тым.

3. Вынік урока. Рэфлексія.

Настаўнік: Якую тэму мы сёння разглядалі? Ці справіліся з задачамі, пастаўленымі на пачатку ўрока? Якія вывады вы зрабілі для сябе, можа, вам захацелася ў нечым трошкі змяніць свае адносіны да свайго, беларускага?

Адказы вучняў.

Настаўнік: Дзякуй вам за ўрок. Вы плённа працавалі. Вынікі выразна прадэманстравалі на дошцы.

4. Выстаўленне адзнак з каментарыем.

Дадатак 5.

Урок беларускай мовы ў 10 класе.

Тэма: Гутарковы стыль маўлення.

Тып урока: урок засваення новых ведаў.

Абсталяванне: мультымедыйны праектар, раздрукаваныя табліцы, міні-тэст.

НЕ нашли? Не то? Что вы ищете?

Мэты:

·  адукацыйная: арганізаваць дзейнасць вучняў па ўзнаўленню і паглыбленню ведаў пра гутарковы стыль маўлення;

·  развіваючая: садзейнічаць удасканаленню ўмення аналізаваць тэксты гутарковага стылю, развіццю маўлення вучняў;

·  выхаваўчая: стварыць умовы для выхавання адказнага стаўлення да слова, культуры маўлення.

Ход урока.

I. Арганізацыйны этап. Вітанне і стварэнне пазітыўнага настрою.

Настаўнік: Добры дзень, дзеці! Я рада нашай новай сустрэчы і хачу пажадаць паспяховай працы на ўроку. Тым больш, што матэрыял нам ужо знаёмы, а тэма, якую мы закранѐм на ўроку, важная.

II. Этап актуалізацыі апорных тэарэтычных ведаў. Франтальнае апытванне.

Настаўнік: - Якія стылі маўлення вам вядомы?

Адказы: гутарковы, мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-дзелавы, навуковы.

Настаўнік: - Пра які стыль вам трэба было б расказаць, зыходзячы з таго, што пакладзена на вашу парту? Абгрунтуйце свой адказ. (На розныя сталы кладуцца газета, зборнік вершаў, заява або Канстытуцыя РБ, слоўнік ці энцыклапедыя, запіска на бытавую тэматыку. Вучні, якія сядзяць за гэтым сталом адказваюць, іншыя (пры неабходнасці) дапаўняюць.).

Адказы: газета - публіцыстычны, зборнік вершаў - мастацкі, заява або Канстытуцыя РБ - афіцыйна-дзелавы, слоўнік ці энцыклапедыя - навуковы, запіска на бытавую тэматыку - гутарковы.

Настаўнік: Якія стылі маўлення мы ўжо вывучылі?

Адказы: Мастацкі, навуковы.

III. Этап паведамлення тэмы, задач урока.

Настаўнік: Сёння на ўроку мы спынімся падрабязна на гутарковым стылі маўлення. Па якім плане мы звычайна вывучаем стыль? На якія пытанні адказваем?

Адказы: Дзе выкарыстоўваецца пэўны стыль? Для чаго? З якой мэтай? Якія асаблівасці стылю?

Настаўнік: Вось па такому плану мы і будзем працаваць на ўроку. Акрамя таго, высветлім, як правільна карыстацца гутарковым стылем. Запішыце дату, тэму ў сшыткі.

IV. Этап вывучэння новых ведаў

1). Узнаўленне ўжо вядомага з папярэдніх класаў матэрыялу праз адказы вучняў на пастаўленыя настаўнікам пытанні:

Настаўнік:

- Дзе мы сустракаемся з тэкстамі гутарковага стылю?

- Ці могуць 2 вучоныя-фізікі размаўляць у гутарковым стылі? Пры якіх абставінах гэта можа быць?

- Для чаго выкарыстоўваецца гутарковы стыль? З якой мэтай мы звычайна размаўляем?

- Ці прадумваем мы часцей за ўсё тое, што пасля скажам сябру ці бацькам, ці гэта адбываецца спантанна? Нязмушана?

- Чым, на ваш погляд, адрозніваецца мова гутарковага стылю?

2). Разгляд табліцы “Гутарковы стыль”, вызначэнне і запіс неназваных да гэтага пунктаў.

Гутарковы стыль маўлення

Сфера ўжывання

Бытавыя зносіны, неафіцыйныя зносіны ва ўсіх сферах жыцця.

Форма рэалізацыі стылю

Вуснае дыялагічнае (рэдка маналагічнае), маўленне і сяброўскія запіскі ці лісты, асабісты дзённік…

Функцыі стылю

Абмен думкамі, пачуццямі, паведамленнямі на бытавую тэму

Прыметы стылю

Дыялагічная форма маўлення, наяўнасць агульнаўжывальнай і размоўнай лексікі, прастамоўных выразаў, слоў са значэннем імгненнага дзеяння (скок, бразь). Выкарыстанне формул маўленчага этыкету (добры вечар, смачна есці).

Эмацыянальнасць. Вялікая роля жэстаў, мімікі, інтанацыі. Няпоўныя сказы. Клічныя і пытальныя сказы. Шмат выклічнікаў, звароткаў.

V. Этап замацавання вывучанага матэрыялу.

1). Інсцэніроўка байкі Кандрата Крапівы "Бацька і сын".

Пачуў раз нейк шаноўны тата,

Што сын кагось з апошніх лае слоў,

I тату прыліла адразу к твару кроў,

Ён да дзяцей заўсёды строгі надта:

Злавіў ды сырамятпым паскам

Давай па чым папала ляскаць: —

Ах ты, паршывае шчаня!

Ах, трасца тваёй манеры!

Дзе гэта ты, нягоднік, пераняў?

I хто наўчыў цябе такія пацеры?

Вось гэта ж тут вазьмі

Дый засячы цябе, паскуду!

А той, заліўшыся слязьмі,

Прасіўся: «Татачка, не буду!

Што гэта брыдка — я не ведаў,

А за табой плявузгаў следам,

Во словы ад цябе я чуў...»

I горш яшчэ зайшоўся ён з плачу.

Ох, таты нашы, таты!

У сто разоў вы болей вінаваты

У тым, часамі, за дзяцей,

За што, караючы, б’яце.

2). Аналіз тэксту гутарковага стылю (байка К. Крапіва “Бацька і сын”)

пасля прагляду інсцэніроўкі гэтага твора па пытаннях:

- Якія прыметы гутарковага стылю вы маглі б вылучыць у гэтым тэксце?

- Якая галоўная думка гэтай байкі?

- А на якую яшчэ праблему звяртае ўвагу аўтар?

- Ці згодны вы з тым, што грубыя словы, лаянка, тым больш нецэнзурная лексіка выклікаюць абурэнне, што варта іх пазбягаць у сваім маўленні?

3). Кароткае паведамленне настаўніка пра эксперымент Эмота Масару (уздзеянне слоў і музыкі на структуру вады).

4). Прагляд “відэароліка” "Крышталі вады. Уздзеянне слоў на крышталі вады".

5). Абмеркаванне ўбачанага і пачутага. Вывады вучняў.

6). Інсцэніроўка вучаніцамі дыялогу “Размова з сяброўкай” з выкарыстаннем слэнгу.

- Здароў!

- Хаюшкі!

- Як справы? Памірылася з продкамі?

- Не яшчэ. Пасля таго касяка яны са мной не размаўляюць … А ў цябе як жыццё?

- Усе нішцяк! А! Ты чула, што Ваня на Леру запаў? І нават махач з-за яе ўчыніў! А раней жа з Танькай муціў!

-Не, не чула! Капец!

- Добра, харэ лясы тачыць. Я матэматыку не зрабіла. Пайшлі ў нашага батана скатаем.

- Го хутчэй, пакуль ён у класе, бо зліняе куды…

7). Рэдагаванне вучнямі гэтага дыялогу (праца ў парах або групах).

- Добры дзень!

- Прывітанне!

- Як справы? Памірылася з бацькамі?

- Не яшчэ. Пасля таго выпадку яны са мной не размаўляюць. А ў цябе як жыццё?

- Усё цудоўна! А! Ты чула, што Ваня ў Леру закахаўся? І нават бойку з-за яе ўчыніў! А раней жа з Танькай сустракаўся!

- Не, не чула! Ну і ну!

- Добра, даволі размаўляць! Я матэматыку не зрабіла. Пайшлі ў нашага выдатніка спішам.

- Пайшлі хутчэй, пакуль ён у класе, бо яшчэ пойдзе куды…

8). Абмеркаванне ўбачанага і пачутага. Вывады вучняў аб пажаданасці выключэння са свайго маўлення нікому не патрэбнай слэнгавай лексікі.

VI. Этап кантролю і самакантролю.

Міні-тэст з самаправеркай на выяўленне разумення вывучанага матэрыялу.

Вучні адказваюць толькі “так” ці “не”.

-  1. Гутарковы стыль – адзін з кніжных стыляў маўлення.

-  2. Гутарковы стыль існуе толькі ў вуснай форме.

+ 3. Гутарковы стыль рэалізуецца праз размовы, запіскі, запісы ў асабістым дзённіку.

+ 4. Тэксты гутарковага стылю часта суправаждаюцца жэстамі, мімікай, інтанацыяй.

-  5. Мэта гутарковага стылю – коратка і дакладна паведаміць інфармацыю без выражэння адносін да яе.

+ 6. Для гутарковага стылю характэрны няпоўныя сказы, слова-сказы, пытальныя і клічныя сказы!

-  7. Слэнг – гэта добра, бо дае магчымасць больш ясна выразіць сваю думку.

-  8. Калі гаворыш “не на адзнаку”, то не важна, як ты гэта робіш. Абы зразумела было.

VII. Этап інфармацыі пра дамашняе заданне.

Настаўнік: практыкаванне № 97 (па варыянтах).

VIII. Этап падвядзення вынікаў урока. Ацэнка вучняў настаўнікам з тлумачэннем пастаўленых балаў.

Настаўнік:

Як вы лічыце, ці дасягнулі мы задач, якія паставілі на пачатку ўрока? Ці спатрэбіцца матэрыял, які вы засвоілі на ўроку, у паўсядзённым жыцці? Які асноўны вывад вы для сябе зрабілі?

Адказы: Мэт урока дасягнулі. Спатрэбіцца, таму што мы карыстаемся гутарковым стылем кожны дзень ў зносінах адзін з адным. Не карыстацца ў маўленні нецэнзурнымі словамі. Пажадана выключыць са свайго маўлення нікому не патрэбную слэнгавую лексіку.

Настаўнік:

Я лічу, вы ўсе добра папрацавалі. Вялікі вам дзякуй. Адзнакі на ўроку атрымалі....

IX. Рэфлексія

Настаўнік: Уявіце, што вам неабходна расказаць сябру пра сённяшні ўрок. Якія словы вы выбераце? Пастайце магніт каля аднаго з выказванняў.

1) Урок быў цікавы і незвычайны. Я адчуваў сябе камфортна. Вельмі спадабалася інсцэніроўка аднакласнікаў.

2) Урок быў улётны. Я проста кайфаваў. Сцэнка аднакласнікаў адпадная.

Дадатак 6.

Урок беларускай літаратуры ў 6 класе.

Тэма: Інсцэніроўка п’есы “Цар Ірад”

Мэта і задачы:

- пазнаёміць вучняў з паняццем “батлейка”, яе прызначэннем;

Из за большого объема этот материал размещен на нескольких страницах:
1 2 3 4 5 6 7